сямейства птушак атр. вераб’іных. Больш за 60 відаў, пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды: жулан; С. чарналобы, С. шэры, С. чырвонагаловы. Пералётныя птушкі. Жывуць у садах, парках, гаях, хмызняках. С. чарналобы і С. шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела жулана да 20 см, маса каля 30 г. Галава і шыя шэрыя, спіна рыжавата-каштанавая, каля вачэй чорная папярочная палоска. Хвост доўгі, ступеньчаты. Даўж. С. шэрага каля 25 см, маса 68—75 г. Апярэнне зверху шэрае, знізу белаватае, хвост чорны з белым пер’ем па краях, крылы чорныя. Чарналобы С. меншы (маса 47—53 г), адрозніваецца ад шэрага чорным ілбом. Апярэнне мяккае, крылы кароткія, круглаватыя, хвост доўгі. Дзюба кручком. Кладка — 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі паўзунамі, грызунамі, зрэдку птушкамі.