прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб.паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.І.Крыніцкі, М.М.Галадзед), ЦКККП(б)Б (В.А.Радус-Зяньковіч); даклады ЦККВКП(б) (Я.Х.Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.А.Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦККП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦККП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКККП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр.рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.
Літ.:
X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,
цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.
Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл.Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл.Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл.Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.
В.В.Валяўка.
Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮК ((Gluck) Крыстаф Вілібальд) (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),
нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст.Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц.італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб.паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.Г.Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз.т-р 19—20 ст. (Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Л.Керубіні, Э.Мегюль і інш.).
Літ.:
Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;
Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1988. Вып. 3;
Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАДЫЯ́НСТВА,
кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст.найб.паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.Кент, К.Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.В.Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).
Г.С.Ларкін.
Да арт.Паладыянства. У.Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,
электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.
Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.
Б.І.Фірага.
Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,
метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.
Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення = 0 будуюць графік функцыі у = і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.