Кніпер-Чэхава В. 7/479; 9/116

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ПЕР-ЧЭ́ХАВА (Вольга Леанардаўна) (21.9.1868, г. Глазаў, Удмурція — 22.3.1959),

расійская актрыса. Жонка А.П.Чэхава. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1898 у трупе Маскоўскага маст. т-ра. Валодала высокай артыстычнай культурай, сцэн. абаяннем. Першая выканаўца роляў у п’есах Чэхава; Аркадзіна, Алена Андрэеўна, Маша, Ранеўская, Сара («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Іванаў»). Душэўнасцю прасякнуты ролі Алены («Мяшчане» М.​Горкага), Ганны Маар («Адзінокія» Г.​Гаўптмана). Сярод інш. роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Беліна («Уяўны хворы» Мальера), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.​Тургенева). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),

французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус. драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.​Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.​Гайдабурава і Н.​Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр. саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.​Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.​Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.​Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш.

Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Яўген Аляксандравіч) (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.​Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.​Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЕ́БЕЛЬ (Марыя Восіпаўна) (18.5.1898, Масква — 1985),

расійская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1958). Скончыла школу пры 2-й студыі МХАТ. З 1924 у трупе гэтага т-ра, з 1935 рэжысёр у Маск. т-ры імя Ярмолавай, з 1950 у Цэнтр. дзіцячым т-ры (у 1955—60 гал. рэжысёр). З 1948 выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1960 праф.). Сярод роляў: Шарлота («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага). Пастаноўкі: «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1936), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1937) і «Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра (1940, абедзве разам з М.​П.​Хмялёвым), «У добры час» В.​Розава (1954), «Іванаў» А.​Чэхава (1955), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1969), «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага (1972). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯГКО́Ў (Андрэй Васілевіч) (н. 8.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Ленінградскі хіміка-тэхнал. ін-т (1961), Школу-студыю МХАТ (1965). З 1965 у маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1977 у МХАТ (з 1989 імя А.​Чэхава). Стварае вобразы тонкай псіхалагічнай распрацоўкі, афарбаваныя мяккім гумарам і іроніяй: Рэпецілаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Вайніцкі, Трыгорын, Кулыгін («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Барон («На дне» М.​Горкага), Валерый («Мішаў юбілей» А.​Гельмана і Р.​Нельсана) і інш. З 1965 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Браты Карамазавы» (1969), «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Летаргія» (1983), «Пасляслоўе» (1984), «Ад зарплаты да зарплаты» (1985), «Апошняя дарога» (1986), «Кантракт са смерцю» (1999) і інш.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБШЫ́Н (Станіслаў Андрэевіч) (н. 6.4.1933, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.​Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.​Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.​Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.​Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.​Гельмана і Р.​Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЎЦАВА (Ада Мікалаеўна) (н. 6.7.1937, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі тэатр. ін-т (1959). З 1959 у Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Лесі Украінкі. З 1980 адначасова выкладае ў Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.​Карпенкі-Карага. Лірыка-драм. актрыса, валодае сцэн. абаяльнасцю, музычнасцю, шчырасцю: Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, 1967), Далорэс («Каменны гаспадар» Лесі Украінкі, 1971), Ларыса («Беспасажніца» А.​Астроўскага, 1973), Леся Украінка («Спадзявацца» Ю.​Шчарбака, 1979), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1980), Саша («Іванаў» А.​Чэхава, 1985), Таісія Пятроўна («Урокі музыкі» Л.​Петрушэўскай, 1989) і інш. Выступае і ў камед. ролях. З 1957 здымаецца ў кіно: «Салют, Марыя!», «Утаймаванне агню», «Авадзень», «Вечны кліч», «За што?», «Чатыры лісты фанеры», «Два месяцы, тры сонцы» і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1981.

Літ.:

Актеры советского кино. Вып. 12. М., 1976.

А.М.Рогаўцава.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНА (Ія Сяргееўна) (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст. акад. т-ры імя М.​Горкага (з 1989 — імя А.​Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.​Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.​Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.

І.С.Савіна.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЦЭ́ВІЧ (Казімір Станіслававіч) (3.6.1851, С.-Пецярбург — 26.7.1927),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў і апавяданняў (зб-кі «Пад прыгнётам», 1883; «Абарваныя струны», 1886; «Маленькія апавяданні», 1887), раманаў «Раба» (1887), «Змагары» (1896), «Хворая кроў» (1900), у якіх адлюстраваў жыццё абяздоленых гараджан. Творы Баранцэвіча прасякнуты ідэямі народніцтва. У маст. манеры адчуваецца ўплыў Ф.​М.​Дастаеўскага і А.​П.​Чэхава.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)