(свецкае імя кн.Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял.кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),
балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб.апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЫ́, Коцелы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял.кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш.Найб. вядомыя К.:
Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл.Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),
расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас. войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл.Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш.Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.
Тв.:
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЧА,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. каля р. Начка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на З ад г.п. Воранава, 112 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Бастуны. 470 ж., 173 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магілы Т.Нарбута, В.А.Шукевіча, С.Б.Юндзіла. Помнік архітэктуры — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1910). Помнік археалогіі — стаянка бронзавага веку Нача.
Вядома не пазней 16 ст. як уладанне Касцевічаў. Адзін з іх, Януш, ваявода падляшскі, у 1529 заснаваў у Н. касцёл і перанёс сюды з в. Дубічы цэнтр парафіі. Пазней належала Кішкам, Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Лідскім пав. Віленскай губ. У 1886 мястэчка, 272 ж., 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, потым у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Радунскага раёна. З 1962 у Воранаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.С.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л.Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.
Тв.:
Бел.пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.К.Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;
1995. № 1—6;
1996. № 1—2, 4.
А.Л.Грыцкевіч.
М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.А.Мірыса (?). Каля 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш.пав.Найб. вядомыя Александровічы:
Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст.Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.
Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),
бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел.прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц.нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.
Літ.:
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.