«ТРЭЦЯЧЭ́РВЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва паліт. рэжыму ў Расійскай імперыі пасля падзей 3(16).6.1907 (роспуск 2-й Дзярж. думы, новае выбарчае заканадаўства, якое істотна абмежавала выбарчыя правы рабочых, сялян і жыхароў нац. ускраін), якія многія гісторыкі разглядаюць як дзярж. пераварот і канец рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1907 — пач. 1917 у Расіі працягвала фарміравацца канстытуцыйна-дуалістычная манархія, дзе заканад. ўлада належала імператару і двухпалатнаму (Дума і Дзярж. савет) парламенту, вышэйшая выканаўчая — імператару і адказным перад ім міністрам, вышэйшая суд. і кантрольная — Сенату. Аднак паводле заканадаўства 1906 («Збор асноўных законаў Расійскай імперыі») імператар заставаўся носьбітам самадзяржаўнай (абсалютнай) улады. Пытанне аб дзярж. форме кіравання ў Расіі ў 1907 — лют. 1917 застаецца дыскусійным. Напр., паводле класіфікацыі рас. правазнаўца В.​Чыркіна, Расія ў той час валодала сегментарнай дзярж. формай, якая дапускала пэўны падзел функцый паміж рознымі дзярж. ін-тамі пры ажыццяўленні паліт. улады, але пры адсутнасці сістэмы стрымліванняў і проціваг галін улады фактычна дамінавала выканаўчая ўлада ў асобе імператара. Пры правядзенні праз Думу розных па сац. накіраванасці законаў урад звычайна апіраўся на блокі найб. шматлікай, праваліберальнай фракцыі акцябрыстаў з памяркоўна-правымі дэпутатамі або, наадварот, з леваліберальнай фракцыяй кадэтаў (тактыка банапартызму). Урад П.А.Сталыпіна (1906—11) праводзіў агр. і інш. рэформы, рашуча і жорстка змагаўся з рэв. рухам. Ва ўмовах 1-й сусв. вайны ўлада імператара ўзмацнілася, 16.9.1915 прыпынена дзейнасць Дзярж. думы. Працяглы ўрадавы крызіс 1915—17 (змяніліся 4 старшыні ўрада, шмат міністраў) непасрэдна папярэднічаў Лют. рэвалюцыі 1917, якая паклала канец «Т.м.».

Літ.:

Чиркин В.Е. Элементы сравнительного государствоведения. М., 1994. С. 22—24;

Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст.—люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 4.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАДЗІ́НСТВА,

філасофскае паняцце, якое характарызуе цэласнасць і арганічнае адзінства універсальнага сусветнага быцця, узаемапранікненне і раздзельнасць яго састаўных элементаў, іх тоеснасць адзін аднаму і цэламу пры захаванні якаснай спецыфічнасці і індывідуальнасці. У гісторыі філасофіі ідэя У. знайшла адлюстраванне ў неаплатанізме, хрысц. платанізме, рэліг.-містычных дактрынах (кабала, тэасофія, антрапасофія), ням. класічнай філасофіі (Г.​Гегель, Ф.​Шэлінг). Найб. поўнае выяўленне ідэя У. атрымала ў рус. «філасофіі У.» ў 19—20 ст. Заснавальнік «філасофіі У.» — У.С.Салаўёў; яе развівалі С.​М.​Трубяцкой, Я.​М.​Трубяцкой, П.​А.​Фларэнскі, С.​Л.​Франк. Л.​П.​Карсавін, С.​М.​Булгакаў, М.​А.​Лоскі і інш. Паняцце У. ў «філасофіі У.» мае найперш анталагічны змест, але закранае і гнасеалагічныя, этычныя, сацыялагічныя, антрапалагічныя і інш. аспекты. Пры распрацоўцы вучэння пра У. Салаўёў імкнуўся да стварэння цэласнага светапогляду, у аснову анталогіі ён паклаў прынцып станоўчага У., пад якім разумеў адзінства састаўных элементаў быцця ў Абсалюце. Існаванне рэальнай множнасці рэчаў і іх раз’яднанасць ён тлумачыў унутр. дыялектыкай Абсалютнага-Звышіснага. Пад адзінствам элементаў быцця Салаўёў разумеў дыялектычна супярэчлівае ўзаемадзеянне мноства сіл і тэндэнцый, дзе гал. роля належыць фактарам інтэграцыі: Сусв. душы, Сафіі і Богачалавецтву. У аснове гнасеалагічнага абгрунтавання «філасофіі У.» — ідэя існавання 2 тыпаў ведаў і адпаведных ім тыпаў быцця: абстрактных лагічных ведаў у выглядзе паняццяў, суджэнняў і інш. (у анталагічным плане ім адпавядае прадметная рэальнасць) і «жывых ведаў» (у анталагічным плане ім адпавядае сапраўднае быццё, звышрэальнасць). Калі абстрактныя веды жорстка падпарадкоўваюцца законам логікі, то «жывыя веды» характарызуюцца зліццём суб’екта пазнання з аб’ектам, адкрытасцю і незавершанасцю. «Філасофія У.» як самаст. кірунак развівалася да сярэдзіны 20 ст.; яе ідэі пра сутнасць сусв. быцця, пра ўзаемадзеянне духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў паўплывалі на далейшае развіццё рас. філасофіі.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Т. 1—2. Л., 1991;

