КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕНГА́ГЕН (København),
горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс.ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс.ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л.вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім.прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.
Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.
Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл.цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.
У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.Д.Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.К.Хансенам у 1800—20, Т.Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.Бінесбёль, мастак І.Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх.А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».
У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л.Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.
Панарама Капенгагена.Да арт.Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.Да арт.Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),
форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час.Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш.грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш.стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Джэферсан, М.А.Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.Скарына, А.Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, Г.Пляханаў, У.Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.Арэнт, У.Ростаў, К.Попер, І.Шумпетэр, А.Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.
Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш.эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.
У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км2Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км2): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км2, на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШТ (Budapest),
горад, сталіца Венгрыі. У цэнтры краіны на берагах Дуная. Адм. ц. медзье Пешт. 1995,7 тыс.ж. (1993). Гіст.ч. горада — Буда (правы ўзгорысты бераг Дуная) і Пешт (левы раўнінны) злучаны 8 аўтамаб. і 2 чыг. мастамі. Трансп. вузел краіны — рачны порт, вузел 10 чыгунак і 8 шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт Ферыхедзь. Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прадпрыемствы горада выпускаюць каля 1/3прамысл. прадукцыі Венгрыі, у т. л. каля 60% прадукцыі машынабудавання: вытв-сць аўтобусаў, дызельных цягнікоў, трактароў, матацыклаў, энергет. абсталявання, суднаў, гумава-тэхн. вырабаў. Развіты металургія (выплаўка каляровых металаў, пракату), хімія (мінер. ўгнаенні, кіслоты), буд. індустрыя. У прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны — электроніка і электратэхніка, складанае прыладабудаванне, оптыка, тонкая хімія, мед. абсталяванне, фармацэўтычныя вырабы, тэлефонная і мікрахвалевая апаратура, тэлевізары і інш. Развіты лёгкая (тэкст., швейная, абутковая і інш.), паліграф. і харч. (мукамольная, кандытарская, мясакансервавая, піваварная, плодаагароднінная, вінаробчая і інш.) галіны. Старэйшы на еўрап. кантыненце метрапалітэн (1896).
Як горад Будапешт утвораны ў 1872 пасля аб’яднання гарадоў Пешт, Буда і Абуда (упершыню ўпамінаюцца ў 1148). На месцы Буды ў старажытнасці было пасяленне кельтаў, у 1—4 ст.рым. крэпасць Аквінк. З 1242 Буда — сталіца Венгрыі, з 1350 рэзідэнцыя венг. каралёў. На тэр. Пешта да 10 ст. існавалі слав. паселішчы. У 1541—1686 Буда і Пешт пад уладаю туркаў, з пач. 18 ст. ў складзе імперыі Габсбургаў. У 1848—49 і 1918—19 цэнтр рэв. руху. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45). Цэнтр Венгерскага паўстання 1956.
Вузкія вулачкі сярэдневяковай Буды кантрастуюць з прасторнымі кварталамі Пешта, шырокія радыяльныя магістралі якога перасякаюць 3 паўкальцы вуліц. Над Будапештам узвышаецца гара Гелерт (на правым беразе), укрытая садамі і паркамі, з помнікам Вызвалення (1947, скульпт. Ж.Кішфалудзі-Штробль). Сучаснае аблічча горада вызначаюць пераважна парадныя збудаванні канца 19—20 ст. У раёне Абуды — рэшткі стараж.-рымскага паселішча Аквінк (1—4 ст., 2 амфітэатры, храмы, тэрмы, т.зв. віла Геркулеса з мазаічнай падлогай, раннехрысц. базілікі). На ўзгорку ў раёне Буды — рэшткі замка (13 — пач. 20 ст.) з каралеўскім палацам (цяпер музей замка, уключае памяшканні Венг.нац. галерэі), жылыя дамы 13—18 ст., маўзалей Гюль-Баба і тур. лазні (16 ст.), гатычныя і барочны цэрквы і інш. У раёне Пешта — царква Бельвараш (15—18 ст.), Цэнтр. ратуша (1727—47, барока), Нац. музей (1837—47, арх. М.Полак, класіцызм), канцэртная зала «Вігада» (1858—64, нац. рамантыка), Оперны тэатр (1875—84, арх. М.Ібль, неарэнесанс), Музей прыкладнога мастацтва (1896, арх. Э.Лехнер, мадэрн), парламент (1884—1904, псеўдаготыка) і інш. 8 мастоў, якія звязваюць берагі Дуная, пераходзяць у магістралі Пешта. Пасля 2-й сусв. вайны пабудаваны Нар. стадыён (1948—53), Дом прафсаюзаў (1948—50), атэлі «Будапешт» (1968), «Дуна Інтэркантыненталь» (1970), «Форум» і «Атрыум» (пач. 1980-х г.). Былыя ўскраіны Будапешта забудаваны добраўпарадкаванымі жылымі раёнамі.
