СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў у ВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.​Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа па Зах. Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 у Любчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».

А.​А.​Семянчук.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МЧАТЫЯ ГРЫБЫ́,

(Ascomycota), аддзел грыбоў. 2 кл.: аскаміцэты і эндааскаміцэты. Да С.г. адносяць амаль усе грыбы, што ўваходзяць у склад лішайнікаў. Пашыраны ўсюды. Аскаміцэты падзяляюцца на 3 падкл., маюць каля 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. На Беларусі больш за 10 парадкаў, каля 200 родаў, каля 500 відаў. Трапляюцца ў глебе і на арган. субстратах. Сапратрофы, раскладаюць расл. і жывёльныя рэшткі, утвараюць плесні на прадуктах харчавання, прамысл. матэрыялах і вырабах. Многія паразіты, узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека (напр., мікозы), раслін (мучністай расы, паршы, плямістасцей і інш.). Ёсць ядомыя (смаржкі, страчкі, труфелі).

Міцэлій галінасты, шматклетачны, складаецца са шмат’ядзерных або аднаядзерных клетак. У некат. С.г. (напр., дражджэй) сапраўдны міцэлій адсутнічае, ёсць толькі асобныя клеткі, здольныя пачкавацца. Размнажэнне вегетатыўнае (часткамі міцэлію), бясполае (канідыямі) і палавое (сумкаспорамі). У выніку палавога працэсу ўтвараюцца сумкі (адсюль назва) у выглядзе мяшочка з адтулінай, звычайна 8-споравыя, аднаклетачныя. У ніжэйшых С.г. сумкі знаходзяцца непасрэдна на міцэліі, у вышэйшых — размешчаны ў пладовых целах (апатэцыях, клейстатэцыях і перытэцыях). У цыкле развіцця многіх С.г. адзначана канідыяльнае споранашэнне, якое мае выгляд плям, бугаркоў, налётаў. Канідыяносцы ўзнікаюць адзіночна, кучкамі або суцэльным слоем на шчыльным спляценні міцэлію ці ў пікнідах. Выкарыстоўваюцца ў сыраварэнні, хлебапячэнні і ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты ферментаў, антыбіётыкаў і інш.

Літ.:

Стрельская О.Я. Низшие растения. Систематика. Мн., 1985;

Грин Н., Стаут У., Тейлор Д. Биология: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1990;

Мюллер Э., Леффлер В. Микология: Пер. с нем. М., 1995.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з пач. 1690-х г. да 1803 пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры

(цяпер у Польшчы). Створана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні. Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра. Выпусціла больш за 420 выданняў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных выданняў, у т. л. буквары слав. мовы, «Собрание припадков краткое» (1722) на старабел. мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722),

першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зб. «Паследаванне пострыгу»). У 18 ст. выпускала таксама стараверскія выданні. З сярэдзіны 18 ст. пад уплывам ідэі Асветніцтва павялічыўся выхад перакладной навук. і маст. л-ры, арыгінальных твораў мясц. аўтараў. На польскай мове выдадзены «Прыгоды Гулівера» Дж.​Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789), «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Асновы земляробства», «Нясвіжская ардынацыя», «Трактат пра пчол», «Людвіг XVI, забіты сваім народам», «Дыялог бурмістра з войтам» і інш. У 1780—90-я г. выпусціла некалькі кніг на літ. мове. Друкарня мела манапольнае права выпускаць некат. выданні для уніяцкай царквы, што прыносіла значныя даходы. Была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, маст. ўпрыгожанні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі.

Літ.:

Лабынцев Ю.А. В помощь составителям сводного каталога старопечатных изданий кирилловского и глаголического шрифтов: Метод. указ. Вып. 3. Кирилловские издания Супрасльской типографии. М., 1978;

Яго ж. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 15, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,

філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).

У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.​Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца як тэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл. Сутнасць і існаванне).

