СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),

навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.​Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.

Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш. Цэнтр. праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.

Літ.:

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;

Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;

Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.

А.​А.​Барыскевіч.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),

1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш. Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар. школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г. дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,

свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).

Літ.:

Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;

Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;

Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;

Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік стараж.-рус. летапісання. Складаўся ў г. Смаленск у 13 — пач. 15 ст. Вядомы па ўрыўках, што зберагліся ў рус. і бел. летапісных зводах 15—16 ст. Прысвечаны пераважна гісторыі Смаленскай зямлі і часткова ВКЛ (звесткі пра паход кн. Альгерда і Святаслава Смаленскага на Маскву ў 1370, пра бітву літ. і смаленскіх князёў пад Мсціславам у 1386, бітву кн. Вітаўта з татарамі на р. Ворскла ў 1399, пра вяртанне ў Смаленск кн. Юрыя Святаславіча, яго смерць у 1407 і інш.). Падзеі ў С.л. асветлены з мясц. пазіцый. Яго аўтары — патрыёты і выразнікі інтарэсаў смаленскіх феадалаў. Твор прасякнуты ідэяй сцвярджэння паліт. самастойнасці Смаленскага княства. у асобных месцах мае антылітоўскую накіраванасць. Усяго вядома каля 70 гіст. запісаў канца 13 — пач. 15 ст., звязаных са Смаленскам, аднак некаторыя з іх не смаленскага паходжання, а ўзніклі ў Маскве або Ноўгарадзе. С.л. складзены ў традыцыйнай форме як збор дзелавых пагадовых запісаў і гіст. апавяданняў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці. Адна з крыніц рус. летапісаў 15 ст., у прыватнасці Троіцкага летапісу (звод Кіпрыяна 1408), і праз іх Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Мясц. смаленскае летапісанне заняпала ў пач. 15 ст. ў сувязі з канчатковай стратай Смаленскім княствам паліт. незалежнасці (у 1404 увайшло ў ВКЛ). У 2-й чвэрці 15 ст. ў Смаленску вяліся гіст. запісы і ўзнік шэраг летапісных твораў (2-я частка «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», Смаленская хроніка і інш.), аднак гэта помнікі не смаленскага, а агульнадзярж. бел.-літ. летапісання.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕ́РЦЬ,

неабарачальнае спыненне жыццядзейнасці; непазбежная канчатковая стадыя існавання жывога арганізма. Працэс надыходу С. вывучае танаталогія. Уласціва цэламу арганізму і яго часткам. Штодня ў жывым арганізме гінуць мільёны клетак розных органаў і тканак, у асобных тканках іх месца займаюць новыя.

Адрозніваюць С. натуральную (у доўгажыхароў; асобныя выпадкі), гвалтоўную (у выніку наўмысных ці ненаўмысных дзеянняў, няшчасных выпадкаў), паталаг. (заўчасная, выкліканая рознымі хваробамі). Прычыны гвалтоўнай С. вывучае суд. медыцына. С. ад хвароб абумоўлена развіццём цяжкіх ускладненняў. Калі ўскладненні развіваюцца раптоўна і хутка прыводзяць да С., яе наз. раптоўнай. Бывае таксама С. унутрывантробная (С. зародыша зародку* або плода, што настае ў арганізме маці на любым этапе ўнутрывантробнага жыцця. у т. л. пры родах). У цеплакроўных жывёл і чалавека С. найперш звязана са спыненнем дыхання і кровазвароту. Адрозніваюць 2 асн. этапы С. — т.зв. клінічную і біял. (сапраўдную). Клінічная С. (спыняецца дыханне і кровазварот, але клеткі і органы яшчэ жывуць) — абарачальны этап памірання, калі за 4—6 мін прыняць неабходныя меры (гл. Рэанімацыя) Магчыма ажыўленне і ў больш аддалены час, але ў кары галаўнога мозга ўзнікаюць неабарачальныя змены — С. мозга. Біял. С. неабарачальная — спыняюцца біял. працэсы ў клетках і тканках; пад уздзеяннем гідралітычных ферментаў, якія выдаляюцца з тканак, пачынаецца распад бялковых структур. У першую чаргу адбываецца распад залозістых органаў — падстраўнікавай залозы, печані. Біял. С. папярэднічае тэрмінальны стан.