Гайденко П.П. Диалектика «теокосмического всеединства» // Идеалистическая диалектика в XX столетии. М., 1987;

Хоружий С.С. После перерыва. Пути русской философии. СПб., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА Язэп (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848 У ФРА́НЦЫІ,

першая з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, якая прывяла да скасавання рэжыму Ліпеньскай манархіі і ўсталявання ў Францыі Другой рэспублікі. Пачалася на хвалі вострай незадаволенасці грамадства эканам. становішчам, панаваннем у паліт. жыцці буйной фін. буржуазіі, адсутнасцю ўсеагульнага выбарчага права, уціскам грамадз. свабод. Рэвалюцыі папярэднічала шырокая паліт. кампанія апазіцыі ў форме банкетаў у падтрымку выбарчай рэформы Забарона аднаго з такіх банкетаў выклікала 22.2.1848 у Парыжы масавыя дэманстрацыі, якія 23—24 лют. перараслі ў нар. паўстанне. У выніку кароль Луі Філіп вымушаны быў адрачыся ад прастола і пакінуць Францыю. У сфарміраваны 24 лют. часовы ўрад Францыі ўвайшлі як памяркоўныя рэспубліканцы, т.зв. паліт. дэмакраты са старой паліт. эліты (А.Ламарцін, Ж.​Ш.​Дзюпон дэ л’Эр, Л.​А.​Гарнье-Пажэс, І.​А.​Крэм’ё, А.​А.​Ледру-Рален), так і сацыялісты (Ж.Ж.Л.Блан і кіраўнік адной з тайных суполак рабочы А.Альбер). 25 лют. часовы ўрад абвясціў Францыю рэспублікай. Пад націскам патрабаванняў рабочых аб праве ўсіх на гарантаваную працу 25 лют. ўрад дэкрэтаваў гэта права: створаны нацыянальныя майстэрні, Люксембургская камісія для распрацоўкі мер па паляпшэнні становішча працоўных. 4 сак. абвешчана ўсеагульнае выбарчае права. Адначасова цяжкое фін. становішча прымусіла ўрад увесці дадатковы 45%-ны падатак, які закрануў інтарэсы дробных уласнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход (23—24 крас.) большасць галасоў атрымалі паліт. дэмакраты, а сацыялісты і сац.-дэмакраты пацярпелі паражэнне. Трэць месцаў у Сходзе атрымалі кансерватары розных манархісцкіх груповак. 4 мая першае пасяджэнне Сходу пацвердзіла абвяшчэнне рэспублікі. У створаны Сходам урад — Выканаўчую камісію — сацыялісты не ўвайшлі. 15 мая масавая дэманстрацыя на чале з А.Бланкі і інш. радыкаламі спрабавала захапіць будынак парламента і разагнаць Устаноўчы сход. Гэтыя падзеі паскорылі палярызацыю паліт. сіл у Францыі. Роспуск урадам 21 чэрв. нац. майстэрняў выклікаў 23—26 чэрв. паўстанне рабочых Парыжа. Яно было жорстка задушана нац. гвардыяй на чале з ген. Л.Э.Кавеньякам, які фактычна і ўзначаліў рэсп. ўрад. 4 ліст. Устаноўчы сход прыняў канстытуцыю, якая ўсталявала ў Францыі прэзідэнцкую рэспубліку з аднапалатным парламентам. На прэзідэнцкіх выбарах 10 снеж. прэзідэнтам Францыі абраны Луі Напалеон Банапарт (гл. Напалеон III), які 2.12.1851 здзейсніў дзярж. пераварот, што азначала канчатковае паражэнне рэвалюцыі.

Літ.:

Застенкер Н. Революция 1848 г во Франции. М., 1948;

Революции 1848—1849 Т. І—2. М., 1952;

Собуль А. Из истории Великой буржуазной революции 1789—1794 гг. и революции 1848 г. во Франции: Пер. с фр. М., 1960.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ (Henri),

імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:

Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.

Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл. Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл. Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.

Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.​Равальякам.

Да арт. Генрых (каралі Францыі). Генрых III.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХІКА (México, Méjico),

горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд. ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн. ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн. чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн.

Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).

Стары горад размешчаны на месцы стараж. г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.​Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.​Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.​Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л. гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.​Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.​Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ва арх. К.​Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.​Сікейрас, Д.​Рывера, Х.​Чавес Марада, Х.​О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.​Пані, С.​Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.​Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.​Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.​Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.​Калумбу (1852—92, М.​Вілар, і 1876—77, Ш.​Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.​Рывас Меркада), С.​Балівару (1946, М.​Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.​Абрэгон Сантасілья) і інш. Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац. ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац. політэхн. ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац. б-ка Нац. АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Мексіка.

Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.
Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛСУ́ДСКІ (Piłsudski) Юзаф Клемент (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),

польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч. тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл. Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.​Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.​Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш. дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр. нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.

Тв.:

Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;

Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;

Рус. пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;

Пилсудский Ю. Война 1920 г. М., 1992.

Літ.:

Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;

Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;

Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;

Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;

Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.

Р.​Р.​Лазько.

Ю.​К.​Пілсудскі.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗ’ЯДНА́ННЕ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ З БССР,

акт гіст. справядлівасці, ліквідацыя падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921, што быў вынікам польска-сав. вайны 1919—20 (гл. Савецка-польская вайна 1920). Адбылося ў вер. 1939. У Заходняй Беларусі, якая на працягу 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, насельніцтва краю падвяргалася жорсткай сац. і нац. эксплуатацыі. Кіруючыя колы Польшчы не прызнавалі беларусаў як нацыю, праводзілі палітыку іх прымусовай паланізацыі і асіміляцыі. імкнуліся вывесці з ужытку само паняцце «Заходняя Беларусь», замяніўшы яго назвай «крэсы ўсходне». У Зах. Беларусі пасля далучэння яе да Польшчы вялася рэв. і нац.-вызв. барацьба, якую падтрымліваў урад БССР. У 1-й пал. 1920-х г. антыпольскі рух адбываўся пераважна ў форме ўзбр. партыз. выступленняў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). У маі—чэрв. 1926 створана 100-тысячная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя Беларуская сялянска-работніцкая грамада, якая да 1927 разгромлена польскімі ўладамі. Арганізоўвала барацьбу працоўных за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР у адзінай дзяржаве Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Пра непрыняцце бел. народам польскай улады і парадкаў сведчылі масавыя забастоўкі рабочых, узбр. выступленні сялян. Польскі ўрад жорстка душыў рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі. За ўдзел у ім пад рэпрэсіі трапіла больш за 30 тыс. чал., з іх каля 300 чал. прыгаворана да пакарання смерцю. Для ізаляцыі праціўнікаў рэжыму ў 1934 быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Магчымасць уз’яднання бел. народа была рэалізавана з пачаткам другой сусветнай вайны 1939—45, калі Польшча ў выніку нападу на яе фаш. Германіі пацярпела паражэнне, а польскі ўрад пакінуў краіну. У тых умовах паводле загаду сав. кіраўніцтва Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла сав.-польскую граніцу і заняла тэр. Зах. Беларусі (Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяв.) і Зах. Украіны, а таксама г. Вільню і Віленскі край. Да 1.10.1939 сав. войскі ўзялі пад кантроль беларускую этнічную тэр. Зах. Беларусі. Тут былі ўтвораны органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, узбр. атрады рабочых (рабочая гвардыя); у мястэчках і вёсках — сял. к-ты, атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. 1.10.1939 Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло пастанову «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», паводле якой склікаліся Нар. сходы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Яны павінны былі вырашыць пытанні аб дзярж. уладзе, уваходжанні ў склад СССР, перадачы памешчыцкіх зямель сял. к-там, нацыяналізацыі буйной прам-сці і банкаў. Народны сход Заходняй Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР, абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў. Было таксама прынята рашэнне аб устанаўленні ў Беластоку помніка загінуўшым змагарам за вызваленне бел. народа (не рэалізавана). 2.11.1939 нечарговая 5-я сесія Вярх. Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Зах. Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР Нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР (12—14.11.1939) прыняла Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у якім гаварылася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве». Гэтым актам была юрыдычна замацавана этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. (11.9.1990 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прыняў Указ «Аб аб’яўленні 14 лістапада Днём уз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР»).

Літ.:

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;

Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навукова-тэарэт. канф. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 3 (1928 г. — чэрв. 1941 г.). Мн., 2001.

У.​М.​Міхнюк.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.

Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першая бел. П.п. — Бел. рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Каганец), В.​Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр. с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў Беларусі, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.

Літ.:

Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;

Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;

Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)