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ А́ЗІЯ,

частка тэр. Азіі ад Каспійскага м. на З да граніцы з Кітаем на У і ад Арала-Іртышскага водападзела на Пн да граніцы з Іранам і Афганістанам на Пд. Прырода адрозніваецца вял. кантрастнасцю: найвыш. горныя сістэмы — Цянь-Шань і Памір, вял. раўнінныя прасторы Туранскай нізіны з пустынямі Каракумы і Кызылкум, на Пн — Тургайскае плато і Казахскі драбнасопачнік. Каля ўзбярэжжа Каспійскага мора ўпадзіна Карагіе (-132 м). С.А. — вобласць унутр. сцёку. Гал. рэкі (Амудар’я, Сырдар’я, Ілі) упадаюць у буйнейшыя азёры — Аральскае мора і Балхаш. На раўнінах пераважаюць пустынныя ландшафты, у гарах — ландшафты зменьваюцца ў залежнасці ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў ад пустынных падгорных раўнін да халодных пустынь і ледавікоў.

Тэрмін С.А. ўведзены ў рускамоўны ўжытак у сярэдзіне 19 ст. і звязаны з творамі ням. вучонага А.​Гумбальта, які называў вялізны рэгіён унутры кантынент. Азіі па-нямецку «Mittelasien», што мае дваякі пераклад: «Цэнтр. Азія», або «С.А.»; у рускамоўнай л-ры ўжываліся абедзве назвы. Пасля заваявання Расіяй Туркестана (2-я пал. 19 ст.) С.А. сталі наз. толькі рас. ўладанні Цэнтр. Азіі, а раёны на У ад іх — Цэнтр. Азіяй. У сав. час сярэднеазіяцкімі наз. 4 саюзныя рэспублікі: Узбекістан, Кіргізія, Таджыкістан і Туркменістан. У 1993 на нарадзе кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Казахстана, Узбекістана, Кіргізіі, Таджыкістана і Туркменістана вырашана адмовіцца ад тэрміна «С.А.» і называць гэты рэгіён (цяпер з 5 рэспублік СНД) Цэнтр. Азіяй. Але назва «С.А.» да нашага часу выкарыстоўваецца ў беларускамоўнай і рускамоўнай л-рах.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКЕЛА́У (Tokelau),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. астравах у цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 10 км². Нас. 1,4 тыс. чал. (1998). Астравы заселены палінезійцамі. Адм. ц. на атоле Факаофа. Афіц. мова — англійская. Складаецца з 3 нізінных атолаў, што ўздымаюцца над узр. акіяна на 3—4 м. Паверхня складзена з абломкаў каралаў і каралавых пяскоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. За год выпадае каля 3000 мм ападкаў. У снеж.—сак. бываюць моцныя ўраганы. Астравы катастрафічна разбураюцца ад павышэння ўзроўню Сусв. акіяна. Натуральная расліннасць прадстаўлена панданусам, какосавымі пальмамі, хмызнякамі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Аснова эканомікі — натуральная і паўнатуральная сельская гаспадарка. Важнейшая с.-г. культура — какосавая пальма; копра — асн. прадмет экспарту. Вырошчваюць таксама тара, папайю, бананы. Свіна- і птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Транспарт марскі. Ёсць аэрадром і пасадачныя пляцоўкі. У сувязі з прыроднай і эканам. нестабільнасцю прынята праграма паступовага перасялення жыхароў у Новую Зеландыю. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад Новай Зеландыі, Аўстраліі, ААН. Турызм. Грашовая адзінка — новазеландскі долар і сувенірная манета Такелау.

А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс. н.э. Першы з а-воў Т. адкрыты ў 1765 англ. капітанам Дж.​Байранам. апошні — у 1835. З 1877 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—26 ч. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 1926 перададзены пад кіраванне Новай Зеландыі, фармальна замацаваны за ёй як «несамакіравальная тэрыторыя» ў 1948. У 1977 атрымалі самакіраванне.