Літ.:

Саркисов Д.С. Очерки истории общей патологии. 2 изд. М., 1993;

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЫ,

сумесь арганічных, пераважна высокамалекулярных злучэнняў прыроднага паходжання (прыродныя С.) або штучна атрыманых (сінт. С.).

С. прыродныя, ці натуральныя — прадукты жыццядзейнасці некат. раслін (пераважна трапічных і хвойных), што назапашваюцца ў каналах іх ствалоў, каранёў і інш. органаў. З’яўляюцца асн. кампанентам вадкасцей (жывіцы хвойных і бальзамаў трапічных раслін), якія вылучаюцца на паверхні кары раслін самаадвольна або пры яе мех. пашкоджанні ў перыяд вегетацыі (гл. Падсочка). Некат., т.зв. выкапнёвыя С., здабываюць з зямлі (напр., бурштын). С. — афарбаваныя (ад жоўтага да цёмна-рудога колеру) шклопадобныя рэчывы, плавяцца пры награванні, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ці набракаюць у арган. растваральніках, здольныя да плёнкаўтварэння (гл. Плёнкаўтваральныя рэчывы). Асн. кампаненты раслінных С.: смаляныя кіслоты, рэзінолы — адна- або шмататамныя спірты, эфіры смаляных кіслот і рэзінолаў ці аднаатамных фенолаў, рэзены — інертныя вуглевадароды (напр., у бурштыне іх да 70%). Найб. пашыраныя прыродныя С. — акароід, бурштын, дамара, каніфоль, капалы, масцікс, сандарак, шэлак. У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна каніфоль, а таксама капалы (кампанент атмасфераўстойлівых алейных лакаў), шэлак (кампанент мэблевых спіртавых лакаў і палітур) і бурштын. С. сінтэтычныя — тэрмарэактыўныя сінт. алігамеры, здольныя пры перапрацоўцы ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія прадукты (гл. Ацвярдзенне палімераў). Асн. метад іх сінтэзу — полікандэнсацыя. Да сінт. С. адносяцца алкідныя смолы, амінаальдэгідныя смолы, поліэфірныя смолы, фенола-фармальдэгідныя смолы, эпаксідныя смолы. У прам-сці С. сінт. замяняюць прыродныя. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, сувязнае для пластмас, герметыкаў і кляёў, для апрэтавання тканін, праклейвання паперы і інш. Гл. таксама Драўнінная смала, Каменнавугальная смала.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Дзмітрый Браніслававіч (н. 25.7.1937, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Сын Б.​С.​Смольскага. Засл. дз. маст. Беларусі (1976). Нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). Вучань М.​Пяйко, Ю.​Фартунатава, А.​Эйгеса. З 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1986 праф.). Творам уласцівы прыхільнасць да паглыбленай псіхалагічнасці вобразаў, экспрэсіўнасць, сістэмнасць кампазіцыйных сродкаў, што вылучае адметнасць яго творчасці ў сучасным муз. мастацтве. Значныя дасягненні ў розных жанрах (сімфонія, опера, араторыя і інш.) абумоўлены своеасаблівасцю творчай задумы і маст. дасканаласцю яе ўвасаблення з выкарыстаннем індывідуальна асэнсаваных сродкаў музыкі. Сярод твораў; оперы «Сівая легенда» (паст. 1978), «Францыск Скарына» (паст. 1980); араторыі «Мая Радзіма» (1970), «Паэт» (1980), камерная араторыя «Песні Хірасімы» (1966); вак.-сімф. цыкл «Бабін век», 10 сімфоній (1961—99), канцэрты для фп. (1995), цымбалаў (1961, 1974, 1983), канцэрціны для скрыпкі (1972) і віяланчэлі (1973), вак. цыклы, у т. л. на вершы Я.​Купалы, Цёткі, Г.​Ахматавай, А.​Вазнясенскага, Я.​Палонскага, Б.​Пастарнака, М.​Цвятаевай, Ф.​Цютчава, Ф.​Гарсія Лоркі; хар. цыкл на верш М.​Танка, рамансы, песні, музыка да кінафільмаў, драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў А.​Бандарэнка, Г.​Гарэлава, У.​Дамарацкі, У.​Кур’ян. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Д.​Смольский // Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы. М., 1978;

Сергіенка Р.І. Восьмая сімфонія Дз.​Смольскага: Погляд на кампазіцыю і драматургію // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13;

Аладова Р. Откровения Дмитрия Смольского // Муз. академия. 2000. № 2.

