ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр.Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел.дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.Сасюры, Е.Стулпана і інш.