У Будапешце — Венг.АН (з 1825); Будапешцкі універсітэт (з 1635), Нац.венг.муз. акадэмія імя Ф.Ліста, мед. акадэмія і інш.ВНУ. Б-кі: Дзярж.б-ка імя Ф.Сечэньі (з 1802), Гар.б-ка імя Э.Саба (з 1904), універсітэцкая (з 1635), акадэмічная (з 1826) і інш. Музеі: Нац. музей (з 1802), Нац. галерэя (1957), Нац. музей натуральнай гісторыі (з 1802), Музей выяўл. мастацтваў (з 1896) і інш. Тэатры: оперны, нацыянальны (драматычны), аперэты і інш.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Будапешт. Набярэжная Дуная.Да арт.Будапешт. Панарама цэнтральнай часткі горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НА (Wien),
горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс.ж. (1991). Адзін з найб.трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал.прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сцьпрамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.
У 1 ст.н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн.Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал.еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену
ўведзены ням. войскі (гл.Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц.акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.
Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац.б-ка, 1723—25, арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.Земпер, К.Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.Л.Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.
У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-тсусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш.Нац.б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, І.Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.
Вена. Ратуша.Да арт.Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах. 1716—39.Да арт.Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau),
Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км². Нас. 18,5 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).
Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км²) і каля 200 каралавых астравоў. Макс.выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км² і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс.ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.
Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл.ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.
Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс.га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн.кВтгадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн.дол., імпарт — 72,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland),
Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic), дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс.км². Нас. 3555,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г.Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт.в-аўІрландыя.
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс.чал. за год.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст.ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл.Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл.парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац,вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль 6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв. вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841—8,2 млн., у 1851—6,5, у 1911—4;4 млн.чал.).
Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя«Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл.Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл.нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл.Гэльская ліга).
У 1914 брыт.парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт.парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ.ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва І.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал.паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.Ахерн. І. — чл.ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.
Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс.дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн.т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр.ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс.т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд.кВтгадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і 3 краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс.т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд.дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс.км, чыгунак 1,9 тыс.км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс.чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс.чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс.чал., 7 караблёў.
Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук.навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец. — тэхн., маст. і інш.спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч.г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац.ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар.ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.
Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар.ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.Бейнім) і сац.-быт. (М.Эджуарт, У.Карлтан) раманы. Ірл.л-ра развівалася ў рэчышчы нац.паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.Расела, І.А.Грэгары, П.Колума, Дж.Стывенса, Дж.Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г. — нац.-вызв. рух (Ш.О’Кейсі, П.О’Донел, Б.Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.О’Конар, М.Лэвін, Ш.О’Фаалейн, Б.Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.Дзілан, Т.Флэнаган, Дж.Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.Марцін «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйнейшага сучаснага ірл. раманіста У.Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.Бэнвіл і Д.Хоган. Ірл паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.Кларка, П.Кэванаха, Дж.Монтэгю, Т.Кінсела, Л.Мак-Ніс, Р.Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.Хіні.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз.брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.Робінсан, У.Чэймберс, Т.Кулі, Дж.Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.Скота і Т.Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.Морфі, Т.Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.Лэтам, Ф.Хасі, Э.Лі, Т.Фрай, Р.Хантэр, Ч.Джэрвас, С.Слоўтэр, Н.Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.Барэта, братоў Робертс, У.Эшфарда, У.Содлера. У канцы 18 ст. Дж.Бары, Х.Д.Гамільтан стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.Канінгем, Э.Сміт, у 19 ст. — Дж.Г.Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.Фішэр, Дж.А.О’Конар, Ф.Дэнбі), рамант. партрэт (Т.Хікі, Р.Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.Осбарн, У.Малрэдзі, Д.Мэклайс), пейзаж (Н.Хоўн Малодшы, Дж.Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.Б.Йітс і рэаліст Ч.Лэмб, С.Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.Джэлет, І.Хоўн, К.Мідлтан і Д.О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.Сутэр, В.Браўн, Б.Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.Балаф, Дж.Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.Скот, М.Фэрэл, Х.Хіран), сюррэалізм (П.Генесі, М.Гейл, Л.Ле Брокі).
Музыка. Узоры нар.ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн.нац.муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар.муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес.муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес.муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.Д.О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.Мэрфі, М.Келі, Дж.Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.Бекет, А.Дуф, Ф.Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн.муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл.нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.
Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл.нац.т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ.т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл.нац.драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.Сінга, Ш.О’Кейсі, Л.Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац.тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.Хілтан і М.Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн.тэатр. цэнтр — г. Дублін.
Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.Він-і-Сімандс) і інш.Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.Камерфард, Л.Малкус; акцёры Г.Бірн, Л.Нісан, Э.Дудзі, М.О’Шы, Ф.Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл.ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.
Літ.:
История Ирландии. М., 1980;
Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;
Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;
Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;
Яго ж. «Объятия судьбы»;
прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;
Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;
Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;
Arnold B. Irish Art. London, 1991;
Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.
Герб і сцяг Ірландыі.Да арт.Ірландыя. Горад Кланакілці на поўдні краіны.Да арт.Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.Да арт.Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.Да арт.Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.Да арт.Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.Да арт.Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.Да арт.Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.Да арт.Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.Да арт.Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.Да арт.Ірландыя. Э.Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.Да арт.Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.Да арт.Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.Гэндан. 1781—91.Да арт.Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.Кулі і Дж.Гэндан. 1786—1800.Да арт.Ірландыя. П.Канінгем. Уільям Мейпл.Да арт.Ірландыя. Ч.Лэмб. Дзіўная пара.Да арт.Ірландыя. Дж.Б.Йітс. Чаканне.Да арт.Ірландыя. Х.Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.