СЛУ́ЦКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18—сярэдзіне 19 ст. Назва ад г. Слуцк Мінскай вобл., дзе яны вырабляліся на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Напачатку С.п., як і нясвіжскія, капіравалі ўзоры, што прывозілі з Б.​Усходу, потым сталі ўключаць у арнамент нац. матывы, кветкі мясц. флоры — васількі, незабудкі і інш. З 1750-х г. у Нясвіжскай, пасля ў Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар Я.​Маджарскі (гл. ў арт. Маджарскія), які распрацаваў новы тып пояса — слуцкі, назва якога стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязь з усх. ўзорамі паступова страчвалася. С.п. мелі гарманічныя суадносіны частак, выпрацавалася выразная ўстойлівая структура арнаменту. Бел. майстры перанялі і творча перапрацавалі ўсх. рамяство, надалі яму мясц. характар. Ткалі С.п. даўжынёй 2—4,5 м з шаўковых, залатых, сярэбраных нітак (т.зв. літыя паясы, правы бок іх быў цалкам затканы залатой ніткай, якая закрывала шаўковую аснову). Рабілі паясы аднабаковыя (з адваротным бокам), 2-баковыя (абодва бакі правыя ці адзін двухбаковы і адзін адваротны) і 4-баковыя (па ўсёй даўжыні былі падзелены на палавіны з утком рознага колеру). Пояс складаўся з сярэдніка, аблямоўкі і 2 канцоў. Сярэднік арнаментаваўся папярочнымі гладкімі ці ўзорыстымі палосамі, радзей узор быў сеткавы, у гарошак і інш. Па краях пояса ішла арнаментальная аблямоўка (шлячок). Канцы мелі складаную арнаментоўку, найчасцей з 2 матывамі. Найб. тыповыя матывы: авал, абкружаны лісцем са сцяблінкамі і кветкамі; кветкі на доўгі сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з ваз; букеты кветак з хвалепадобным абрамленнем. На рагу пояса з абодвух бакоў ткалася метка на стараслав. ці лац. мовах («Слуцк», «У горадзе Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»). Канцы пояса часта абшывалі махрамі. Шаўковыя паясы на ўзор слуцкіх выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкове і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі.

Літ.:

Якуніна Л.І. Слуцкія паясы. Мн., 1960.

Дз.​С.​Трызна.

Слуцкія паясы.

т. 15, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯВІ́ЧЫ,

горад, цэнтр Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Пліса. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Чэрвенем, Лагойскам, Смілавічамі, Самахвалавічамі. За 55 км на У ад Мінска. 14 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 1448 як уласнасць крэўскага намесніка Алёхны Даргіевіча. У 1508 мястэчка Мінскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. К.​Астрожскага, з 2-й пал. 16 ст. — Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. С. пацярпелі ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у Паўночную вайну 1700—21. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Барысаўскага пав. У пач. 19 ст. тут існаваў княжацкі палац (згарэў у 1819). У 1871 каля С. пабудавана станцыя Вітгенштэйнаўская на пракладзенай чыгунцы Масква—Брэст. У 1897 у мястэчку 2757 ж., 299 двароў, вал. ўправа, земскае нар. вучылішча (з 1863), 2 царквы, капліца, паштова-тэлегр. аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вырабе адзення і абутку, 8 кузняў. У пач. 20 ст. адбыліся забастоўкі рабочых і сял. хваляванні. З 17.7.1924 цэнтр Смалявіцкага р-на, да 24.9.1926 — сельсавета Мінскай акр. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6,8 тыс. ж. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут больш за 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. ахвяр; дзейнічала Смалявіцкае патрыятычнае падполле «Чырвоны Сцяг». Вызвалены 2.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Мінскім р-не. З 7.3.1968 горад, у 1998 атрымаў герб.