т. 15, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

агульнагеаграфічныя карты дзяржавы, на якіх дэталёва адлюстроўваюцца размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сац.-эканам. аб’екты, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. Падзяляюцца на аглядна-тапагр. (маштабы 1 : 500 000, 1 : 1 000 000), уласна тапагр. (1 : 5 000—1 : 200 000) і тапагр. планы (1 : 500, 1 : 1000, 1 : 2000). Сярод уласна Т.к. адрозніваюць буйнамаштабныя (1 : 5 000, 1 : 10 000), сярэднемаштабныя (1 : 25 000, 1 : 50 000) і дробнамаштабныя (1 : 100 000, 1 : 200 000). Да Т.к. адносяць таксама фота-, аэра-, космафатаграфічныя і лічбавыя (пераўтварэнне картаграфічнай інфармацыі з графічнай у лічбавую форму) карты.

Складаюць асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі. аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне зямной паверхні ажыццяўляецца на аснове дзярж. геад. сеткі па шасціградусных геад. зонах. кожная з якіх мае самаст. сістэму прамавугольных каардынат, што ў выглядзе кіламетровай квадратнай сеткі наносіцца на карты адносна іх восей — сярэдняга мерыдыяна зоны і экватара. На Т.к. тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказаны граніцы, гідраграфія, рэльеф, расл. покрыва, грунты. нас. пункты. шляхі зносін, прыродныя, прамысл., с.-г. і сац.-культ. аб’екты і інш. Т.к. ствараюцца і абнаўляюцца паводле матэрыялаў аэрафотатапагр. і касм. здымак, наземных мензульнай і тахеаметрычнай здымак. Выкарыстоўваюцца для арыентавання, дакладных вымярэнняў і разлікаў, складання агульнагеагр. і тэматычных карт. праектна-пошукавых і інш. геал. работ. ваен. справы і г.д. Гл. таксама Аэрафотатапаграфія, Тапаграфічная здымка, Тапаграфія.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУДАВІКІ́,

«Працоўная група», фракцыя дэпутатаў-сялян і народніцкай інтэлігенцыі ў 1—4-й Дзяржаўных думах Расіі (1906—17). У 1-й Думе паводле розных звестак было 107 або 127 дэпутатаў з 478. Ад бел. губерняў у іх лік уваходзілі К.​К.​Александровіч, М.​С.​Гатавецкі (Віленская губ.), Ф.​Я.​Буслаў (Магілёўская губ.), М.​М.​Жукоўскі, С.​П.​Кандрашук, У.​Р.​Якубсон (Гродзенская губ.), Ф.​С.​Трасун, Р.​П.​Філіпаў (Віцебская губ.). Праграма: увядзенне дэмакр. свабод, нацыяналізацыя мірным шляхам зямлі (акрамя сял. надзелаў) і яе ўраўняльнае размеркаванне паводле прац. норм (адсюль назва «Т.»), адмена саслоўных і нац. абмежаванняў. Друкаваны орган — газ. «Трудовой народ». Па асобных пытаннях Т. блакіраваліся з кадэтамі і сацыял-дэмакратамі. 5.6.1906 яны выступілі ў Думе з «Праектам асн. палажэння» аб агр. рэформе, у якім патрабавалі адчужэння на карысць сялян памешчыцкіх і інш. прыватных зямель, што перавышалі «прац. норму». Т. адмовіліся падтрымаць сталыпінскую аграрную рэформу 1906—17, а ў 2-й Дзярж. думе (сак.—чэрв. 1907, 104 дэп. з 518) зноў унеслі свой агр. законапраект. З усталяваннем «трэцячэрвеньскай манархіі» і ўвядзеннем рэакц. выбарчага закона (1907) колькасны склад (14 дэп. у 3-й Думе 1907—12 і 10 дэп. у 4-й 1912—17) і ўплыў Т. рэзка скараціліся. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, куды з сак. 1917 уваходзіў іх кіраўнік А.Ф.Керанскі (з ліп. 1917 прэм’ер-міністр). У ліп. 1917 Т. аб’ядналіся з народнымі сацыялістамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТА́Н (лац. Titanium),

Ti, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 22, ат. м. 47,87. Прыродны Т. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 46—50; найб. пашыраны ​48Ti (73,45%). У зямной кары 0,57% па масе; у свабодным выглядзе не трапляецца (гл. Тытанавыя руды). Адкрыты ў 1791 англ. мінералогам У.​Грэгарам у выглядзе дыаксіду; назва «Т.» (ад тытанаў) прапанавана ў 1795 ням. хімікам М.​Клапратам.

