БАГАЛЮ́БАВА,

гарадскі пасёлак у Расіі, ва Уладзімірскай вобл., каля вусця р. Нерль. Былая рэзідэнцыя Андрэя Багалюбскага. Пабудавана ў 1158—65. У 1177 рэзідэнцыя разрабавана разанскім князем Глебам, у 1230-я г. разбурана татарамі. Часткова захаваліся земляныя валы, равы, ніжнія часткі сцен і слупоў белакаменных умацаванняў, рэшткі замка, цокальная частка храма Раства Багародзіцы (1158—65), на якой пастаўлена барочная ярусная царква (1751). Гал. сабор, надбрамная званіца і келлі пабудаваны ў 19 ст. Цяпер Багалюбава ў складзе Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 1,5 км ад Багалюбава — Пакроваў на Нерлі царква.

Літ.:

Воронин Н. Владимир. Боголюбово. Суздаль. Юрьев-Польской. 5 изд. М., 1983.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)