працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.
Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш.Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.
На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс.км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),
цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ (Улас Міхайлавіч) (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДЗЬКА (Эдзюк) (Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),
бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ.«Светач», з Ц.Гартным супрацоўнічаў у газ.«Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч. вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ.«Бацькаўшчына» і інш.
Літ.:
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. coalesco зрастаюся, злучаюся),
зліццё кропель вадкасці ці бурбалачак газу пры іх сутыкненні ў рухомым асяроддзі (вадкасць, газ). Ідзе самаадвольна пры пастаяннай т-ры з памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы і ступені дысперснасці эмульсій і пен, што прыводзіць да іх распластавання на 2 фазы: вадкасць 1 — вадкасць 2 ці вадкасць — газ. К. — прычына выпадзення атм. ападкаў (дажджу, расы) з воблакаў і туману. Адбываецца пры абязводжванні нафты, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў аэразольным метадам, пенатушэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К для тэрмічнай рэзкі, прыстасаванне для падводу падагравальнага полымя і рэжучага струменя кіслароду ў зону рэзкі металу пры кіслароднай рэзцы, а таксама флюсу — пры кіслародна-флюсавай рэзцы; прыстасаванне, што падводзіць ток да электрода, падае ахоўны і рабочы газ у зону рэзкі пры плазменна-дугавой рэзцы; прыстасаванне для падводу току да электрода і падачы паветра ў зону рэзкі металу пры паветрана-дугавой рэзцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́САС (Іонас Пятровіч) (20.3.1912, Вільня — 3.4.1975),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. Засл. дз.
культ. Літ. ССР (1962). З 1930 сакратар Літоўскага бюро ЦККПЗБ, рэдактар нелегальных камуніст. выданняў «Barikada» («Барыкада»), «Bediãvis» («Бязбожнік»), легальнай газ. «Žinios» (Паведамленні»), літ.-маст. выданняў. У 1932, 1934—35 зняволены польск. ўладамі ў турму. У 1940—41 рэдактар польскай газ. «Prawda Wileńska» («Віленская праўда»). У 1942—44 у 16-й Літ. дывізіі Чырв. Арміі. З 1944 нам. рэдактара літоўскай газ. «Tiesa» («Праўда»), з 1955 гал. рэдактар час. «Komunistas» («Камуніст»). З 1959 старшыня праўлення Саюза журналістаў Літ. ССР і сакратар праўлення Саюза журналістаў СССР. З 1961 гал. рэдактар час. «Mosklas ir gyvenimas» («Навука і жыццё»). Аўтар успамінаў і прац па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Гавораць камяні Вільнюса» (1963), «Бурныя вёсны» (т. 1—2, 1978—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Андрэй Данілавіч) (н. 6.11.1918, в. Майсееўка Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1955). У 1937—39 настаўнік у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. З 1944 рэдактар Ваўкавыскай раённай газ. «Заря», з 1946 старшыня Ваўкавыскага гарвыканкома, з 1948 уласны карэспандэнт, заг. аддзела, адказны сакратар, нам. рэдактара, рэдактар абл.газ. «Гродненская правда», нач. упраўлення па друку Гродзенскага аблвыканкома. З 1970 нам. рэдактара, у 1972—84 рэдактар «Сельской газеты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.А.Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ.«Минское слово». Друкавала творы Д.Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ.«Минские ежедневные ведомости».