Працуюць заводы: шасцерняў, жалезабетонных вырабаў, мех., малочны, хлебазавод, камбінаты харч. і каап. прам-сці, лясгас, буд. і маш.-буд. прадпрыемствы; ПТВ, 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, Дом нар. творчасці, кінатэатр, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, лётчыкам, супрацоўнікам міліцыі.

Т.​Ю.​Шчурко.

Горад Смалявічы. Цэнтральная плошча.

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́ЛАВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., На р. Волма. На аўтадарозе Мінск—Магілёў, аўтадарогамі злучаны з Рудзенскам і Смалявічамі. За 21 км ад чыг. ст. Рудзенск на лініі Мінск—Асіповічы, за 30 км на З ад г. Чэрвень, за 32 км на ПдУ ад Мінска. 5,1 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 1592 як вёска Мінскага пав. ВКЛ. Уласнасць Бакштанскіх, Кежгайлаў, Сапегаў, Завішаў, Агінскіх, з 1791 Манюшкаў. У С. бытавалі разнастайныя рамёствы і промыслы. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, з 1795 цэнтр воласці Ігуменскага пав. У 1897 у С. 3498 ж., 498 двароў, вал. ўправа, 2 земскія нар. вучылішчы, 2 царк.-прыходскія школы, паштовая станцыя (з 1797), 2 царквы, касцёл, капліца, мячэць, 5 яўр. малітоўных дамоў, суконная ф-ка, 2 млыны, хлебазапасны магазін, некалькі гарбарняў, 58 дробных крам, 2 карчмы, 9 піцейных дамоў, штотыднёвыя таргі. З вер. 1923 у Чэрвеньскім пав. У 1924—31 і 1935—38 вёска, цэнтр Смілавіцкага раёна, у 1931—35 у Пухавіцкім р-не. У 1924—26 і з 1938 цэнтр сельсавета. З 1938 у Рудзенскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут больш за 2 тыс. жыхароў. З 1960 у Чэрвеньскім р-не. З 2.11.1963 гар. пасёлак.

Працуюць: валюшна-лямцавая ф-ка, гарбарны з-д, прадпрыемства камунальных паслуг, цэх апрацоўкі футра, мех. майстэрні, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, ПТВ, 2 сярэднія і муз. школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, кінатэатр, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі; дзейнічаюць царква, мячэць, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік настаўнікам і вучням, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Смілавіцкі палацавы комплекс.

Г.​І.​Дулеба.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ТНЯ,

1) грамадская і ваенная арг-цыя ў германцаў і шэрагу інш. народаў Еўропы ў перыяд пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму. Нар. сходы С. пад старшынствам выбарнага сотніка вырашалі адм., суд. і інш. пытанні, з пачаткам вайны вылучалі пэўныя сілы і сродкі для апалчэння. У краінах кантынент. Еўропы зніклі ў працэсе феадалізацыі; у Англіі паступова падпарадкаваны каралеўскай уладзе ў асобе яе прадстаўніка і ў якасці адм.-тэр. адзінкі (некалькі С. складалі графства) з абмежаванымі адм.-паліцэйскімі функцыямі захоўваліся да канца 19 ст. 2) Вайсковае падраздзяленне, арганізац. і баявая адзінка, якая звычайна налічвала 100 чал. У войску Кіеўскай Русі і шэрагу інш. княстваў, у т. л. на Беларусі, С. ствараліся з гар. і сельскага апалчэння. У рус. раці С. дзейнічалі ў складзе палка або самастойна. У 16—17 ст. 5 С. складалі полк стралецкага войска. У казацкіх палках Рас. імперыі конная С. колькасна адпавядала эскадрону рэгулярнай кавалерыі, пешая — пяхотнай роце.

