СІД КАМПЕАДО́Р [Cid Campeador, сапр. Дыяс дэ Бівар (Díaz de Bivar) Радрыга; каля 1043, Бівар, каля г. Бургас, Іспанія — 10.7.1099],
палкаводзец у час Рэканкісты, ісп. нацыянальны герой. Служыў каралю Санча II, разам з якім выхоўваўся пры двары. Пасля забойства Санча II (1072) на службе ў караля Альфонса VI Ліёнскага і Кастыльскага. Трапіў у няміласць, з 1081 у ссылцы; служыў правадыру маўраў Сарагосы. Пасля прымірэння ў 1086 з Альфонсам VI падпарадкаваў яму ўсе тэр. на У Іспаніі. У 1094 атрымаў перамогу над Альмаравідамі ў бітве за Валенсію, якой кіраваў да сваёй смерці як самастойны манарх. Вобраз С.К. адлюстраваны ў ісп. нар. эпасе «Песня пра майго Сіда», у творах П.Карнеля, І.Гердэра і інш.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),
князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.М.Карамзіна, сын кн. Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.
Л.У.Калядзінскі.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.
Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Ванеса (н. 30.1.1937, Лондан), англійская актрыса.
Дачка М.С.Рэдгрэйва. Скончыла Цэнтр. школу музыкі і танца. У 1957 дэбютавала ў т-ры, з 1958 у кіно. Адна з найб. яркіх інтэлектуальных актрыс у сусв. кіно, з буйным тэмпераментам, моцным характарам. Знялася ў фільмах рэж. М.Антаніёні [«Фотапавелічэнне» («Блоу-ап»), 1967], англ. рэжысёраў Т.Рычардсана («Марак з «Гібралтара», 1967; «Атака лёгкай брыгады», 1968), К.Рэйса («Морган, выпадак, прыдатны для лячэння», 1966; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах; «Айседора», 1968; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), К.Расела («Д’яблы», 1971), амер. рэжысёраў Ф.Цынемана («Джулія», 1977; прэмія «Оскар»), С.Люмета («Забойства ва Усходнім экспрэсе», 1974), Дж.Шлезінгера («Янкі», 1979) і інш. Сярод фільмаў 1990-х г.: «Хоўардс Энд» («Сядзіба Хоўардс Энд»), «Дом духаў», «Месяц каля возера», «Місія немагчыма», «Дэжа вю», «Нязваны», «Мірка» і інш.
т. 13, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧОН ДУ ХВАН (н. 18.1.1931, прав. Кёнсан-Намдо, Рэспубліка Карэя),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген. (1978). Скончыў Карэйскую ваен. акадэмію (1955), служыў у арміі. Камандаваў паўд.-кар. войскамі ў Паўд. В’етнаме ў 1960-я г. Кіраваў расследаваннем забойства прэзідэнта Пак Чжон Хі (26.10.1979), што выкарыстаў для расправы з паліт. канкурэнтамі. У маі 1980 узначаліў дзярж. пераварот, жорстка падавіў нар. паўстанне ў г. Кванчжу. У жн. 1980 прымусіў парламент выбраць сябе прэзідэнтам Рэспублікі Карэя (1980—88). Працягваў эканам. палітыку Пак Чжон Хі, якая спрыяла хуткаму росту эканомікі, паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. З 1988 у адстаўцы. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвым зняволеннем) за масавыя забойствы у г. Кванчжу ў 1980 і карупцыю ў час яго прэзідэнцтва. Памілаваны ў 1998.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,
войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр. крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш. Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл. Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс. чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр. 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж. 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598 франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.
Літ.:
Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 14, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ Септымія (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕРБЕРГ (Meyerberg) Аўгусцін (жн. 1612, Сілезія — 23.3.1688),
аўстрыйскі дыпламат. Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
А.В.Белы.
т. 9, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ГНЕР Вера Мікалаеўна (7.7.1852, с. Хрыстафораўка, Татарстан — 15.6.1942),
дзеяч рэв. народніцтва ў Расіі. Вучылася ў Цюрыхскім і Берлінскім ун-тах (1872—75). У народніцкім руху з 1873. З 1879 чл. Выканкома «Народнай волі», удзельнічала ў падрыхтоўцы замахаў на цара Аляксандра II у Адэсе (1880) і Пецярбургу (1881), арганізавала забойства адэскага ваен. пракурора ген. Стрэльнікава (30.3.1882), падтрымлівала сувязі з бел. нарадавольцам М.Э.Янчэўскім. У 1882—83 спрабавала аднавіць разгромленую паліцыяй «Нар. волю». 22.2.1883 арыштавана і прыгаворана да смяротнага пакарання, замененага катаргай. Да кастр. 1904 зняволена ў Шлісельбургскай крэпасці, потым — у ссылцы. У 1906 выехала за мяжу, дзе праводзіла кампанію ў абарону рас. паліт. зняволеных. У 1907—09 належала да эсэраў. З 1915 у Расіі, займалася пераважна літ. дзейнасцю.
Тв.:
Запечатленный труд: Воспоминания. Т. 1—2. М. 1964.
Літ.:
Матвеева И.Е. Вера Фигнер. М., 1961.
М.В.Біч.
т. 16, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ШНІГ (Schuschnigg) Курт фон (14.12.1897, г. Рыва, Італія — 18.11.1977),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстрыі. Юрыст. Вучыўся ў Інсбрукскім ун-це. З 1927 дэп. Нац. савета. У 1932—34 міністр юстыцыі, адначасова ў 1933—34 міністр асветы. Пасля забойства Э.Дольфуса з 30.7.1934 федэральны канцлер Аўстрыі, адначасова міністр асветы (1934—36), абароны (1934—38), замежных спраў (1936—38). З 1936 узначальваў Айч. фронт. Пад націскам А.Гітлера і ва ўмовах неспрыяльных унутр. і знешнепаліт. абставін змушаны заключыць аўстра-герм. пагадненні 1936 і 1938, якія прывялі да яго адстаўкі (11.3.1938) і аншлюсу Аўстрыі. У 1941—45 зняволены ў канцлагеры Заксенхаўзен. У 1947—67 жыў у ЗША (з 1948 праф. Каталіцкага ун-та ў г. Сент-Луіс). Аўтар твора «Рэквіем у чырвона-бела-чырвоным» (1978).
Літ.:
Hopfgartner A Kurt Schuschnigg: Ein Mann gegen Hitler. Graz, 1989.
У.Я.Калаткоў.
т. 17, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)