ДРУ́ЦКІЯ-САКО́ЛІНСКІЯ.

Друцкія-Сакалінскія, княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Найб. вядомыя:

Сямён (?—пасля 1514), намеснік таропецкі (1489), бранскі (1492—94), уладальнік Саколіна каля Друцка (адсюль 2-я частка прозвішча) і інш. Мікалай Мітрафан (каля 1610—90), архімандрыт Браслаўскага базыльянскага манастыра, з 1671 смаленскі уніяцкі архіепіскап. Міхал Леан (каля 1630—90), чашнік (1654) і маршалак аршанскі (1665), пісар ВКЛ, староста вяляціцкі (1685). Кароль Міхал (каля 1660—1713), кашталян смаленскі (1703). Міхаіл (каля 1550—1621), маршалак аршанскі (1591), староста азярышчанскі (1597), кашталян віцебскі (1605), ваявода полацкі (1613) і смаленскі (1621). Крыштоф Міхал (каля 1580—1639), староста азярышчанскі (1621—39), кашталян мсціслаўскі (1623), полацкі (1625). Ян Антоні (?—1662), кашталян мсціслаўскі (1655). Леан Лаўрэн (каля 1680—1726), архімандрыт Гродзенскага базыльянскага манастыра (1713), смаленскі уніяцкі архіепіскап (1718).

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)