НАВІ́ЦКІ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 21.11.1939, в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990). Скончыў БДУ (1966). У 1966—71 на камсамольскай рабоце, у 1975—84 нам. сакратара парткома АН Беларусі, з 1984 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, з 1996 заг. аддзела гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі. Даследуе пытанні грамадска-паліт. жыцця ў сав. час, гісторыю бел. культуры і канфесій у 19—20 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Нарысы гісторыі Ленінскага камсамола Беларусі» (1975), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 4, 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.)» (1998).
Тв.:
Участие Ленинского комсомола Белоруссии в борьбе за подъем народного образования (1920—июнь 1941 гг.). Мн., 1979 (разам з Я.К.Новікам);
Комплексный подход к воспитанию трудящихся: (На материалах БССР). Мн., 1981;
Человеческий фактор: пути активизации: (На материалах БССР).
Мн., 1987; Белорусская ССР: курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з І.Я.Марчанкам); Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мл., 1997 (разам з Л.М.Лычом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЭ́ЖНЫ (Васіль Трафімавіч) (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.Гогаля.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАХІ́МАЎ Павел Сцяпанавіч [5.7.1802, с. Гарадок (б.с. Гарадок на тэр. сучаснага Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.7.1855], расійскі флатаводзец. Адмірал (1855). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1818), служыў на Балт. флоце. Удзельнік кругасветнага плавання на фрэгаце «Крэйсер» пад камандаваннем М.П.Лазарава (1822—25), Наварынскай бітвы 1827, рус.-тур. вайны 1828—29. Камандаваў фрэгатам «Палада» (з 1829), потым на Чарнаморскім флоце лінейным караблём «Сілістрыя» (з 1834), брыгадай караблёў (з 1845), флоцкай дывізіяй (з 1852). У Крымскую вайну 1853—56 разграміў гал. сілы тур. флоту ў Сінопскай бітве 1853, адзін з кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55 (з лют. 1855 камандзір Севастопальскага порта і ваен. губернатар). 10.7.1855 смяротна паранены на Малахавым кургане. Помнік у Севастопалі (з 1959) і бюст у Вязьме (з сярэдзіны 1990-х г.). У СССР у 1944—91 існавалі ваен. ўзнагароды — ордэн Н. 1-й і 2-й ступеняў і медаль Н. Імем Н. названы шэраг баявых караблёў сав. і рас.ВМФ. З 1955—56 у С.-Пецярбургу дзейнічае Нахімаўскае вучылішча.
Літ.:
Адмирал Нахимов: Док. и очерки. Калининград, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (25.7.1903, в. Енцы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 27.12.1984),
бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Акад.АН Беларусі (1956), д-рбіял.н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1931). З 1937 вучоны сакратар, заг. ад дзела Цэнтр.бат. сада, з 1940 заг. аддзела, нам. дырэктара, в.а. дырэктара Ін-та біялогіі АН Беларусі. З 1956 акад.-сакратар Аддзялення біял. навук і заг. аддзела Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі, з 1969 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1973 навук. кансультант, з 1975 заг. лабараторыі Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Даследаваў марфалогію і біял. асаблівасці насення і пладоў, распрацаваў тэорыю і практыку раянавання тэр. Беларусі з мэтай інтрадукцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Акклиматизация древесных растений в зеленом строительстве и лесном хозяйстве Белорусской ССР. Мн., 1950;
Интродуиированные деревья и кустарники в Белорусской ССР. Вып. 1—3. Мн., 1959—61 (у сааўт.);
Интродукционные районы и древесные растения для зеленого строительства в Белорусской ССР;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА (Аляксандр Андрэевіч) (н. 6.8.1935, с. Падгорнае Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
расійскі і бел.літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1959 выкладаў у Чымкенцкім (у 1965—66 заг. кафедры), Калужскім пед. ін-тах. З 1989 у Віцебскім ун-це. Навук. працы па гісторыі рус. л-ры 19 ст., творчасці Л.Талстога, тэорыі л-ры, эстэтыцы. Аўтар кн. «Аўтарскі пачатак у эпічным творы» (1982), «Л.М.Талстой і руская літаратура» (2000), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Тэорыя літаратуры і метадалогія аналізу мастацкага твора» (1993), «Руская літаратура ў кантэксце сусветнай» (1998, у сааўт.), «Навукова-метадычныя матэрыялы літаратуразнаўчага цыкла» (1999. ў сааўт.).
Тв.:
Проблема «авторского начала» в художественном творчестве Л.Н.Толстого // Вопр. философии. 1984. №7;
Рассказ — повесть — роман: динамика жанров и повествование в художественной прозе Л.Н.Толстого // Жанр и творческая индивидуальность. Вологда. 1990;
Луначарский читает Достоевского и Бахтина: Опыт объективного анализа // Диалог. Карнавал. Хронотоп. 1999. № 3;
Ф.М.Достоевский и Л.Н.Толстой как мыслители и художники // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. 2000. № I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА (Васіль Барысавіч) (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар.Нац.АН (1972), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;
Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.Я.Твяркоўкіным);
Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;
Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (сапр.Валянская) Галіна Яўгенаўна
(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),
руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед.ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.Радзінскім) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1987—88;
Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.
Літ.:
Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;
Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.Е.Николаевой. Томск, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус.царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус.хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л.бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).