МЯ́СТРА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, каля г. Мядзел, у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Пл. 13,1 км2, даўж. 5,8 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 11,3 м, даўж. берагавой лініі 20,2 км, аб’ём вады 70,2 млн. м³. Пл. вадазбору 130 км2. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр, нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу. 2 мысы (горы Конеўка і Галыжына), якія далёка ўразаюцца ў возера, аддзяляюць паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. 2—3 м (на Пн і ПнУ 6—10 м), спадзістыя, разараныя, на Пд і ПдЗ укрытыя лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўн. лука і інш). Берагі на Пн і ПнУ абразіўныя, зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія, пясчаныя, на Пд і У забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал выш. да 1 м. Дно паўн. плёса са шматлікімі пясчанымі і пясчана-жвіровымі падняццямі і ўпадзінамі (глыб. 8—11 м). У паўд. плёсе глыб. да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, завалуненая. Глыбей пашыраны сапрапелі і ілы гляі*. Сярэдняя магутнасць асадкаў 4—5 м, у залівах да 7—8 м. Ваганні ўзроўню вады да 40 см за год. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 2-й дэкады красавіка; найб. таўшчыня лёду 75 см. Вял. колькасць кіслароду, мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,5 м. Эўтрофнае. Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (шыр. да 300 м). Падводная расліннасць да глыб. 4 м. Іхтыяфауна ляшчова-судаковая, водзіцца вугор. Зарыбленне (судак, сазан і інш.). Багатая арнітафауна. М. злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема (даўж. 200 м) у воз. Нарач. Рыбалоўства. Курортная зона. Гідралагічныя назіранні з 1961. На паўд. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, на У паміж азёрамі М. і Баторына помнікі прыроды Качаргінская ірада, вял. камень Качаргінскі.

Літ.:

Боровик Е.А. Рыбопромысловые озера Белоруссии. Мн., 1970.

Б.П.Уласаў.

На беразе возера Мястра.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)