ШУ́ШНІГ (Schuschnigg) Курт фон (14.12.1897, г. Рыва, Італія — 18.11.1977),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстрыі. Юрыст. Вучыўся ў Інсбрукскім ун-це. З 1927 дэп. Нац. савета. У 1932—34 міністр юстыцыі, адначасова ў 1933—34 міністр асветы. Пасля забойства Э.Дольфуса з 30.7.1934 федэральны канцлер Аўстрыі, адначасова міністр асветы (1934—36), абароны (1934—38), замежных спраў (1936—38). З 1936 узначальваў Айч. фронт. Пад націскам А.​Гітлера і ва ўмовах неспрыяльных унутр. і знешнепаліт. абставін змушаны заключыць аўстра-герм. пагадненні 1936 і 1938, якія прывялі да яго адстаўкі (11.3.1938) і аншлюсу Аўстрыі. У 1941—45 зняволены ў канцлагеры Заксенхаўзен. У 1947—67 жыў у ЗША (з 1948 праф. Каталіцкага ун-та ў г. Сент-Луіс). Аўтар твора «Рэквіем у чырвона-бела-чырвоным» (1978).

Літ.:

Hopfgartner A Kurt Schuschnigg: Ein Mann gegen Hitler. Graz, 1989.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)