ГАЛАГА́МІЯ, халагамія (ад грэч. holos поўны, увесь + ...гамія),

прасцейшы тып палавога працэсу ў аднаклетачных арганізмаў, у час якога адбываецца зліццё дзвюх асобін (спец. палавыя клеткі не ўтвараюцца). Уласціва вальвоксавым водарасцям і ніжэйшым грыбам хітрыдыяміцэтам.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад кардыя... + ...графія),

метады графічнай рэгістрацыі сардэчнай дзейнасці, якія дапамагаюць удакладніць дыягназ хвароб. Аб’ядноўвае шэраг методык даследавання сэрца. У клінічнай практыцы найчасцей выкарыстоўваюць электракардыяграфію, эхакардыяграфію, фонакардыяграфію і рэакардыяграфію. Робяць К. спец. электроннымі прыборамі — кардыёграфамі.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКА́ЛЬ (ад франц. percale),

лёгкая баваўняная аднакаляровая або з набіўным малюнкам тканіна. Атрымліваюць спец. апрацоўкай міткалю (суравая тонкая баваўняная тканіна палатнянага перапляцення). Выкарыстоўваюць для вырабу лёгкіх жаночых і дзіцячых сукенак, мужчынскіх кашуль, бялізны і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),

1) тое, што мнемоніка.

2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБО́Р,

1) камплект, набор прылад для чаго-н., напр., чайны П., чарнільны П.

2) Спец. прыстасаванне, устройства, апарат, прызначаныя для якой-н. мэты (вымярэння чаго-н., рэгулявання, кантролю і інш.), напр., вымяральныя П., награвальныя П.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,

адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук. пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л. вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс. чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец. навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРЫ́НА (франц. vitrine ад лац. vitrum шкло),

1) спецыяльнае акно ў магазіне для паказу тавараў.

2) Зашклёныя шафы, скрынкі для паказу розных экспанатаў у музеях і інш. установах. Для вітрыны вырабляецца спец. шкло павышанай трываласці («вітрыннае»).

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТЫГМА́Т (ад ан... + астыгматызм),

складаны аб’ектыў, які практычна пазбаўлены ўсіх аберацый (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Пры вял. святласіле выразны відарыс па ўсім полі. Складаецца са спец. падабраных лінзаў. Выкарыстоўваецца ў тэхн. і маст. фатаграфіі і кінематаграфіі.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ПАРК, аўтапарк,

1) сукупнасць аўтатранспартных сродкаў (легкавых, грузавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, аўтацягачоў і прычэпаў), якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства, установы, вайсковай часці.

2) Месца, спецыяльна адведзенае і абсталяванае для захоўвання (стаянкі), абслугоўвання і рамонту аўтатэхнікі.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАТАВА́ЛЬНЯ,

набор інструментаў для чарцёжна-графічных работ у спец. футляры. Асн. інструменты набору: цыркуль, вымяральны і прапарцыянальны цыркулі, рэйсфедэр, чарцёжны і разметачны кронцыркулі, транспарцір і інш. Гатавальні бываюць універсальныя, школьныя, партатыўныя, для канструктарскіх і капіравальных работ.

т. 5, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)