1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш. сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРЫЙ А. (сапр.Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в. Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),
бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.
Тв.:
Творы. Мн., 1993.
Літ.:
Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;
Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́Я́НКІ КУПА́ЛЫў Германіі.
Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч.г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Настаўнікі гімназіі ў Розенгайме. Сядзяць (злева направа): невядомая, А.Вініцкі, епіскап Васіль (Тамашчык), М.Равенскі, А.Савёнак, Л.Савёнак; стаяць: І.Муха, М.Кунцэвіч, А.Каханоўскі, В.Кажан. В.Кендыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАНКА Антон Сямёнавіч (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),
савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам.нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;
Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;
Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
А.С.Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),
адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзін раз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.Арахоўскага, Г.Аўласенкі, Р.Баравіковай, У.Бутрамеева, В.Жуковіча, Х.Жычкі, С.Кавалёва, Г.Марчука, Я.Міклашэўскага, Т.Мушынскай, Л.Рублеўскай, І.Сідарука, А.Федарэнкі, І.Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.Аляхновіча, Н.Арсенневай, К.Буйло, М.Радзівіла, Л.Родзевіча, М.Чарота, В.Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.Баршчэўскага, А.Пушкіна, А.К.Талстога, Л.Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХАРО́ШКІ», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Засл.калектыў Беларусі (1999). Створаны ў 1974 (да 1985 у складзе Бел. філармоніі). Маст. кіраўнік і гал. балетмайстар В.Гаявая (да 1975 з М.Дудчанкам). Аб’ядноўвае танц. і інстр. групы, выканаўцаў нар. песень (вак. квартэт «Купалінка»; да 1987). Праграмы будуюцца ў выглядзе цэласнага тэатр. відовішча, у якім арганічна ўзаемазвязаны ўсе групы. Спалучае фалькл.нац. пачатак з сучаснай рытмікай і экспрэсіяй; для яго ўдзельнікаў характэрны пачуццё ансамбля, артыстызм. У рэпертуары бел.нар. танцы («Мітусь», «Вясковыя скокі», «Крутуха», «Цярэшка», «Гусарыкі», «Крыжачок», «Лявоніха», «Кросны», «Віцебскія закаблукі», «Гомельская кадрыля», «Таўкачыкі» і інш.), вак.-харэаграфічныя кампазіцыі («Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны»), варыяцыі на тэмы стараж.бел. абрадаў («Тураўская легенда»), сюіта «Субота»; разгорнутыя тэатр. праграмы «Па старонках Полацкага сшытка» (гіст. балет), «Бывай, 20-е стагоддзе!» (засн. на гар. фальклоры 20 ст.) і інш. У муз. суправаджэнні выкарыстоўваюцца бел.нар. інструменты: ліра, гудок, цымбалы, басэтля, жалейкі, у т. л. саломкі, чароткі і інш. Сярод салістаў ансамбля ў розныя часы Ф.Балабайка, В.Карэлікава, А.Кашталапаў, А.Гура-Гаявая. Пры «Х.» створана школа-студыя (з 1987; кіраўнік М.Цітова). Лаўрэат Усесаюзнага агляду-конкурсу прафес.маст. калектываў (1-я прэмія, 1977). Прэмія Ленінскага камсамола 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт «Харошкі» (1978).
Літ.:
Загородний Г. Хороши «Хорошки»! // Панорама, 1984. М., 1985.
Г.М.Загародні.
Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАШАЛЕ́ВІЧ Васіль Антонавіч (9.1.1897, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.10.1941),
бел.драматург. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Магілёве (1910—14), Яраслаўскім юрыд. ліцэі (1915—16). Настаўнічаў на Краснапольшчыне і ў Мінску (1917—24). У час працы ў Краснапольскай школе (1918) разам з сёстрамі і братам А.Мрыем стварыў тэатр.калектыў, для якога пісаў п’есы. Працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе. У 1930—31 і 1937—41 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1920-х г. На фалькл.-этнагр. матэрыяле напісаў казку-феерыю «Апраметная» (паст.Бел.драм. студыяй у Маскве, 1925, БДТ-2, 1926), у якой алегарычнымі сродкамі паказаў гіст. лёс Беларусі. Драмы «Змрок» (паст. БДТ-1, 1927), «Воўчыя ночы» (1928—29), «Рой» (1931) прысвечаны нараджэнню новых сац.-эканам. і паліт. узаемаадносін у бел. вёсцы. У антыфаш. драме «Сімфонія гневу» (паст. БДТ-1, 1935) паказаны трагічныя перыпетыі выжывання творчай інтэлігенцыі ў атмасферы таталітарнага рэжыму. На бел. мову пераклаў драм. жарты А.Чэхава «Мядзведзь» і «Сватанне».
Тв.:
Рой // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2;
Сімфонія гневу // Тэатр. Беларусь. 1992. № 4.
Літ.:
Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;
Яго ж. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986. С. 47—53;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;
Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.Т. 2. 2 выд.Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес.калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел.дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел.муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел.нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз.Дзярж.нар. аркестр БССР, імя І.Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.Алоўнікава, А.Багатырова, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, Жыновіча, Э.Зарыцкага, В.Іванова, С.Картэса, У.Кур’яна, А.Мдывані, В.Помазава, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.Александроўская, Л.Аляксеева, З.Бабій, І.Балоцін, М.Ворвулеў, С.Данілюк, М.Дзянісаў, С.Друкер, В.Малькова, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, І.Пятроў, І.Сарокін, Н.Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш.Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.
Літ.:
Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;
Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.И.Жиновича. Мн., 1978.
А.Я.Ракава.
Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.