СТЭРЭАХІ́МІЯ (ад стэрэа... + хімія),
раздзел хіміі, які даследуе фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў у сувязі з прасторавай будовай хім. часціц, з якіх яны складаюцца. Найважн. задача С. — атрыманне індывід. стэрэаізамераў, вызначэнне іх прасторавай будовы і вывучэнне ўласцівасцей. Прасторавая будова малекул істотна ўплывае на біял. актыўнасць рэчываў (напр., вызначае фармакалагічнае дзеянне шэрагу лек. прэпаратаў), таму важнае практычнае значэнне мае атрыманне энантыямерна чыстых злучэнняў, што з’яўляецца асн. задачай спец. раздзела С. — стэрэаселектыўнага сінтэзу.
Фундаментальнымі ў С. з яўляюцца паняцці канфігурацыі (гл. Канфігурацыя ў хіміі) і канфармацыі, якія поўнасцю апісваюць прасторавую будову хім. часціц. Канфігурацыя паказвае пэўнае прасторавае размяшчэнне атамаў адносна элементаў упарадкаванасці (цэнтраў, восей або плоскасцей). Канфармацыі характарызуюць любыя формы існавання часціцы пэўнай будовы і канфігурацыі, якія дасягаюцца без парушэння яе цэласнасці. Канфармацыі малекул вывучае адзін з асн. раздзелаў С. — канфармацыйны аналіз. С. непасрэдна звязана са стэрэаізамерыяй, ці прасторавай ізамерыяй, якая заключаецца ў розным прасторавым размяшчэнні некат. структурных фрагментаў адпаведных ізамераў пры поўнай ідэнтычнасці саставу і паслядоўнасці злучэння іх атамаў. Стэрэаізамеры, якім уласціва хіральнасць (такія ізамеры адносяцца адзін да аднаго як аб’ект і несумяшчальны з ім яго адбітак у ідэальна плоскім люстэрку) наз. аптычнымі антыподамі ці энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), усе астатнія стэрэамеры наз. дыястэрэамерамі. Гісторыя С. пачалася ў 1815 з адкрыцця франц. фізікам Ж.Б.Біо аптычнай актыўнасці шэрагу арган. злучэнняў у растворах. Станаўленне С. звязана з працамі Л.Пастэра, Я.Вант-Гофа (гл. Я.Х.Гоф вант), Ж.А.Ле Беля, А.Вернера, К.Інгалда, У.Прэлага і інш. Значны ўклад у развіццё С. зрабілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Д.Х.Р.Бартан, Дж.У.Корнфарт, О.Хасель, японскі хімік Р.Наёры, амер. вучоныя У.Ноўлс і Б.Шарплес. Гл. таксама Арганічная хімія.
Літ.:
Ногради М. Стереохимия: Основные понятия и приложения: Пер. с англ. М., 1984;
Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.
Ц.А.Шаўчук.
т. 15, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)