АЭРАФОТАЗДЫ́МКА,

здымка мясцовасці ва ўсіх дыяпазонах аптычнага спектра з лятальных апаратаў. Ажыццяўляецца спец. аэрафотаапаратамі пры вертыкальным (планавая аэрафотаздымка) або нахільным (перспектыўная аэрафотаздымка) становішчы аптычнай восі. Уключае лётна-здымачны і фоталабараторны перыяды, фотаграмметрычную работу. Выконваецца з падоўжаным на маршруце (да 60%) і папярочным паміж суседнімі маршрутамі (на 30—40%) перакрыццем. У залежнасці ад фотаматэрыялаў бывае чорна-белая, каляровая і спектразанальная. На аснове аэрафотаздымкі ствараюцца тапаграфічныя і спец. планы і карты, якія выкарыстоўваюцца пры інж. разведцы пад буд-ва, пры геал. і гідралагічным, глебава-геабат. і метэаралагічных даследаваннях, леса- і землеўпарадкаванні, вывучэнні прыродных рэсурсаў, для арыентавання на мясцовасці і інш.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)