РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
т. 13, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРЫМО́НІЯ (лац. caerimonia пашана, павага),
прыняты парадак правядзення якога-н. абраду, урачыстасці. У пераносным значэнні Ц. — якое-н. працяглае дзеянне, што здзяйсняецца паслядоўна і метадычна; умоўнасці ў паводзінах, уласцівыя цырымоннаму чалавеку, манернасць.
т. 17, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),
спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.
т. 2, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́МІНГ, блумінг (англ. blooming),
пракатны стан для абціскання стальных зліткаў вял. папярочнага сячэння масай да 12 т і больш у блюмы. Часам блюмінг выкарыстоўваюць для пракаткі слябаў і фасонных загатовак для буйных двухтаўровых бэлек, швелераў і інш. профіляў. Прадукцыйнасць блюмінга да 6 млн. т блюмаў за год.
Асн. часткі блюмінга: рабочая клець з валкамі пракатнымі, гал. электрарухавікі (для націскнога ўстройства), абсталяванне для прывядзення ў рух валкоў (шпіндэлі і інш.). Блюмінгі бываюць: аднаклецевыя (рэверсіўныя 2-валковыя і нерэверсіўныя 3-валковыя); здвоеныя з 2 паслядоўна размешчаных клецяў; бесперапынныя з некалькіх паслядоўна размешчаных нерэверсіўных клецяў; спецыялізаваныя (аднаклецевыя рэверсіўныя) для атрымання загатовак шырокапалічных бэлек Дыяметр пракатных валкоў ад 750 да 1500 мм і болей. У б. СССР першы блюмінг пабудаваны ў 1933 на Макееўскім металургічным з-дзе (Данецкая вобл.).
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́СТЫЯ (ад грэч. dynasteia улада, панаванне),
1) шэраг манархаў з аднаго роду, якія паслядоўна змяняюць адзін аднаго паводле права роднасці і атрымання спадчыны.
2) Пераносна — некалькі пакаленняў адной сям’і, якія атрымалі вядомасць у пэўнай галіне дзейнасці (напр., акцёрская Д. і інш.).
т. 6, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, у якіх канчатковыя прадукты ўтвараюцца з зыходных рэчываў у выніку некалькіх (2 і больш) простых (элементарных) стадый (рэакцый). Асобныя стадыі С.р. прыводзяць да ўтварэння ці ператварэння прамежкавых рэчываў (малекул, свабодных атамаў, радыкалаў і інш.), што не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Да С.р. адносяць найб. пашыраныя класы рэакцый — каталітычныя (гл. Каталіз), ланцуговыя хімічныя рэакцыі, а таксама абарачальныя рэакцыі.
Паводле характару ўзаемасувязі элементарных рэакцый адрозніваюць: паралельныя рэакцыі, у якіх з аднолькавых зыходных рэчываў у выніку розных элементарных рэакцый, што адбываюцца адначасова, утвараюцца розныя прадукты (напр., пры хлараванні бензолу ўтвараецца сумесь орта-, мета- і пара-хлорбензолу); паслядоўныя рэакцыі, калі прадукт папярэдняй элементарнай рэакцыі з’яўляецца зыходным рэчывам наступнай (напр., пры хлараванні метану CH4 паслядоўна ўтвараюцца метылхларыд CH3Cl, метыленхларыд CH3Cl2, трыхлорметан CHCl3, тэтрахлорметан CCl4); паслядоўна-паралельныя і інш. Гл. таксама Кінетыка хімічная, Рэакцыі хімічныя.
т. 14, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМУ́ЧВАННЕ,
раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).
т. 1, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСІТО́МЕТР,
прылада, з дапамогай якой на даследаваных фатаграфічных матэрыялах пасля праяўлення атрымліваюць шэраг пачарненняў і каляровых пацямненняў (сенсітаграму); сродак сенсітаметрыі. Для атрымання сенсітаграмы фотаматэрыял паслядоўна экспануюць (гл. Экспазіцыя) дазіраваным святлом зададзенага спектральнага саставу. Крыніца святла — лямпа напальвання; спектральны састаў святла мяняюць з дапамогай святлафільтраў, асветленасць дазіруюць фотаметрычным клінам.
т. 14, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЛЕКС-ПРАЦЭ́С у металургіі,
працэс вытворчасці сталі або чыгуну паслядоўна ў двух агрэгатах. У сталеплавільнай вытв-сці выкарыстоўваюць Д.-п. мартэнаўская печ — дугавая печ, канвертар — электрычная печ, індукцыйная вакуумная печ — дугавая вакуумная печ і інш., у чыгуналіцейнай вытв-сці вагранка — эл. печ. Пры Д.-п. выкарыстоўваюцца перавагі кожнага з плавільных агрэгатаў.
т. 6, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІКЕ́Р (Deniker) Жазеф (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),
французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.
т. 6, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)