статыстычныя работы земстваў па абследаванні сельскай гаспадаркі і сялянскіх промыслаў, уліку надзельнай зямлі для размеркавання земскіх павіннасцей. Падзялялася на асн. і бягучую. Асн. З.с. вывучала эканам. ўмовы і гасп. становішча сялянства (звесткі пра яго колькасць, занятасць, адукацыю, зямельныя даходы, колькасць жывёлы і інш.). Метад збору звестак — падворны перапіс, а таксама выбраныя, т.зв. бюджэтныя абследаванні некат. тыповых сял. гаспадарак. Бягучая З.с. рэгістравала становішча сял. гаспадарак за кожны справаздачны год. У Расіі ўзнікла ў 1870-яг. У Беларусі пачала развівацца пасля ўтварэння ў сак. 1911 губ. земскіх упраў (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і стат. к-таў пры іх, якія правялі ў 1915 перапіс жывёлы ў Мінскай, падворны перапіс жывёлы ў Віцебскай губ., гар. перапіс у Магілёве (1917) і інш., удзельнічалі ва Усерасійскіх с.-г. і пазямельных перапісах 1916 і 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,
легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНЕ́СКА (Ionesco) Эжэн (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),
французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Купалы ў 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Уладзімір Уладзіміравіч (н. 6.6.1952, Мінск),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (ІНК),
самая буйная паліт. партыя ў Індыі. Засн. ў 1885 прадстаўнікамі ліберальных бурж.-памешчыцкіх колаў і заможнай інтэлігенцыі. Напачатку выступала як лаяльная апазіцыя англ.калан. рэжыму. У 1920-яг. пад кіраўніцтвам М.К.Гандзі і Дж.Нэру ўзначаліла нац.-вызв. рух у краіне, ператварылася ў арганізацыйна аформленую масавую партыю з шырокай сац. базай (аснова праграмы — прынцыпы гандзізму). Пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў 1947—77 кіруючая партыя. У 1980—89 і 1991—96 зноў на чале ўлады пад назвай ІНК (I) (ад імя лідэра І.Гандзі) і фарміраваў аднапарт. ўрады. У канцы 1980-х — пач. 1990-х г. страціў большасць у парламенце, але заставаўся самай уплывовай партыяй краіны (да 1991 лідэр Р.Гандзі, пазней Н.П.В.Раа). Арганізаваны паводле адм. прынцыпу. Кіруючыя органы; з’езд, Усеінд. к-т, рабочы к-т. Старшыня партыі (з 1998) — С.Гандзі.
Літ.:
Чичеров А.И. Джавахарлал Неру и независимая Индия: (Очерки общественного развития страны в 50—70-е гг.). М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІТЫВІ́ЗМ,
філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЫ́НСКІ (Każyński) Мацей (1767—29.3.1823),
польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў Мацвей Фёдаравіч (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-яг.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЙЗЕР (Kaiser) Георг (25.11.1878, г. Магдэбург, Германія — 4.6.1945),
нямецкі пісьменнік, адзін з найб. значных прадстаўнікоў экспрэсіянізму. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г. З 1938 у эміграцыі ў Галандыі, Швейцарыі. Вядомы найперш драматург. творамі — камедыі «Іудзейская ўдава» (1905), «Кінараман» (1924), «Напалеон у Новым Арлеане» (1941); драмы «Грамадзяне Кале» (1914), «З раніцы да поўначы» (1916), «Карал» (1918), «Газ» (ч. 1—2, 1918—20), «Двойчы Олівер» (1926), «Два гальштукі» (1930), «Клавітэр», «Англійская рацыя» (абедзве 1940); паліт. п’есы «Скураныя галовы» (1928), «Місісіпі» (1930), «Салдат Танака» (1940); драм. трылогія «Двойчы Амфітрыён», «Пігмаліён», «Белерафон» (1948). Аўтар раманаў «Досыць» (1932), «Віла Аўрэа» (1940), шэрагу паэт. зборнікаў. У творах пераважаюць тэмы адзіноты чалавека, яго безабароннасці перад гіст. і сац. катаклізмамі. Паэтыка адметная кампазіцыйнай сіметрычнасцю, лаканічнасцю і рытмізаванасцю мовы, гратэскавасцю сітуацый, універсальнасцю вобразаў-сімвалаў. Многія п’есы напісаны ў форме «я-драмы», або «драмы-крыку», пашыранай у экспрэсіянісцкім мастацтве.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. М.;
Пг., 1923.
Літ.:
Экспрессионизм. М., 1966;
Куликова И.С. Экспрессионизм в искусстве. М., 1978.