Існаваў у 14—18 ст. у мяст.Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.
Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГКО́Р,
комплекс індуісцкіх і будыйскіх храмаў, палацаў, вадасховішчаў і адводных каналаў каля г. Сіемрэап (Камбоджа). Пабудаваны ў 9—13 ст. Выяўлены ў джунглях у 19 ст.
Захаваліся руіны стараж. сталіц Камбоджы Яшодхарапуры (засн. ў канцы 9 ст.) і Ангкор-Тхома (засн. ў канцы 12 ст.—1432, пл. 7,9 км², цэнтр. храм Баён) — каменныя цокалі драўляных палацаў, «храмы-горы» ў выглядзе ступеньчатых пірамід, у т. л. буйнейшы Ангкор-Ват (каля 1113—50; пл. 1300 м х 1500 м, вышыня 66 м). Вызначаецца строга геам. планам, велічнай гармоніяй кампазіцыі: «храм-гару» абкружаюць галерэі з каланадамі, павільёнамі варот і вуглавымі вежамі. Багатае скульпт. ўбранне Ангкору: рэльефы з батальнымі і быт. сцэнамі, фігурамі міфалагічных істот, у Ангкор-Тхоме гіганцкія твары багоў на вежах варот і храма Баён. Сілуэт вежаў Ангкор-Вата змешчаны на гербе Камбоджы.
Літ.:
Маршаль А. Ангкор: Пер. з фр.М., 1964.
Да арт.Ангкор. Фрагмент барэльефа храма Ангкор-Ват.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,
ваенна-палітычная арг-цыяўкр.казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННІў тэхніцы,
сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).
Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл.Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІВО́ДА (Ігар Ігаравіч) (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),
бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр. музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр.арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Л.Пранчака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРУ́СКІ МУР»,
спецыфічны тып агараджальнай канструкцыі будынкаў (фахверка) на Беларусі. Аснову канструкцыі складаў драўляны каркас з верт. стоек, злучаных гарыз. бэлькамі, раскосамі і крыжовымі сувязямі. Прамежкі паміж элементамі каркаса запаўнялі каменем, цэглай або глінай, часта атынкоўвалі і бялілі, а каркас пакідалі адкрытым, і ён утвараў на паверхні сцен характэрны дэкар. малюнак.
Тэхніка «П.м.» запазычана з Зах. Еўропы. Пашырана ў 15—17 ст. у буд-ве пераважна малапавярховых абарончых збудаванняў (брама замка ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на), жылых, гасп. і вытв. будынкаў. У 18 ст.дэкар. матывы «П.м.» выкарыстоўваліся для аздаблення сцен манум.драўляных будынкаў (брама Пінскага замка). У тэхніцы «П.м.» да пач. 20 ст. пабудаваны жылыя дамы ў вёсках Грозаў Капыльскага, Заазер’е Нясвіжскага р-наў Мінскай вобл., гасп. пабудова ў в. Манькавічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл., вадзяны млын у в. Гервяты Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Ю.А.Якімовіч.
Жылы дом, пабудаваны ў тэхніцы «прускага муру» ў вёсцы Заазер’е Нясвіжскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.