3) Частка гарадской абшчыны ў феад. Беларусі, вылучаная з вайск. і фіскальнымі мэтамі. Соценны падзел у гарадах Беларусі адпавядаў вечавой арг-цыі гар. самакіравання ў дамангольскі перыяд. У ліку гал. абавязкаў членаў С. былі работы на замкавых аб’ектах і іх абарона ад нападаў праціўніка. Соценны падзел у некат. гарадах Беларусі існаваў да пач. 18 ст. 4) Адм.-тэр. і вайск. адзінка на Украіне ў 16—18 ст. Узнікла ў сувязі з утварэннем войска рэестравых казакоў і складала частку палка. У 1648—54 палкавое і соценнае ўладкаванне пашырылася на ўсю Украіну. З зацвярджэннем у 1781 палажэння аб губернях С. як адм.-тэр. адзінка скасавана.

5) Саслоўна-карпаратыўная арганізацыя купецтва і гандлёва-рамеснага насельніцтва на тэр. Стараж. Русі, Расіі, Украіны, Беларусі і інш. ў 11—18 ст. (гл. Сотні).

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́НСЕР (Spencer) Герберт (27.4.1820, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 8.12.1903),

англійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; адзін з пачынальнікаў пазітывізму, дарвінізму сацыяльнага, арганічнай школы ў сацыялогіі, прадстаўнік асацыянізму. У 1837—41 працаваў інжынерам на чыгунцы. У 1848—53 супрацоўнічаў у час. «Economist» («Эканаміст»). Філас. погляды С. фарміраваліся пад уплывам А.​Конта, Д.​Юма, Дж.​С.​Міля, кантыянства, натурфілас. ідэй Ф.​В.​Шэлінга і шатландскай школы. Пад філасофіяй разумеў максімальна абагульненыя веды, заснаваныя на канкрэтных навуках. Падзяляў свет на пазнавальнае і непазнавальнае і лічыў, што навуцы даступна пазнанне толькі падабенства і адрозненняў паміж з’явамі, а не іх сутнасць. Стрыжань вучэння С. — вучэнне пра ўсеагульную эвалюцыю. Пад эвалюцыяй разумеў бесперапынны рух цялесных часцінак, які прыводзіць да росту ўнутр. дыферэнцыяцыі і адначасова да інтэграцыі. Эвалюцыянізмам тлумачыў усе з’явы — ад неарганічных да сац. і маральных. Свядомасць разглядаў як працэс, які развіваецца ад бязладнай гамагеннасці да гетэрагеннасці і выконвае функцыю адаптацыі арганізма да асяроддзя. Асн. элементамі свядомасці лічыў адчуванні і эмоцыі, якія шляхам ускладнення ператвараюцца ў прадукты вышэйшага парадку. Дынаміку псіхічных працэсаў тлумачыў прынцыпам асацыяцый: асацыяцыі, звязаныя з пачуццём задавальнення, замацоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленням, а звязаныя з адмоўнымі пачуццямі — нівеліруюцца. Сац. структуру грамадства трактаваў па аналогіі з пабудовай і функцыяй жывога арганізма. На яго думку, сац. арганізм складаецца з 3 сістэм: рэгулятыўнай (сац. кантроль, паліт. кіраванне), вытворчай і размеркавальнай. Сутнасць грамадскага прагрэсу бачыў у дасягненні асобай найб. свабоды і звядзенні да мінімуму механізмаў сац. кантролю і кіравання, у пераходзе ад мех. прымусу індывідаў да іх арган. аб’яднання на аснове агульных інтарэсаў. Выступаў супраць ідэй сацыялізму, рэвалюцыю лічыў небяспечнай хваробай сац. арганізма. Вучэнне С. паўплывала на развіццё сучаснай сацыялогіі (культурантрапалогія, сацыябіялогія, структурна-функцыянальны аналіз) і псіхалогіі (параўнальна-псіхал. даследаванні паводзін, функцыянальная псіхалогія).

