аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз.Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),
галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.
Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10−5м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЛАВА́Н (Барыс Федасеевіч) (н. 25.12.1937, в. Мартаноша Кіраваградскай вобл., Украіна),
бел.тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы (з 1962, гал. мастак з 1976), дзе аформіў спектаклі: «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972), «Апошні шанц» В.Быкава, «Брама неўміручасці» К.Крапівы (абодва 1974), «Святая прастата» А.Макаёнка (1976), «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава (1980), «Нарач» (1983) і «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) А.Дударава, «Апошні журавель» Дударава і А.Жука (1986), «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (1989), «Тутэйшыя» Купалы (1990), «Звон — не малітва» Чыгрынава (1992), «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата (1996), «Князь Вітаўт» Дударава (1997) і інш. У т-ры юнага гледача аформіў «Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна (1967), у т-ры музкамедыі — «Шклянка вады» Э.Скрыба (1994, муз. У.Кандрусевіча). Работы Герлавана вылучаюцца рэаліст. выразнасцю, багаццем вобразаў і каларыстычнай трапнасцю.
Л.Ф.Салавей.
Б.Ф.Герлаван.Б.Герлаван. Дэкарацыі да спектакля «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАННЕ,
сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.—кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКІ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Вілія, на аўтадарозе Варняны—Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 240 км ад Гродна. 891 ж., 251 двор (1997).
Вядомыя з 1511 як замак і мястэчка, засн. М.Мішковічам. У 16—17 ст. належалі Падбейпецічам, Забярэзінскім, Осцікавічам, Кішкам, Комарам, Мінкевічам. У 1709—73 дзейнічаў Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум. З 1795 у Рас. імперыі. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў Свянцянскім пав. Віленскай туб. У 1859—222 ж., 39 двароў. З 1921 у Польшчы, у Вілейскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1971—794 ж., 276 двароў.
Малое прадпрыемства «Надзея», лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная паляна», Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, 2 аптэкі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612) і сядзібны дом (з пейзажным паркам 19 ст.), пад які прыстасаваны кляштар езуітаў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТ,
мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т. л. лясныя), горныя (у т. л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.
Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т. л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,
на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗ — воз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс.га, з іх асушана 33 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.