ПА́РУСНІКАЎ (Міхаіл Паўлавіч) (11.11. 1893, Масква — 1.2.1968),

расійскі архітэктар, педагог. Акад. АН Беларусі (1950), праф. (1948). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918), Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1924). У 1934—41 і з 1948 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Работы ў Мінску: забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны (1945—54, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), адм. будынак на праспекце Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945—47), будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і пл. Кастрычніцкай, жылыя дамы і мост цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны, стадыён «Дынама» (усе 1946—54, у сааўт.). Сярод інш. работ: будынкі электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобл. (1926) і Кіеве (1929), праект планіроўкі і забудовы г. Астрахань (Расія; 1930).

Літ.:

Габрусь Т. Галоўны магістральны архітэктар // Мастацтва. 1993. № 12.

А.​А.​Воінаў.

М.П.Паруснікаў.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)