АПО́ВЕСЦЬ,
празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.
Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл. Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж. бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».
У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.Дастаеўскага, «Стэп» А.Чэхава, трылогіі Л.Талстога, М.Горкага і інш.
Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько, «Зона маўчання» С.Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.Сачанкі, «Сны імператара» У.Арлова і інш.
Літ.:
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.
П.К.Дзюбайла.
т. 1, с. 428