АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),
клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ЖНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
цеплавое выпрамяненне, якое знаходзіцца ў раўнавазе ’тэрмадынамічнай з рэчывам, напр., выпрамяненне абсалютна чорнага цела. Спектр Р.в. не залежыць ад рэчыва выпрамяняльнай сістэмы і вызначаецца толькі т-рай, аднолькавай для ўсіх частак сістэмы (г.л. Планка закон выпрамянення). Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты),
скалярная велічыня, фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл.Вось у матэматыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГЕ́НЫ,
рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергеныінфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛЯ́Р ((Abélard) П’ер) (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),
французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус.пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,
грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУАЛІ́ЗМ (ад лац. conceptus думка, паняцце),
1) кірунак зах.-еўрап. сярэдневяковай схаластычнай філасофіі пра сутнасць агульных паняццяў (універсалій). К. займае прамежкавае становішча паміж сярэдневяковым рэалізмам і наміналізмам у рашэнні праблемы рэалій. Паводле К., агульнае на ўзроўні аб’ектыўных рэчаў не існуе; няма такога быцця. Агульнае — гэта канцэпты, г. зн. ідэальныя (іматэрыяльныя) паняцці. Яны першапачаткова ўласцівы чалавечаму розуму і толькі ў ім існуюць. Яны апрыёрныя (дадоследныя) і з’яўляюцца формай пазнання, з дапамогай якой раскрываецца падабенства рэчаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.П.Абеляр, У.Окам, Т.Гобс. У новы час ідэі К. пра прыроду паняццяў адстойвалі Дж.Лок, Э.Кандыльяк, К.Гельвецый. Паступова К. стаў адным з прынцыпаў тэорыі пазнання, паводле якога агульнае разглядаецца толькі як вынік абстракцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́НКУЛУС (ад лац. homunculus чалавечак),
чалавекападобная істота, якую, на думку натуралістаў сярэднявечча, быццам можна атрымаць штучным шляхам. У 17 ст. лічылі, што маленькі гамункулус заключаны ў чалавечым сперматазоідзе і пры яго пападанні ў арганізм жанчыны толькі павялічваецца ў памерах, ператвараючыся ў дзіця. Гл. таксама Анімалькулізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАРА́ДНАЯ ЗБРО́Я,
аўтаматычная зброя, з якой выконваюцца толькі адзіночныя стрэлы. Адрозніваюць баявую, паляўнічую і спарт. С.з. (вядомы самазарадныя пісталеты, вінтоўкі, карабіны і процітанкавыя ружжы). З сучасных узораў на ўзбраенні армій і ў якасці паляўнічай і спарт. С.з. выкарыстоўваюць пісталеты і вінтоўкі (баявыя — у асн. снайперскія).