МІЧУ́РЫНА-САМО́ЙЛАВА (Вера Аркадзеўна) (17.5.1866, С.-Пецярбург — 2.11.1948),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1939). З акцёрскай сям’і Самойлавых. З 1886 у Александрынскім т-ры (пазней Ленінградскі акад. т-р драмы імя А.С.Пушкіна). Набыла вядомасць выкананнем роляў свецкіх жанчын — халодных, разважных, какетлівых. Творчасць адметная псіхалагізмам, вытанчанай іроніяй: Ранёва («Свеціць, ды не грэе» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Гурмыжская («Лес» Астроўскага), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.Тургенева), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паліна Бардзіна («Ворагі» М.Горкага), Ксенія Міхайлаўна, Лянчыцкая («Вогненны мост», «Байцы» Б.Рамашова), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера). Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 10, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)