Серабрыста-белы лёгкі метал, шчыльн. 4505 кг/м³, tпл 1671 °C. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: α-Ti з гексаганальнай шчыльнаўпакаванай рашоткай (устойлівы да 883 °C) і β-Ti з кубічнай аб’ёмна-цэнтраванай рашоткай (устойлівы пры t > 883 °C). Парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай аксіднай плёнкай, чым абумоўлена высокая каразійная ўстойлівасць Т. ў паветры (да 500 °C), разбаўленых растворах кіслот і шчолачаў, марской вадзе, растворах хларыдаў і азотнай к-це. Пры пакаёвай т-ры раствараецца ў плавікавай, канцэнтраваных салянай і сернай к-тах. Стружка і парашок Т. пірафорныя. Пры награванні Т. узаемадзейнічае з кіслародам (гл. Тытану аксіды), сухімі галагенамі (гл. Тытану галагеніды). Атрымліваюць хлараваннем рудных канцэнтратаў (пры перапрацоўцы ільменіту шлаку, што аддзяляецца ад жалеза плаўкай у электрапечах) з наступным аднаўленнем тэтрахларыду TiCl4 магніем (часам натрыем), здрабненнем і пераплаўкай атрыманага губчатага Т. ў зліткі. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання тытанавых сплаваў, а таксама стужкі, дрот з чыстага Т. для вырабу анодаў, сетак і інш. дэталей у электравакуумнай тэхніцы, парашкападобны Т. — як гетэр.

Літ.:

Титан: Свойства, сырьевая база, физ.-хим. основы и способы получения. М., 1983.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,

моўная сям’я, якая ўключае 2 групы моў: фіна-угорскую (гл. Фіна-угорскія мовы) і самадзійскую (ненецкая, энецкая, нганасанская і інш.; некат. вучоныя разглядаюць іх як групу моў у складзе генет. аб’яднання У.м.). Найб. верагодная прарадзіма У.м. — тэр. вакол Уральскага хрыбта. Спецыфічнай рысай усіх моў з’яўляецца тое, што слова складаецца з кораня, які нясе лексічнае значэнне, і ланцужка суфіксаў, кожны з якіх выконвае адну функцыю і мае толькі адно грамат. значэнне. Вакалізм такога слова характарызуецца гармоніяй галосных — галосныя суфіксаў прыпадабняюцца да галоснага кораня. Марфал. будова У.м. аглюцінатыўная, у сістэме скланення шмат месных склонаў. У лексіцы выяўляецца ўзаемадзеянне з некат. індаеўрап., у т. л. слав. мовамі. У.м. не маюць помнікаў стараж. пісьменства, ёсць помнікі пісьменства асобных моў адносна позняга часу. 1-ы пісьмовы помнік венг. мовы створаны каля 1200, 2 кароткія надпісы на карэльскай мове на наўгародскіх берасцяных граматах датуюцца пач. 13 ст., 1-я помнікі на стараж. комі мове напісаны ў 14 ст., найб. старажытныя фін. і эст. помнікі ўзыходзяць да 16 ст. Помнікі пісьменства стараж. фіна-угорскіх народаў адносяцца да канца 17—пач. 18 ст. У сучасных уральскіх народаў пісьменства развіта дастаткова нераўнамерна. Побач з мовамі з даўняй літ. традыцыяй (венг., фін., эст.) ёсць мовы са слаба развітым пісьменствам (ненецкая, хантыйская, мансійская) і беспісьмовыя або пісьменства якіх распрацоўваецца (водская, вепская і інш.).

Літ.:

Хайду П. Уральские языки и народы: Пер. с венг. М., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)