КАЛЯРО́ВЫ ДРУК,

спосаб узнаўлення на паперы, тканіне ці інш. матэрыяле шматфарбавых відарысаў і выяў (твораў жывапісу, каляровых фотаздымкаў, рысункаў і інш.). Робіцца з дапамогай спец. друкарскіх форм, колькасць якіх звычайна адпавядае колькасці фарбаў. Гл. Шматкаляровы друк.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́О, лаосцы,

група народаў, асн. насельніцтва Лаоса (2,95 млн. чал.). Жывуць таксама на Пн і ПнУ Тайланда (15 млн. чал.), у інш. краінах Індакітая.

Агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Гавораць на лаоскай мове. Вернікі — будысты.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СА (ад лац. massa камяк, кавалак),

1) вялікая колькасць, буйное скопішча чаго-небудзь.

2) Паўвадкае або цестападобнае бясформеннае рэчыва; густая сумесь (паўфабрыкат) у вытв-сці некаторых тавараў (напр., папяровая маса).

3) Фізічная велічыня (гл. Маса ў фізіцы).

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,

спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр. інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б. СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у т. л. стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,

умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».

У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́Р у музыцы, тактавы памер,

колькасная характарыстыка тактавага метра; паказвае колькасць рытмічных адзінак (доляў) у такце. Абазначаецца дробам без рыскі ў пачатку твора або пры змене метра: лічнік — колькасць метрычных доляў у такце, назоўнік — рытмічная (часавая) працягласць долі.

Асн. памеры — простыя (​2/2; ​2/4; ​3/2; ​3/4; ​3/8), з якіх шляхам іх злучэння ўтвараюцца складаныя 2- і 3-дольныя (​4/4 або C; ​6/4; ​6/8; ​9/4; ​12/8) і мяшаныя, утвораныя злучэннем неаднатыпных простых П. (​5/4; ​7/4; ​7/8; ​11/4). Пры чаргаванні тактаў з рознай метрычнай арганізацыяй узнікае пераменны П., які можа быць перыядычны (з раўнамерным чаргаваннем тактаў) і свабодны.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЯ СІ́ЛА,

1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).

2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’Е́ТЫ, в’етнамцы,

нацыя, асн. насельніцтва В’етнама (больш за 54,5 млн. чал.). Жывуць таксама ў Кампучыі, Тайландзе, Лаосе, ЗША і інш. Агульная колькасць 55 млн. чал. (1987). Гавораць на в’етнамскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць будысты, ёсць хрысціяне, мусульмане і інш.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ТЫ (саманазва бурат),

нацыя, асн. насельніцтва Бураціі (206,9 тыс. чал.). Усяго ў краінах СНД 353 тыс. чал. (1979). Жывуць таксама на Пн Манголіі і ПнУ Кітая. Агульная колькасць 453 тыс. чал. (1987). Гавораць на бурацкай мове. Паводле рэлігіі ламаісты.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)