ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),
бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел.муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел.т-ва драмы і камедыі, Бел.сав.т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),
італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян.т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян.нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац.акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак.партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНГО́Р ((Senghor) Леапольд Седар) (н. 9.10.1906, г. Жааль, Сенегал),
дзяржаўны дзеяч Сенегала, філосаф і паэт; піша на франц. мове. Чл. Французскай акадэміі (1983). Скончыў філал.ф-т Сарбоны. У 1935—39 і 1942—58 выкладаў у розных навуч. установах Францыі. У 2-ю сусв. вайну ў франц. арміі, у 1940 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк у 1942. У 1936—48 чл.Франц.сацыяліст.партыі.
У 1948 заснаваў Дэмакр. блок Сенегала (з 1959 — Прагрэсіўны саюз Сенегала), яго ген. сакратар. З 1945 дэпутат Устаноўчага сходу Францыі, у 1946—58 — Нац. сходу Францыі ад Сенегала. Актыўны дзеяч руху панафрыканізму, прапанаваў ідэю негрыцюду — своеасаблівасці афр. культуры. У 1959—60 старшыня Федэральнай асамблеі Федэрацыі Малі. З вер. 1960 прэзідэнт незалежнага Сенегала. Распрацаваў канцэпцыю «афр. сацыялізму», блізкую да ідэй еўрап. сацыял.-дэмакратыі. Ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду і курс на пабудову рыначнай эканомікі. 31.12.1980 падаў у адстаўку з усіх дзярж. пасад. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, філас. прац.
Тв.:
Рус.пер. — Песнь ночи и солнца: Избр. стихи. М., 1965;
Избр. лирика. М., 1969.
Літ.:
Ерасов Б.С. Леопольд Сенгор и его концепция культуры // Народы Азии и Африки. 1967. №2;
Петрова Т.М. Поэзия Л.С.Сенгора как отражение его идейных исканий // Там жа. 1973. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА (АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст.партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталі афіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ.М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),
украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл.зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.
Літ.:
Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́ЎСКІЯ,
удзельнікі вызв. руху ў Беларусі і Літве ў сярэдзіне 19 ст. і паўстання 1863—64. Дзеці дробнага шляхціца Дамініка Далеўскага, які валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім пав.
Францішак (1825, фальварак Руднікі Лідскага пав. — 25.4.1904), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849—60 у турме, на катарзе і ў ссылцы ў Сібіры. Напярэдадні і ў час паўстання адзін з кіраўнікоў партыі«белых», чл.Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. У чэрв. 1863 арыштаваны, засуджаны на 20 гадоў катаргі. З 1883 у Варшаве.
Аляксандр (24.1.1827, Кункулка — 26.4.1862), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849 арыштаваны, у 1850—58 на катарзе, у сібірскай ссылцы. Памёр у Вільні ад сухотаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.
Канстанцін (1837, Кункулка — 27.5.1871). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, каморнік. Удзельнік паўстання 1863—64 на Ковеншчыне — змагаўся ў атрадах З.Серакоўскага, І.Ляскоўскага, А.Мацкявічуса, камандаваў асобным атрадам, паранены. Потым у эміграцыі. У час Парыжскай камуны 1871 расстраляны версальцамі.
Цітус (13.5.1840, Кункулка — 11.1.1864), удзельнік рэв. студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ун-тах. З лета 1863 найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем. Арыштаваны, публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Апалонія (1841, Кункулка — пасля 1915), жонка Серакоўскага. У час паўстання 1863—64 выслана ў Ноўгарад. З 1867 у Варшаве, займалася грамадскай дзейнасцю. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБКП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст.партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т «СВАБО́ДНАЯ ГЕРМА́НІЯ»
(НКСГ; Nationalkomitee «Freies Deutschland»),
кіруючы орган руху ням. антыфашыстаў у 2-ю сусв. вайну. Засн. па ініцыятыве ЦККамуніст.партыі Германіі і з дазволу сав. улад 12—13.7.1943 на ўстаноўчай канферэнцыі ў г. Краснагорск (Маскоўская вобл.) ням. эмігрантамі і ваеннапалоннымі ў складзе 38 чал. Прэзідэнт к-та ў 1943—45 паэт Э.Вайнерт, у ліку членаў к-та І.Р.Бехер, В.Пік, В.Ульбрыхт. У сваіх газетах, лістоўках, радыёперадачах (на фронце і праз гукаўзмацняльнікі) заклікаў вайскоўцаў вермахта і герм. народ усімі магчымымі сродкамі змагацца супраць гітлераўскага рэжыму, спыніць баявыя дзеянні дзеля дасягнення «ганаровага міру», стварыць новую Германію на свабодных, мірных і незалежных пачатках; праводзіў таксама антыфаш. агітацыю ў сав. лагерах для ням. ваеннапалонных. Непасрэдна на фронце меў групы ўпаўнаважаных і давераных асоб пры сав. арміях, карпусах, дывізіях, а таксама пры некаторых партыз. злучэннях. З вер. 1943 узаемадзейнічаў з антыфаш. Саюзам нямецкіх афіцэраў. Замежныя арг-цыі к-та існавалі ў Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, Грэцыі, Мексіцы, ЗША. У сак.—ліп. 1944 2 групы к-та дзейнічалі на тэр. Беларусі (Баранавіцкая, Вілейская, Мінская вобл.). НКСГ самараспусціўся 2.11.1945 пасля ўтварэння ва Усх. Германіі блока антыфаш.-дэмакр. партый. У 1985 у Краснагорску створаны Мемарыяльны музей ням. антыфашыстаў.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.