працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.
Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),
O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: 16O (99,759% па масе), 17O (0,037%) і 18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.Прыстлі ў 1774.
К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм.карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л.акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).
Літ.:
Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;
Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],
мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).
Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),
кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял.акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.
Літ.:
Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ.М., 1986;
Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСА́ДКІ,
1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.
П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш.Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн.прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,
жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл. значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С працэс ператварэння вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем яго ў канвертары газамі, якія змяшчаюць кісларод, або тэхнічна чыстым кіслародам. Адбываецца без дадатковага награвання, бо ў выніку акіслення прымесей чыгуну (вугляроду, крэмнію, марганцу, фосфару) вылучаецца цяпло, дастатковае для падтрымання металу ў вадкім стане на працягу ўсяго працэсу.
Першым масавым спосабам атрымання вадкай сталі быў бесемераўскі працэс (вынайдзены ў 1856), які даваў невысокую якасць металу і патрабаваў вельмі чыстых па колькасці серы і фосфару жал. руд. Тамасаўскі працэс (вынайдзены ў 1878) дазваляў перапрацоўваць высокафасфарыстыя чыгуны, аднак даваў сталь таксама невысокай якасці. З 1950-х г. атрымаў пашырэнне больш дасканалы і прадукцыйны кіслародна-канвертарны працэс, дзе ўсе аперацыі механізаваны і аўтаматызаваны, а атрыманы метал стаў раўнацэнны мартэнаўскай сталі, выплаўленай у мартэнаўскай печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЗЛУЧЭ́ННІ,
прадукты аднаўлення многіх арган. фарбавальнікаў.
Звычайна пры пераходзе фарбавальнікаў (напр., трыфенілметанавых, індыгоідных, хінонімінавых, сярністых) у Л. аднаўляюцца экзацыклічныя падвойныя (напр., C=O, C=C) ці дысульфідныя (S—S) сувязі, што прыводзіць да змены характару сувязей у араматычных астачах і, як правіла, колеру. Л. бясколерныя або слабаафарбаваныя, лёгка акісляюцца (многія пад уздзеяннем кіслароду паветра) да зыходных фарбавальнікаў. Воданерастваральныя кубавыя, сярністыя, індыгоідныя фарбавальнікі пры аднаўленні (напр., дытыянітам натрыю Na2S2O4) у шчолачным асяроддзі ўтвараюць солі Л., якія добра раствараюцца ў вадзе або асновах, вызначаюцца павышанай роднасцю да цэлюлозных валокнаў (гл.Кубавыя фарбавальнікі). Устойлівыя да акіслення алкілсульфаты Л. агульнай ф-лы R(OSO3Na)x (дзе R — арган. астача, x = 2—4) выкарыстоўваюць у кубавым фарбаванні. Гл. таксама Індыга.