Тв.:

Рус. пер. — Синтетическая философия. Киев, 1997;

Основания психологии // Ассоциативная психология. М., 1998;

Опыты научные, политические и философские. Мн., 1999.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАДЫЁН (ад грэч. stadion месца для спаборніцтваў),

збудаванне для правядзення спаборніцтваў і трэніровак па розных відах спорту. Мае спарт. арэну (ігравое поле, бегавыя дарожкі, сектары для лёгкай атлетыкі), трыбуны для гледачоў, спарт. пляцоўкі з дапаможнымі збудаваннямі і памяшканнямі. Падзяляюцца на малыя (плошча 5—10 га, трыбуны на 1,5—3 тыс. месцаў), сярэднія (плошча 15—20 га, трыбуны на 10—12 тыс. месяцаў) і вял. (плошча больш за 25 га, трыбуны больш як на 25 тыс. месцаў).

Першыя С. будавалі ў Стараж. Грэцыі ў Алімпіі, Афінах, Дэльфах і інш. гарадах для правядзення Алімп. гульняў. Пасля адраджэння гульняў у 1896 С. будуюць у многіх краінах. Яны ўтвараюць комплексы збудаванняў для аздараўлення, навучальна-трэніровачных заняткаў, спарт. спаборніцтваў па розных відах спорту. У 1950—60-я г. атрымалі пашырэнне крытыя С. Самы буйны ў свеце адкрыты С. — Страгаўскі ў Празе (1934; 240 тыс. гледачоў). Найб. вядомыя С. 2-й пал. 20 ст. — алімп. ў Рыме і Мюнхене (Германія), Уімблдан і Уэмблі ў Лондане, «Ноу Камп» у Барселоне (Іспанія), спарт. комплексаў «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.

На Беларусі (у Мінску і абл. цэнтрах) у 1920—30 пабудавана 14 С.; у Вял. Айч. вайну ўсе разбураны; пасля вайны адноўлены, пабудаваны новыя. Існуюць 220 С. з трыбунамі ад 1,5 тыс. да 50 тыс. месцаў (2001). Найбольшыя С.; у Мінску — «Дынама», «Трактар» (пабудаваны ў 1968, рэканструяваны ў 1978 і 1998, 25 тыс. месцаў); у Брэсце — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1951, 10,6 тыс.), «Лакаматыў» (1972, 3 тыс.); у Віцебску — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1980—86, 5 тыс.), «Лакаматыў» (1964, 1,5 тыс.); у Гомелі — «Лакаматыў» (1926, 15 тыс.), «Гомсельмаш» (1966, 9,7 тыс.); у Гродне — «Нёман» (1963, 15 тыс.); у Магілёве — «Спартак» (1956, рэканструяваны ў 1982, 12 тыс.).

Стадыён у Барселоне.

т. 15, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАЛА́»,

«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.

Прымхлівае шанаванне камянёў было не толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.

На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).

А.​Ю.​Лозка.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАСБУ́Р, Страсбург (Strasbourg),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ніжні Рэйн і гал. горад гіст. правінцыі Эльзас. Каля 260 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Іль у Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш-буд., тэкст., дрэваапр., нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Месца знаходжання Савета Еўропы (з 1949), Еўрапейскага парламента, Еўрап. суда па правах чалавека і інш. еўрап. устаноў.

Засн. стараж. рымлянамі ў 16 г. н.э. як ваен. лагер Аргентаратум. Назва С. вядома з канца 6 ст. Развіццю горада спрыяла яго зручнае геагр. размяшчэнне на перакрыжаванні гандл. шляхоў. З 498 у складзе Франкскай дзяржавы, з 843 — Латарынгіі, з 870 — Усх.-Франкскай дзяржавы, пазней — «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 974—982 належаў сеньёру-біскупу. Каля 1150 атрымаў гар. права. У 1262 вызваліўся з-пад панавання біскупа, стаў імперскім горадам. З 1381 чл. Рэйнскага саюза гарадоў. У 15—16 ст. цэнтр ідэй гуманізму (С.​Брант і інш.) і рэліг. Рэфармацыі; тут узнікла еўрап. кнігадрукаванне (гл. І.​Гутэнберг). У 1621 засн. ун-т. З 1681 горад пад уладай Францыі (юрыдычна паводле Рысвікскага міру 1697), з 1682 адм. цэнтр яе прав. Эльзас. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі, адм. цэнтр яе зямлі Эльзас-Латарынгія. Пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1940—44).

