САЛІТЭ́Р (франц. solitaire ад лац. solitarius адзінокі) у садова-паркавым мастацтве, адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкар. раслін. Мае самаст.дэкар. значэнне — канцэнтруе ўвагу на дэталях садова-паркавай кампазіцыі.
Салітэрныя дрэвы вызначаюцца памерамі, формай кроны, афарбоўкай, дэкар. кветкамі, пладамі і гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Найчасцей выкарыстоўваюць святлолюбівыя пароды (хвоя звычайная, бярозы павіслая і яп., лістоўніцы сібірская і еўрап., таполі канадская і пірамідальная, акацыя белая, лох серабрысты, яблыні Нядзвецкага, ягадная і інш.). Кусты С. бываюць у штамбавай (ружы, глог), сцелістай (ядловец казацкі) і інш. формах. Кветкава-дэкар. расліны для С. падбіраюць буйныя, з яркімі і арыгінальнымі кветкамі і лісцем (півоні, вяргіні, астыльбы, хосты, папараці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
натуральнае забруджванне навакольнага асяроддзя, выкліканае ўтварэннем небяспечных забруджвальнікаў пры фіз.-хім. працэсах або катастрафічных прыродных з’явах (вывяржэнне вулканаў, ураганы, паводкі, селевыя патокі і інш.), якія адбываюцца без прамога ўдзелу чалавека. Напр., з нетаксічных кампанентаў у прыродзе ўтвараецца ядавіты газ — фасген, з фрэонаў пры фотахім. рэакцыях у стратасферы — іон хлору, які разбурае азонавы слой. У вадаёмах за кошт адмірання расл. і жывёльных арганізмаў колькасць вуглекіслаты павялічваецца, растворанага кіслароду памяншаецца, утвараюцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Найб. прыкметна гэта выяўляецца ў перыяд ледаставу, а таксама ноччу летам пры моцным развіцці і адміранні мікраскапічных водарасцей. С. выклікае заморы рыб, гідрабіёнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 18.3.1935, стойбішча Набіль Сахалінскай вобл., Расія),
ніўхскі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1959), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Піша на рус. і ніўхскай мовах. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салёныя пырскі» (1962), «Легенда аб таполі» (1965); апавяд. і аповесцей «Ніўхскія легенды» (1961), «Блакітныя горы» (1962), «Ізгін» (1965), «Тынграй» (1970), «У царстве ўладароў» (1973), «Падарожжа ў стойбішча Лунва» (1985); раманаў «Несапраўдны гон» (1965), «Жаніцьба Кевонгаў» (1975); кн. нарысаў «Па астравах скарбаў» (1976). Для твораў характэрны лірызм, рэалістычнае адлюстраванне з’яў і падзей, псіхалагізм. На бел. мову асобныя творы С. пераклаў К.Кірэенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 2.1.1949, в. Асіннікі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі. Д-рмед.н. (1992), праф. (1995). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). З 1978 у Мінскім мед. ун-це (з 1994 заг. кафедры, адначасова ў 1987—91 дэкан, з 1991 прарэктар).
Навук. працы па механізмах патагенезу, ранняй дыягностыцы, метадах лячэння і прафілактыцы сістэмных захворванняў злучальнай тканкі і суставаў, тэрапеўт. праблемах у галіне кардыялогіі, пульманалогіі і гастраэнтэралогіі.
Тв.:
Остеопороз: Практич. руководство для врачей. Мн., 1997;
Глюкокортикостероидные гормоны в клинике внутренних болезней. Мн., 2000;
Ревматоидный артрит: Пробл. диагностики и лечения. Мн., 2000 (разам з В.Я.Ягурам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЧАНКА (Сцяпан Уладзіміравіч) (28.12.1889, с. Сіняўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.1.1942),
украінскі літаратуразнавец і педагог. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913) і з 1917 выкладаў у ім. Аўтар даследаванняў: «Паходжанне раманскіх моў» (1916), «Гі дэ Мапасан» (1926), «Класічны тэатр XVII ст. і класіцызм» (1931), «Шаўчэнка і сусветная літаратура» (1939) і інш. У працы «Руская народная казка» (1914) даследаваў гісторыю збірання і вывучэння бел. казак. Пераклаў з лац. на рус. мову і апублікаваў «Данясенні папскага нунцыя Іаана Тарэса, архіепіскапа Адрыянопальскага, аб падзеях у Польшчы ў час, паўстання Багдана Хмяльніцкага» (1916), што мела пэўнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦІ́ ((Satie) Эрык Альфрэд Леслі) (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),
французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.Както і П.Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧАВІ́ЦА, сачыўка (Lens),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Паўд. Еўропе. У культуры — С. харчовая, або звычайная (L. culinaris), вядомая з неаліту. Вырошчваецца ва ўсіх земляробчых раёнах, акрамя Аўстраліі і Паўн. Амерыкі. У Расіі — з 14 ст.
