Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.
Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,
расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙГРА́С,
кармавыя травяністыя расліны сям. метлюжковых. Акультураны 1 від Р. высокі, або французскі (Arrhenatherum elatius), і 2 віды з роду жыціку. Р. пашавы, або англійскі, ці жыцік шматгадовы (Lolium perenne), і Р. шматукосны, або італьянскі, ці жыцік шматкветкавы (Lolium multiflonim). На Беларусі 1 дзікарослы від Р. высокі. Трапляецца на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—180 см. Сцёблы прамыя, тонкія, гладкія, полыя. Лісце плоскае, вузкалінейнае. Каласкі двух- і шматкветкавыя, суквецце — колас або мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́ (Pandion haliaëtus),
драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.
від пеўчых птушак сям. уюрковых атр. вераб’інападобных. Часам лічыцца падвідам, родапачынальнікам пакаёвай, дэкар.канарэйкі. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і прылеглых астравах. На Беларусі трапляецца з 1950-х г.; нешматлікі пералётны від. Селіцца ў пералесках, парках, садах, паблізу жылля.
Даўж. да 11,5 см, маса да 14 г. Апярэнне самцоў пераважна жоўта-зялёнае, у самак — з перавагай зялёных адценняў. Дзюба кароткая, конусападобная. Ногі бурыя. Радужына цёмна-бурая. Корміцца расліннасцю (пераважна насеннем), насякомымі. Манагам. Адкладвае да 5 яец 1—2 разы за лета.