ЛІ́НЗА (ням. Linse ад лац. lens сачавіца),

празрыстае для светлавых прамянёў цела, якое абмежавана дзвюма пераламляльнымі паверхнямі (крывалінейнымі або крывалінейнай і плоскай) і мае вось або плоскасць сіметрыі. Найб. пашыраны Л. са сферычнымі паверхнямі. Яны прызначаны для пераўтварэння формы светлавога пучка і з’яўляюцца асн. элементам аптычных сістэм (напр., Аб’ектыў, Акуляр).

Адрозніваюць збіральныя і рассейвальныя Л. Збіральная пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, які сыходзіцца ў адным пункце F′ (гал. фокусе Л.). Такая Л. ўтварае сапраўдны відарыс аб’екта, калі ён знаходзіцца перад фокусам Л., і ўяўны — калі аб’ект размешчаны паміж фокусамі і Л. (гл. Лупа). Рассейвальная Л. пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, што разыходзіцца, і заўсёды ўтварае ўяўны відарыс аб’екта. Асн. характарыстыкі Л. — фокусная адлегласць і аптычная сіла, якія характарызуюць яе пераламляльную здольнасць. Калі таўшчыня Л. значна меншая за радыусы крывізны пераламляльных паверхняў, яна наз. тонкай. Аптычная сіла Д і фокусная адлегласць 𝑓​1 тонкай Л. вызначаюцца формулай Д = ​1/𝑓​1 = (n−1) (​1/r1−​1/r2), дзе n — паказчык пераламлення матэрыялу Л., r1 і r2 — радыусы крывізны яе паверхняў; для выпуклай адносна аб’екта паверхні r>0, для ўвагнутай r<0. Адлегласці ад аптычнага цэнтра Л. да аб’екта (x) і яго відарыса (x′) звязаны паміж сабой формулай Л.: 1/x1 − 1/x = 1/ƒ′ (адлегласці ад Л. ўздоўж ходу светлавога праменя лічацца дадатнымі, супраць ходу — адмоўнымі). Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм, Відарыс аптычны, Павелічэнне аптычнае.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,

узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс. чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэнні нар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.​Манюшка, Л.​Пац, Д.​Радзівіл, М.​Абрамовіч, Любаўскі, Р.​Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач. кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс. чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.​Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.​Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,

прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.

Літ.:

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАГА МО́РА РУ́КАПІСЫ,

пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэч. і інш. мовах, знойдзеныя каля зах. ўзбярэжжа Мёртвага мора. Першыя М.м.р. знайшлі пастухі-арабы ў 1947. У ходзе археал. раскопак у 1940—60-х г. адкрыты шматлікія сховішчы стараж. рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і інш. матэрыялах. Большая іх частка знойдзена ў Вадзі-Кумране у 11 пячорах. Яны датуюцца 2 ст. да н.э. — 68 н.э. Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тыс. фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы б.ч. кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гасп. дзейнасці, якія належалі радыкальнай іудзейскай секце — верагодна, секце есеяў. Найб. вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны. Рукапісы пячораў Іудзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і інш.) уяўляюць сабой дакументы гасп. дзейнасці канца 1 — пач. 2 ст. н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы 132—135; рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іудзейскіх паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73 н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гасп. характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэч. мове. Да М.м.р. адносяць таксама шэраг дакументаў ранневізант. і араб. перыядаў (4—8 ст.) на сірыйска-палесцінскай, грэч. і араб. мовах. Фрагментарнасць рэшткаў рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1960;

Яго ж. Находки у Мертвого моря. М., 1965;

Яго ж. Тексты Кумрана. М., 1971;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;

Старкова К.Б. Литературные памятники Кумранской общины. Л., 1973.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (MAK; International Olympic Committee),

вышэйшы кіруючы орган сучаснага алімп. руху. Створаны 23.6.1894 (Парыж) па ініцыятыве П. дэ Кубертэна. МАК арганізуе Алімпійскія гульні. У першы склад МАК выбраны прадстаўнікі Аргенціны, Багеміі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Новай Зеландыі, Расіі, Францыі і Швецыі; яны сталі арганізатарамі нац. алімп. к-таў (НАК) у сваіх краінах. Статутны дакумент МАК — Алімпійская хартыя. У абавязкі МАК уваходзіць рэгулярнае правядзенне зімовых і летніх Алімп. гульняў, іх пастаяннае ўдасканаленне, кіраванне развіццём аматарскага спорту ў свеце. МАК прымае рашэнні аб прызнанні НАК і міжнар. спарт. федэрацый (МСФ); вызначае праграму Алімп. гульняў; з’яўляецца вышэйшай інстанцыяй пры вырашэнні пытанняў, звязаных з іх арг-цыяй і правядзеннем; выбірае алімпійскі горад; засноўвае і прысуджае алімп. ўзнагароды. Сесіі МАК збіраюцца штогод, у алімп. годзе двойчы — у час зімовых і летніх гульняў; праводзяцца алімп. кангрэсы. У перыяд паміж сесіямі работай кіруе Выканком МАК. У яго складзе: прэзідэнт (выбіраецца на 8 гадоў), 3 віцэ-прэзідэнты і 5 членаў (на 4 гады). Для кожнай краіны выбіраецца звычайна 1 член МАК. У сістэме МАК ёсць пастаянныя камісіі, якія займаюцца рознымі пытаннямі алімпійскага руху (камісіі па допуску спартсменаў да ўдзелу ў Алімп. гульнях; фінансавая, юрыд., мед., узнагародная, па культ. праграме, прэсе і інш.). Бюджэт складаецца з даходаў ад продажу правоў паказу Алімп. гульняў па тэлебачанні, ахвяраванняў і інш. Афіц. мовы МАК — франц. і англ. Выдае штомесячны бюлетэнь-часопіс «Revue Olympique» («Алімпійскі агляд») на франц., англ. і ісп. мовах, а таксама афіц. даведачную і інш. л-ру.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.​Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.​Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.​Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш. укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.

Літ.:

Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;

Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;

Ялугин Э.В. Мстиславцев посох... Мн., 1971.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ННЕ,

жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.​Міровіча «Машэка» Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

Публ.:

Легенды і паданні. Мн., 1983;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.

Літ.:

Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;

Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.

А.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́Р,

некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.

Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.

Літ.:

Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;

Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),

раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс. га дзяржаўных і 27 тыс. га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс. га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)