КАНАВА́ЛАВА (Таіса Фёдараўна) (н. 10.1.1924, в. Легастаева Іскітымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),
бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Новасібірскае тэатр. вучылішча (1949). Працавала ў т-рах Новасібірска, Кустаная, Брэсцкім абл. драм. (1951—56), у 1956—93 у валгаградскіх абл. драм. і юнага гледача. Творчасць актрысы адметная тонкім лірызмам, глыбокім псіхалагізмам у распрацоўцы характараў. У Брэсцкім абл. драм. т-ры выканала ролі: Наталлі («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Байбы («Вей, ветрык» Я.Райніса), Ніны («Маскарад» М.Лермантава), Кацярыны («Навальніца» А.Астроўскага), Лізы («Дваранскае гняздо» І.Тургенева), Ніны Зорынай («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ніны Зарэчнай («Чайка» А.Чэхава), Веры («Апошнія» М.Горкага), Каці («Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава) і інш.
Г.І.Сяўковіч.
т. 7, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЧА ((Krejča) Атамар) (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),
чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.Чэхава («Вішнёвы сац», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.
Літ.:
Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.
т. 8, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.Валодзіна).
Г.Р.Герштэйн.
т. 9, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
т. 6, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Марк Анатолевіч) (н. 13.10.1933, Масква),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1991). Засл. дз. маст. Расіі (1977). З 1973 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (з 1990 «Ленком»). Паставіў спектаклі: «Іваноў» А.Чэхава (1973), «"Юнона" і "Авось"» А.Вазнясенскага і А.Рыбнікава (1980), «Тры дзяўчыны ў блакітным» Л.Петрушэўскай (1985), «Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, «Мудрэц» паводле А.Астроўскага (абодва 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1993) і інш. Драм. творам імкнецца надаць сугучную сучасным праблемам трактоўку; спектаклі выразныя структурай, часта насычаны музыкай і танцам. Паставіў тэлефільмы: «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхаўзен» (1979), кінафільм «Забіць дракона» (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэмія Расіі 1992.
т. 7, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́Н (Давід Мелкумавіч) (17.4.1904—17.7.1976),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1942). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Арм. драм. студыю пад кіраўніцтвам А.Бурджаляна ў Тбілісі (1923). З 1924 у Дзярж. т-ры Арменіі імя Г.Сундукяна. Акцёр вял. ўнутр. драматызму. Яго творчасці ўласцівы лаканізм, дакладны адбор выразных сродкаў, глыбіня псіхал. характарыстык: Рустам («Намус» А.Шырванзадэ), Тусян («Забіты голуб» Нар-Доса), Клаўдзій («Гамлет» У.Шэкспіра), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога) і інш. Выступаў як рэжысёр. З 1926 здымаўся ў кіно: «Горны марш» (1939), «Асабіста вядомы» (1958), «Народжаныя жыць» (1961) і інш. Аўтар кн. «Людзі і сустрэчы» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
т. 10, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЁЛАВА (Марына Мсціславаўна) (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),
расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.
т. 11, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎТАН, Лаўтан,
Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.Шэкспіра, М.Гогаля, А.Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).
Літ.:
Утилов В.А. Чарльз Лаутон. М., 1973.
т. 9, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Г.Р.Герштэйн.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,
буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.Чэхава, «Навальніца» А.Астроўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Маскарад» М.Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Гамлет» У.Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.Арленеў, А.Астужаў, М.Блюменталь-Тамарына, У.Давыдаў, М.Клімаў, А.Ктораў, Л.Леанідаў, І.Масквін, М.Радзін, В.Тапаркоў і інш.
т. 10, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)