у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,
прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз.фарсункамі.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Гарэлка газавая: a — для ацяпляльных прылад (1 — блок гарэлак, 2 — блок кіравання); б — камбінаваная газава-мазутная для прамысловых установак (1 — рэгулятар падачы мазуту, 2 — камера змешвання, 3 — корпус гарэлкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬВАННЕў карбюратарных рухавіках,
узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.
нуклеатыд, які змяшчае адэнін, рыбозу і 3 астаткі фосфарнай к-ты. Універсальны пераносчык і асн. акумулятар хім. энергіі ў жывых клетках, іх гал.макраэргічнае злучэнне, на ўзроўні якога спалучаюцца ў адзіную сістэму працэсы абмену энергіі, яе выдзялення, назапашвання і спажывання. Служыць таксама субстратам для сінтэзу РНК, выконвае важныя функцыі ў працэсах фотасінтэзу.
У мышачнай і інш. тканках на долю адэназінтрыфосфарнай кіслаты прыпадае каля 75% колькасці ўсіх адэназінфосфарных кіслот, пры гэтым большая частка свабоднай АТФ знаходзіцца ў комплексе з іонамі Mg2+. Гідралітычнае адшчапленне астаткаў фосфарнай к-ты ад малекулы АТФ адбываецца пры ўдзеле адэназінтрыфасфатазаў з вылучэннем энергіі (каля 8,4 ккал/моль), якая выкарыстоўваецца на энергет. забеспячэнне біясінтэзу розных рэчываў, актыўны транспарт іонаў, мышачныя скарачэнні і інш працэсы жыццядзейнасці. Сінтэзуецца АТФ з адэназіндыфасфату і неарган. фасфату (крыніцай для ўтварэння могуць быць таксама інш. багатыя энергіяй фасфаты клетак, напр.крэацінфасфат.) Поўнае і хуткае аднаўленне патрачанай у арганізме АТФ забяспечваецца расшчапленнем вугляводаў і інш. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст.вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́МЕЛЬСГАЎЗЕН ((Grimmelshausen) Ганс Якаб Крыстафель фон) (каля 1621, г. Гельнгаўзен, Германія — 17.8.1676),
нямецкі пісьменнік. Перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48, быў яе ўдзельнікам. З 1667 стараста ў г. Рэнхен, дзе напісаў усе свае творы. Самы вядомы з іх — сац.-філас., гратэскна-сатыр. раман «Сімпліцысімус» (1-е выд. 1669, найб.поўнае 1671). Яго гал. герой Сімпліцый («прастак») увайшоў у галерэю вечных вобразаў сусв. л-ры. Раман — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця Германіі і ўсёй Еўропы ў гады Трыццацігадовай вайны, прасякнуты антываен. пафасам і трывожным роздумам пра лёс чалавечай цывілізацыі, ідэямі духоўнага стаіцызму. Працягам «сімпліцыяны» сталі раманы «Прастаку насуперак, або Дзіўнае апісанне жыцця махляркі і прайдзісветкі Кураж», «Шпрынгінсфельд» (абодва 1670), «Дзівоснае птушынае гняздо» (1672). У яго спадчыне раманы на гіст. і біблейскія сюжэты («Цнатлівы Іосіф», 1667), фантаст. («Першы абібок», 1670, і «Свет навыварат», 1673). На бел. мову раман «Сімпліцысімус» пераклаў В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВІХ,
зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),
група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,
дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦКВКП(б) і СНКСССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял.Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб.поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.