МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),
расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.Пранішнікава і У.Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.Несцерава, 1913; Дз.Фурманава, 1922; В.Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ШЫЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІ (Янка) (сапр.Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.4.1890, в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909), вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—16, 1918). З 1918 у Белнацкоме пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР. З Ц.Гартным рэдагаваў газ.«Дзянніца». У 1919—21 у Чырв. арміі. З 1922 у Мінску. Працаваў у планава-эканам. органах Беларусі, вучоным сакратаром Ін-та эканомікі АН Беларусі, нам. старшыні Дзяржплана БССР. У 1929—30 першы неадменны сакратар Прэзідыума АНБССР 26.4.1937 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Першае апавяданне «Над Кроманню» (1922). У зб. апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928—30, няскончаны) адлюстраваў жыццё розных класаў грамадства, рэв. рух напярэдадні 1-й сусв. вайны, грамадз. вайну, барацьбу бел. народа супраць польск. акупантаў. Выступаў у друку па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Чл.ЦВКБССР у 1927—36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПОЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да снеж. 1943 у Пінску пад кіраўніцтвам у розны час пінскіх падп. абкома, гаркома і райкома КП(б)Б. Складалася з 4 груп (больш за 50 чал.): на мармеладнай ф-цы (кіраўнік І.А.Галамазава), у прыгарадзе Казлякавічы (Я.А.Шаламіцкі, М.І.Чалей), фанерным з-дзе і запалкавай ф-цы (М.М.Калодзіч), на рачным флоце (М.І.Гарбачэўскі, Л.В.Прытулецкі). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, праводзілі агітац. работу ў фаш. фарміраваннях; з 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, медыкаменты, разведданыя. Праводзілі дыверсіі, у т. л. вывелі са строю 12 і патапілі 11 рухавікоў рачных суднаў, падарвалі ням. магазін і шпіталь, вадакачку, рухавік на запалкавай ф-цы, падпалілі лесапільны з-д. У канцы 1943 з-за пагрозы арыштаў падпольшчыкі пайшлі ў брыгады Пінскага партыз. злучэння і да ўкр.партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Беседзь, на аўтадарозе Чачэрск—Ветка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Ветка, 52 км ад Гомеля. 1125 ж., 445 двароў (2001). Лясніцтва, прадпрыемства электрасетак, філіялы раённай сельгасхіміі, Веткаўскага дарожна-рамонтнага буд. ўпраўлення, Веткаўскага водаканала. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырв.партызан, расстраляных герм. акупантамі ў жн. 1918, сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча зарубінецкай культуры.
Вядомы з 1565, калі вял.кн. Жыгімонт II Аўгуст даў пустое сяльцо С. («люди того сельца сего лета все в поветрие вымерли») Чачэрскага староства чачэрскаму баярыну Ілью Іванавічу. У 17 ст. належалі Шалютам, Язерскім, у 18 ст. — Вяроўкіным-Шалютам. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У канцы 19 ст. ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ.; у 1886—365 ж., 64 двары, царква, бальніца, 3 крамы. У 1926—27 і 1935—56 С. — цэнтр Свяцілавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́МЕЖАВА,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., на р. Морач. Цэнтр сельсавета і сельскай калект.-долевай гаспадаркі. За 32 км на Пд ад г. Капыль, 147 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 1297 ж., 629 двароў (2001). Сярэдняя шкала-сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. С. — вядомы цэнтр ткацкага рамяства.
Засн. ў 2-й пал. 15 ст. У 1578 мястэчка Навагрудскага пав., уладанне кн. Слуцкіх, Магільніцкіх. У 1622 у С. 195 дымоў. У час Паўн. вайны 1700—21 шведы ў крас. 1706 загубілі амаль усё насельніцтва С. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскай губ. У 1886 мястэчка, 996 ж, 269 двароў, школа, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, капліца, 3 крамы, цэнтр нар.маст. ткацтва У 1908 працавалі кравецкі і гарбарны цэхі, 2 млыны. У 1914 у С. 2818 ж., 518 двароў. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Чырвонаслабодскага, з 1959 Капыльскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял.Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс.чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліст. 1942 — ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та, падп. райкома КП(б)Б (з ліст. 1943) і Беластоцкага абл. антыфаш. к-та, у цесным кантакце са Скідзельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і групамі Баранавіцкай акруговай антыфашысцкай арганізацыі. Складалася з падп. груп (каля 90 чал., кіраўнікі М.М.Бедыс, А.Я.Мажэйка, А.Ф.Манкевіч, А.А.Патапаў, У.А.Сыты, С.І.Таранка і інш.). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (Бедыс, І.С.Быль, Манкевіч). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва паліт. агітацыю, хавалі і лячылі сав. воінаў, што трапілі ў акружэнне, перапраўлялі іх у партыз. атрады, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя пра перамяшчэнні акупантаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь праціўніка, удзельнічалі ў аперацыях партызан. У барацьбе супраць фаш. захопнікаў загінула 20 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,
узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг.акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен.к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер.Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс.партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс.чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян.партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл.Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс.чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.
Літ.:
Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.