ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),
парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.Шчуко, У.Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.Сімбірцаў, І.Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.Васільеў, Я.Левінсон).
С.А.Сергачоў.
Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П.-грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЯЛО́ЎСКАЯ Алена Паўлаўна (18.7.1904, Варшава — 7.3.1971),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Напачатку выконвала эпізадычныя ролі. Складаныя характарныя і драм. ролі выканала ў класічнай і сучаснай драматургіі: Агудалава, Гурмыжская, Барабошава («Беспасажніца», «Лес», «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага), Глафіра, Таццяна Лугавая, Алена («Ягор Булычоў і іншыя», «Ворагі», «Мяшчане» М.Горкага), Гертруда («Гамлет» У.Шэкспіра), Панова («Любоў Яравая» К.Транёва). Ролі ў бел. драматургіі: Юзэфа Тамашэўская («Ірынка» К.Чорнага), Наталля Мікалаеўна («Проба агнём» К.Крапівы), Клаўдзія Сухадол («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна). Стварыла камед., сатырычна вострыя вобразы: Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. Мастацтва Р. вызначалася высокім майстэрствам, вял.сцэн. культурай.
Літ.:
Сяргейчык Ц. Алена Радзялоўская // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
У.М.Стэльмах.
А.П.Радзялоўская.А.Радзялоўская ў ролі Гурмыжскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ (франц. remonte ад remonter паправіць, папоўніць, зноў сабраць),
сукупнасць тэхніка-эканам. і арганізац. мерапрыемстваў, звязаных з падтрыманнем і частковым або поўным аднаўленнем спажывецкай вартасціасн. фондаў (сродкаў вытв-сці) ці прадметаў асабістага карыстання. Бывае бягучы, сярэдні і капітальны.
Р. тэхн. аб’ектаў (канструкцый, машын, вырабаў) робяць з мэтай аднаўлення іх спраўнасці і работаздольнасці. Бягучы Р. праводзяць пры неабходнасці ліквідацыі адказаў і няспраўнасці абсталявання. Уключае ліквідацыю дробных пашкоджанняў заменай або аднаўленнем асобных вузлоў і дэталей, рэгуліровачныя работы. Сярэдні Р. вядуць для аднаўлення зрасходаванага рэсурсу машын, абсталявання. Уключае частковую разборку прыстасавання, устараненне выяўленых дэфектаў, капітальны Р. асобных частак. Капітальны Р. прадугледжвае поўную разборку і дэфектацыю агрэгатаў, машын, абсталявання, замену або аднаўленне ўсіх зношаных дэталей, вузлоў і механізмаў, іх зборку, комплексную праверку, рэгуліроўку і выпрабаванне. Р. бягучы звычайна выконвае абслуговы персанал, сярэдні і капітальны — спецыялізаваныя службы і прадпрыемствы; асабістыя прадметы рамантуюць пераважна службы быт. абслугоўвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),
верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш.еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.Багдановіч:
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах, Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,
шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял.кн.ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНЕ́Ц Пятро (Пётр Мікалаевіч; 4.5.1911, в. Азярычына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1997),
бел. пісьменнік. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1940). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Піянер Беларусі», час. «Бярозка», на Бел. радыё. Друкаваўся з 1932. Першы зб. апавяданняў «Юныя змагары» (1940). Большасць твораў пра дзяцей і для дзяцей. Склаў зб. успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (1948). Выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй» (1979). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Ж.Грывы, А.Талвіра, Дж.Радары, З.Эргле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́БІНДЭР Пётр Аляксандравіч (3.10.1898, С.-Пецярбург — 12.7.1972),
расійскі фізікахімік, заснавальнік фізіка-хім. механікі. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1922—32 у Ін-це фізікі і біяфізікі АНСССР, адначасова ў 1923—41 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1929 праф.). З 1935 у Ін-це фіз. хіміі АНСССР, адначасова з 1942 у Маскоўскім ун-це, з 1968 гал. рэдактар «Коллоидного журнала». Навук. працы па фізікахіміі дысперсных сістэм і паверхневых з’яў. Адкрыў адсарбцыйнае зніжэнне трываласці цвёрдых цел (гл.Рэбіндэра эфект). Развіў уяўленне аб малекулярным механізме дзеяння паверхнева-актыўных рэчываў, распрацаваў асновы іх выкарыстання ў тэхнал. працэсах. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Физико-химическая механика металлов. М., 1962 (разам з У.І.Ліхтманам, Я.Дз.Шчукіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЬЕ́ (Régnier) Анры Франсуа Жазеф дэ (28.12.1864, г. Анфлёр, Францыя — 23.5.1936),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1911). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як паэт. У вершах спалучаў сімвалісцкія пошукі з дакладнасцю і пластычнасцю вобраза паэтаў-парнасцаў. У лірычных зб-ках «Будучыя дні» (1885), «Гульні вяскоўцаў і багоў» (1897), «Гліняныя медалі» (1900) і інш. апявае чароўнасць усяго нетрывалага і крохкага, ухваляе пачуццёвыя асалоды і ўсякія радасці. Аўтар раманаў «Двойчы каханая» (1900), «Канікулы сціплага маладога чалавека» (1903), «Жывое мінулае» (1905), «Гераічныя ілюзіі Тыта Басі» (1916), «Грэшніца» (1920), «Правінцыяльныя забавы» (1925), «Я, яна і ён» (1935), зб-каў апавяд. «Яшмавы кій» (1897), «Лакавы паднос» (1913), «Згубленае шчасце» (1924) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў А.Асташонак.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),
пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-яг. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.