Сярод помнікаў архітэктуры: гатычныя — сабор Нотр-Дам (11—16 ст.; познараманскі хор, 1176—1250; скульпт. ўбранне парталаў і гал. фасада, 13 ст.; вітражы 12—14 ст.), храмы Сен-Тама (13—14 ст.), Сен-П’ер-ле-В’ё (1381—1475) і інш., барочны епіскапскі палац (1722—28), ратуша (1730), жылыя дамы 14—17 ст., асабнякі ў стылі класіцызму. Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтва (у палацы Раанаў, 18 ст.), «Эўр Нотр-Дам». Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Страсбур. Набярэжная ракі Іль.
Страсбур. Сабор Нотр-Дам.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАХІ́МІЯ (ад стэрэа... + хімія),

раздзел хіміі, які даследуе фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў у сувязі з прасторавай будовай хім. часціц, з якіх яны складаюцца. Найважн. задача С. — атрыманне індывід. стэрэаізамераў, вызначэнне іх прасторавай будовы і вывучэнне ўласцівасцей. Прасторавая будова малекул істотна ўплывае на біял. актыўнасць рэчываў (напр., вызначае фармакалагічнае дзеянне шэрагу лек. прэпаратаў), таму важнае практычнае значэнне мае атрыманне энантыямерна чыстых злучэнняў, што з’яўляецца асн. задачай спец. раздзела С. — стэрэаселектыўнага сінтэзу.

Фундаментальнымі ў С. з яўляюцца паняцці канфігурацыі (гл. Канфігурацыя ў хіміі) і канфармацыі, якія поўнасцю апісваюць прасторавую будову хім. часціц. Канфігурацыя паказвае пэўнае прасторавае размяшчэнне атамаў адносна элементаў упарадкаванасці (цэнтраў, восей або плоскасцей). Канфармацыі характарызуюць любыя формы існавання часціцы пэўнай будовы і канфігурацыі, якія дасягаюцца без парушэння яе цэласнасці. Канфармацыі малекул вывучае адзін з асн. раздзелаў С. — канфармацыйны аналіз. С. непасрэдна звязана са стэрэаізамерыяй, ці прасторавай ізамерыяй, якая заключаецца ў розным прасторавым размяшчэнні некат. структурных фрагментаў адпаведных ізамераў пры поўнай ідэнтычнасці саставу і паслядоўнасці злучэння іх атамаў. Стэрэаізамеры, якім уласціва хіральнасць (такія ізамеры адносяцца адзін да аднаго як аб’ект і несумяшчальны з ім яго адбітак у ідэальна плоскім люстэрку) наз. аптычнымі антыподамі ці энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), усе астатнія стэрэамеры наз. дыястэрэамерамі. Гісторыя С. пачалася ў 1815 з адкрыцця франц. фізікам Ж.​Б.​Біо аптычнай актыўнасці шэрагу арган. злучэнняў у растворах. Станаўленне С. звязана з працамі Л.​Пастэра, Я.​Вант-Гофа (гл. Я.Х.Гоф вант), Ж.А.Ле Беля, А.Вернера, К.Інгалда, У.Прэлага і інш. Значны ўклад у развіццё С. зрабілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Д.Х.​Р.​Бартан, Дж.​У.​Корнфарт, О.​Хасель, японскі хімік Р.​Наёры, амер. вучоныя У.​Ноўлс і Б.​Шарплес. Гл. таксама Арганічная хімія.

Літ.:

Ногради М. Стереохимия: Основные понятия и приложения: Пер. с англ. М., 1984;

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

Ц.​А.​Шаўчук.

т. 15, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)