творчы клуб пісьменнікаў Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Шубіна).
Асіметрычны складанай канфігурацыі плана будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі верт. праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (маст. У.Стальмашонак) Унутр. планіроўка дакладна размежавана на 2 функцыян. зоны: парадная ўключае на 1-м паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, на 2-м — прасторнае фае, глядзельную залу на 336 месцаў, канферэнц-залу, кафэ, кулуары; дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, б-ку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асн. і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутр. дворык. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, дрэва, чаканка (мастак Ю.Любімаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́Ш, Кінза,
старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э. пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяці рус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),
1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.
2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ, дом Пятра I,
помнік архітэктуры з элементамі стылю барока ў г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1692 у цэнтры горада як жылы (на мяжы 18—19 ст. перабудаваны). Мураваны 1-павярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтр.ч.гал. фасада — 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў 19 ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны расл. арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). У доме ў 1705 жыў Пётр I. Перад будынкам пастаўлены помнік Л.Талстому. П.ж.д. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-васцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.