С. харчовая — аднагадовая травяністая расліна выш. 20—75 см. Сцёблы баразнаватыя, прамыя або ўзыходныя. Лісце складанае, парнаперыстае, з вусікамі. Кветкі белыя, ружовыя, фіялетавыя, у пазухах лісця. Плод — боб. Насенне мае да 35% бялку, каля 60% крухмалу, да 2,5% алею. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці бялковых прэпаратаў, каўбас, кансерваў, кандытарскіх вырабаў. Салома і мякіна — корм ’для жывёл. Харч., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАЦЕ́НЬу жывапісе і графіцы,
размяшчэнне розных па яркасці колераў або адценняў аднаго колеру, што дае магчымасць успрымаць адлюстраваны аб’ект аб’ёмным у святлопаветраным асяроддзі; перадача С. — адзін з асн. прынцыпаў рэаліст. мастацтва. Градацыі С. (ад найб. яркасці да глыбокага ценю) залежаць ад характару асвятлення, спецыфікі аб’ёмнай формы прадмета, яго фактуры, стану атмасферы. Для дакладнага ўзнаўлення натуры С. выкарыстоўвалі ўжо ант. жывапісцы. С. і яе тэорыю распрацоўвалі мастакі Адраджэння (А.Мантэнья, Мазачыо, Мікеланджэла, М.Караваджа, асабліва Леанарда да Вінчы), і з таго часу С. шырока выкарыстоўваецца жывапісцамі і графікамі як адзін са сродкаў, што вызначае эмацыянальную выразнасць твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЛЬНЯ,
асвятляльная прылада блізкага дзеяння. Складаецца з крыніцы святла (звычайна лямпа напальвання) і асвятляльнай арматуры (гл.Асвятляльныя прылады, Святлатэхніка).
Бываюць падвесныя, столевыя (у т. л. люстры), насценныя (бра), настольныя, ручныя, пераносныя (таршэры) і інш.; спец. С. робяцца герметычныя, пыла-, вода-, газанепранікальныя, выбуханебяспечныя. Паводле прызначэння адрозніваюць С. для асвятлення закрытых памяшканняў (прамысл., жыллёвых, грамадскіх), трансп. сродкаў (рухомых саставаў чыг. і аўтамаб. транспарту, паветранага, марскога і рачнога флоту), адкрытых пляцовак (трансп., прамысл., грамадскага, ваеннага і спец. прызначэння).
На Беларусі С. вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе, Лідскім заводзе электравырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 21.3.1937, г. Іркуцк, Расія),
бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-ртэхн.н. (1987), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1973 у Брэсцкім тэхн. ун-це (у 1979—87 заг. кафедры, з 1991 кіраўнік лабараторыі «Пульсар»), Навук. працы па праблемах гарэння розных відаў паліва, цепламасаабмену і асновах энергазберажэння. Выявіў слаявое пульсуючае гарэнне і ўстанавіў для яго фазавыя суадносіны. Даследаваў асаблівасці абдзімання паліва пульсуючым патокам, прапанаваў канструкцыі энергазберагальных апаратаў і машын.
Тв.:
Технологическое пульсационное горение. М., 1993 (у сааўт.);
Основы энергосбережения. Брест., 1998;
Инженерно-техническое оборудование зданий. Мн., 2000 (разам з В.М.Яромскім, М.І.Кірылюком).