род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і і Паўд.-Зах. Азіі. На Беларусі трапляецца ўсюды Д. палявая (A. arvensis). Расце на сухіх сонечных месцах: на пясках, чыг. насыпах, каля дарог і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя невысокія травяністыя расліны з простымі адзіночнымі або шматлікімі сцёбламі. Лісце дробнае, яйцападобнае або рамбічнае, клінападобна звужанае ў кароткі чаранок. Кветкі дробныя, фіялетава-пурпуровыя, у несапраўдных кальчаках, размешчаных у пазухах лістоў. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),
парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЧЭ́НЦА (Vicenza),
горад на ПнУ Італіі. Знаходзіцца ў вобл. Венецыя, каля падножжа Альпаў, на р. Бакільёне. Адм. ц. правінцыі Вічэнца. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 107,1 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел на чыгунцы Венецыя—Мілан. Металургія, тэкст. і с.-г. машынабудаванне, хім., гумавая, тэкст., абутковая, швейная, керамічная, харч., папяровая, ювелірная прам-сць. Маст. галерэя. Руіны стараж.-рым. пабудоў. Цэрквы (10—16 ст.), палацы (15—18 ст.). Шматлікія пабудовы А.Паладыо (16 ст.), у т. л. палац К’ерыкаці, Базіліка, т-р Алімпіка, каля Вінчэнцы знакамітая познарэнесансавая віла «Ратонда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,
паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл.каля 2,3 млн.км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн.дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЬ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 14 км на У ад г. Браслаў. Пл. 2,38 км, даўж.каля 3 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі каля 13 км. Пл. вадазбору 25,3 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м, у верхняй ч. разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі абразійныя, пад хмызняком, у паўн.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей дно выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 1,2 га. На ПнЗ выцякае р. Усвіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́НКІ (Bryozoa),
клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.
Імшанка прэснаводная: 1 — участак калоніі (павялічана), 2 — калонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,
старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.С.Махнач, М.В.Вераценнікаў, Г.І.Ількевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),
род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку калявоз.Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.