КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.​В.​Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,

сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.

Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмах Л., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),

рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.​Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.

Літ.:

Современные секты в России. М.; СПб., 1995.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВІ́НА, карбамід,

амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.​Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.​Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.

Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНІК,

пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл. Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.

Літ.:

Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;

Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.

А.​І.​Чарняева.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн. экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр. ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж. бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кі навук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.

Т.​І.​Рошчына.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,

згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл. Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.

Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.

Асобіны пчалінай сям’і: 1 — рабочая пчала; 2 — матка; 3 — труцень.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.

У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Вілія. Уключае 12 азёр агульнай пл. 4,3 км² (пл. вадазбору 180 км²): Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Галадзянка, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел. Азёры займаюць невял. глыбокія ўчасткі агульнай ледавіковай лагчыны (даўж. больш за 20 км), утварэнне якой звязана з выворваннем паазерскага ледавіка і наступнай дзейнасцю расталых ледавіковых вод. У наваколлі азёр марэнныя ўзвышшы (выш. 30—40 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі, уздоўж азёр выцягнуты озавыя грады, многа камавых узгоркаў, парослых лесам. Для мелкаводных азёр (найб. глыб. да 6 м; Клевел, Вераб’і, Белае, Туравейскае, Галадзянка) характэрна шырокая (да 50—70 м) прыбярэжная пясчаная зона, інтэнсіўнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці 40—200 м, Клевел па ўсёй плошчы). Сярэднеглыбокія азёры (глыб. да 21 м; Галодна, Тумскае, Ёдзі і інш.) маюць вузкую прыбярэжную пясчаную зону, нязначнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці менш за 30 м). Глыбакаводную ч. азёрных катлавін высцілаюць сапрапелі. Большасць азёр дрэніруюцца р. Клевель (паміж азёрамі мае выгляд шырокіх праток), з Тумскага воз. выцякае р. Сарачанка. Азёры Ёдзі, Гульбеза і Вераб’і злучаны паміж сабой і маюць сцёк у р. Страча. С.г.а. вызначаецца выключнай маляўнічасцю і мае высокія рэкрэацыйныя вартасці.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЕР»

(Bayer A.G.),

хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб. хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д, барыённы лік,

унутраная характарыстыка барыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)