НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усеспец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,
члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усеграмадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл.т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,
лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.Шамякін).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;
Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦАВА ((Némcová) Бажэна [дзявочае Панклава) (Panklová) Барбара; 4.2.1820, Вена — 21.1.1862], чэшская пісьменніца; адна з заснавальнікаў рэалізму ў чэш. л-ры. Літ. дзейнасць пачала з апрацовак нар. казак: «Народныя казкі і паданні» (ч. 1—7, 1845—47). Вядомасць прынеслі апавяданні і аповесці пра жыццё сялян: «Барушка» (1853),
«Карла» (1855), «Дзікая Бара», «Горная вёска», «У замку і каля замка» (усе 1856) і інш. Лепшы яе твор — «Бабулька» (1855) сцвярджае ідэю адукаванай і гуманнай улады, што апіраецца на волю і мудрасць народа. Цыклы нарысаў «Карціны домажліцкага наваколля» (1845—47), «Лісты з Францішкавых лазняў» (1846), «Карціны жыцця славакаў» (1859) і інш. адметныя сац.-паліт. накіраванасцю. Сабрала і выдала ў пер. на чэш. мову «Славацкія казкі» (1857—58).
Тв.:
Рус.пер. — Сказки, повести, рассказы. М., 1961;
В замке и около замка: Рассказы. Повести. Письма к родным и друзьям. Л., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЕ́РАЎ (сапр.Скобелеў) Аляксандр Сяргеевіч
(24.12.1886, с. Навікоўка Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 24.12.1923),
рускі пісьменнік. У 1906—16 настаўнічаў. Друкаваўся з 1906. Асн. тэмы творчасці — рас. сялянства, вострыя сац. і псіхал. канфлікты на вёсцы: апавяданні, аповесці «Ташкент — горад хлебны», «Гусі-лебедзі» (не завершаная), «Андрон Непуцёвы» (усе 1923) і інш. Прозе Н. ўласціва своеасаблівая, блізкая да сказа стылістыка. Аўтар п’ес «Бабы» (1920), «Грамадзянская вайна», «Захарава смерць» (абедзве 1922), вершаў у прозе і інш. Адзін з пачынальнікаў сав. дзіцячай л-ры (цыкл «Дзіцячыя апавяданні», 1923). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Б.Дольскі, М.Сеўрук і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Куйбышев, 1957—58;
Избранное. Мн., 1985;
Бел.пер. — Бабы. Мн., 1927;
Як у нас вайна была. Мн., 1927;
Смех і гора. Мн., 1928;
Ташкент — горад хлебны. Мн., 1930;
Бальшавікі. Мн., 1930;
Строгі муж. Гора-горкае: Апавяданні. Мн., 1931.
Літ.:
Александр Неверов: Из архива писателя: Исслед. Воспоминания. Куйбышев, 1972;
Александр Неверов: Воспоминания, статьи, библиогр Куйбышев, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́НЕ (ад поле),
1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн.Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл.шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.
2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас.р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,
эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э.Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.
Літ.:
Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.Панчанкі, 1963; А.Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.Коласа, 1962; «Кацярына» Т.Шаўчэнкі, 1964) і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;
Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.
А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),
працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.
Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ЕЎ (Георгій Аляксандравіч) (н. 27.9.1944, Мінск),
бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1999). Скончыў БПІ (1967), з 1971 выкладаў у ім. З 1977 у ін-це БелНДІПгорадабудаўніцтва (з 1980 нам. дырэктара). З 1995 заг. кафедры БПА. Працуе ў галіне горадабудаўніцтва і ландшафтнай архітэктуры. Асн. праектныя работы: «Схема развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку і турызму, прыродных паркаў і запаведнікаў у СССР», «Генеральная схема развіцця і размяшчэння курортаў і зон адпачынку Беларускай ССР» (абодва 1981), «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» (1982), «Генеральная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Беларускай ССР» (1989), «Схема размяшчэння першачарговых аб’ектаў аздараўлення і адпачынку насельніцтва Рэспублікі Беларусь, што пражывае на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі» (1991; усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў кніг «Горадабудаўнічае асваенне поймавых тэрыторый Беларускай ССР» (1986), «Горадабудаўніцтва Беларусі» (1988), «Горадабудаўнічыя асновы развіцця курортна-рэкрэацыйных раёнаў СССР» (1990), «Беларусь: асяроддзе для чалавека» (1996) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі. 2000.
Тв.:
Рекреационные ландшафты: Охрана и формирование. Мн., 1996.