ГАДО́ГРАФ (ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),
1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам , то гадограф вектара — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара , паскарэнне — па датычнай да гадографа вектара скорасці .
2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ ВІНАГРА́Д (Vitis sylvestris),
лясны вінаград, дзікі еўрап.-азіяцкі від вінаграду. Паводле інш. уяўленняў, падвід або форма вінаграду культурнага — звычайнага (V. vinifera) ці яго здзічэлая форма, магчыма, продак. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе, Закарпацці, Прыднястроўі, Крыме, на Каўказе, у Малой, Сярэдняй і Зах. Азіі. Расце дзіка ў далінах рэк, поймавых лясах, у хмызняках і на камяністых схілах.
Двухдомная лістападная ліяна або куст, які сцелецца, з лазячымі парасткамі даўж. да 10 м і дыям. 10—15 см. укрытымі буравата-шэрай карой. Лісце амаль цэласнае, 3—5-лопасцевае, круглаватае, ныркападобнае, па краі няроўна буйназубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, зеленаватыя, сабраныя ў складаныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — чорная, з шызым налётам, зрэдку белая ягада. Харч., вітамінаносная расліна, выкарыстоўваецца ў селекцыі культ. сартоў вінаграду. Дз. в.часамназ. расліны з роду дзявочы вінаград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГО́НЫ, гвалты,
адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),
1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).
2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).
3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш.Гл. таксама Калектарная машына.
4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).
5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.
6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл.Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.
7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШУ́БСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (лехіцкая падгрупа). Пашырана ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяв. Польшчы. Блізкая да польскай мовы (некат. мовазнаўцы лічаць яе польск. дыялектам). Мае 2 дыялекты: паўночны і паўднёвы. Спецыфічныя асаблівасці: ужыванне галоснага «i» замест «ę», часам захаванне праслав. «tǎrt» без пераходу ў «trot», зацвярдзенне мяккіх «ś», «ź», «ć», і інш. На працягу 13—20 ст. зазнала значны ўплыў нямецкай мовы. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца канцом 16 ст., выдавалася рэліг., маст.л-ра, рабіліся спробы ўнармавання літ. мовы. Сучасная літ. мова ўжываецца абмежавана.
Літ.:
Atlas językowy kaszubszczyzny i dialektów sąsiednich. Z. 1—15. Wrocław etc., 1964—78;
Sychta B. Słownik gwar kaszubskich na tle kultury ludowej. T. 1—7. Wroclaw etc., 1967—76;
Popowska-Taborska H. Kaszubszczyzna. Warszawa, 1980;
Popowska-Taborska H., Boryś W. Leksyka kaszubska na tle słowiańskim. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАУНА́ДА,
цыркавы жанр, заснаваны на прыёмах эксцэнтрыкі, буфанады, гратэску, пародыі, якімі карыстаюцца ў сваіх выступленнях артысты-клоуны.
Вытокі К. ў ант. пантамімах, нар. фарсах. Традыц. маска «белага клоуна» запазычана з італьян. камедыі дэль артэ, франц. і англ. плошчавых т-раў, «рыжага клоуна» (Аўгуста ў Еўропе) — ад нар. блазнаў. На канфлікце паміж «белым» і «рыжым» клоунамі будуюцца т.зв.антрэ. У стараж. Русі элементы К. прысутнічалі ў выступленнях скамарохаў. Клоуны з 17—18 ст. удзельнічалі ў прадстаўленнях коннікаў, канатаходцаў, дрэсіраваных жывёл і інш. З часам набылі сатырычнае і публіцыст. гучанне.
Клоунаў падзяляюць на сола-клоунаў, «дывановых», клоунаў-буф. У развіццё К. значны ўклад зрабілі клоуны Б.Саўндэрс, Ж.Б.Арыёль, Дж.Грымальдзі, К.Ф.Ларан, Кватліц, Т. і Дж. Джэксан, Грок, Карандаш, А.Папоў, Ю.Нікулін, Ю.Куклачоў, А.Варанецкі, Ф.Гулевіч, дынастыі Фратэліні, Дуравых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЦІЁНАЎ (Аляксандр Іванавіч) (29.5.1910, г. Растоў-на-Доне, Расія — 14.3.1972),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Нар.маст. Расіі (1969). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1932—38) у І.Бродскага. Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1936—44) і Маскоўскім завочным пед. ін-це (1967—70, з 1968 праф.). Працаваў пераважна ў жанравай карціне і партрэце. Творам уласцівы высокае майстэрства і дакладнасць малюнка, ілюзорна-дакладная перадача прадметнага аблічча, часам натуралістычнасць. Сярод твораў: аўтапартрэт (1945), «Ліст з фронту» (1947), «Забяспечаная старасць» (1958—60), «Подзвіг навукоўца» («Пасля аперацыі», 1962—65); графічныя партрэты В.Качалава, В.Кніпер-Чэхавай (абодва 1940), І.В.Курчатава (1955) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1948 Дзярж. прэмія Расіі імя І.Рэпіна 1971.
Тв.:
Техника советской портретной живописи. М., 1961 (разам з А.У.Вінерам).