Т.​А.​Дубкова.

Дз.Б.Смольскі.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕРМАТАЗО́ІД (ад сперма + грэч. zōon жывая істота + eidos выгляд),

спермій, жыўчык, спелая гаплоідная мужчынская палавая клетка жывёл, чалавека і многіх расл. арганізмаў. Адкрыты А.​Левенгукам у сперме млекакормячых (1677). Утвараецца ў выніку сперматагенезу і апладняе яйцаклетку. Пасля апладнення ўзнікае зігота і пачынаецца развіццё зародка. Адрозніваюць С. жгуцікавыя і бязжгуцікавыя. У жывёл даўж. С. звычайна дзесяткі і сотні мікраметраў. у насякомых — да некалькіх міліметраў. Тыповыя жгуцікавыя С. ўласцівы пазваночным жывёлам, чалавеку і большасці беспазваночных. Маюць кароткую, рознай формы галоўку, дзе размешчана ядро, што ўтрымлівае бацькоўскі спадчынны матэрыял. На пярэднім канцы галоўкі звычайна знаходзіцца акрасома, якая забяспечвае пранікненне С. праз яйцавыя абалонкі. Жгуцік (хвост, біч) надае С. паступальны рух у вадкім асяроддзі (пры вонкавым асемяненні ў вадзе, пры ўнутр. — у вадкім змесціве палавых шляхоў). Восевая нітка жгуціка мае бялкі, падобныя на актын і міязін шкілетных мышцаў, здольныя расшчапляць адэназінтрыфосфарную к-ту. Жыццяздольнасць С. ў похве жанчыны да 2.5 гадз, у шыйцы маткі 48 гадз, у палавых шляхах труса да 30 гадз, каня — 5—6 сут, птушак — да 3 тыдняў, пчалы — 3—4 гады. Макс. дзённай прадукцыйнасці С. ў чалавека і труса 10​8, у каня і свінні — больш за 10​10. У раслін рухомыя жгуцікавыя С. наз. антэразоідамі. У большасці насенных раслін С. бязжгуцікавыя, актыўна не рухаюцца, наз. сперміямі.

А.​С.​Леанцюк.

Сперматазоід млекакормячых жывёл: 1 — галоўка; 2 — шыйка; 3 — прамежны аддзел; 4 — жгуцік; 5 — акрасома; 6 — ядро; 7 — мітахандрыяльная спіраль; 8 — восевая нітка.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́НХЕНДЖ (Stonehenge),

адно з буйнейшых мегалітычных збудаванняў, найб. знакаміты брытанскі хендж, унікальны ў архітэктурных адносінах. Знаходзіцца каля г. Солсберы (Вялікабрытанія), абкружаны комплексам курганных могільнікаў і рытуальных помнікаў. Складаецца з 3 збудаванняў, узведзеных на адным і тым жа месцы ў розныя часы. Першае мае акруглую форму дыям. 115, 8 м. Складалася з рова і ўнутр. вала, парушанага праходам. З унутр. боку вала знаходзілася кола з 56 ям (т.зв. ямы Обры), у некаторых з іх былі рэшткі крэмацыі. Датуецца 2180 ± 105—1848 ± 275 да н.э. Другое збудаванне складалася з 2 канцэнтрычных колаў вертыкальна пастаўленых 82 блокаў блакітных камянёў у цэнтры стараж. вала. Да яго ідзе «шлях» з 2 паралельных валоў і рова (т.зв. «Авеню»). Датуецца 1720 ± 150—1620 ± 110 да н.э. Трэцяе збудаванне складалася з вертыкальна пастаўленых адшліфаваных сарсенавых блокаў выш. 8,5 м і масаю больш за 20 т кожны, на якія зверху былі пакладзены пліты. Збудаванне ўяўляла сабой замкнёнае кола дыям. 30 м вакол 5 трылітаў (2 камяні, зверху перакрытыя каменнай плітой), якія абкружалі ляжачы гарызантальна т.зв. алтарны камень. На адным з блокаў выразана выява кінжала, на шматлікіх — сякеры, датуецца 1500—1400 да н.э. Апошняя стадыя існавання С. датуецца 1240 ±105 да н.э. Лічаць, што С. з’яўлялася не толькі храмам, магчыма, звязаным з культам сонца, але і адной са старажытнейшых астранамічных абсерваторый. С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Мегалітычныя збудаванні.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Стонхендж. Агульны выгляд.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)