РЭ́ЗЕРФАРД (Rutherford) Эрнест (30.8.1871, Брайтуотэр, каля г. Нельсан, Новая Зеландыя — 19.10.1937),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў ядзернай фізікі, заснавальнікміжнар.навук. школы фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1903, у 1925—30 прэзідэнт). Замежны чл.-кар.Рас.АН (1922), ганаровы чл.АНСССР (1925). За навук. заслугі атрымаў тытул лорда Нельсана (1931). Скончыў Новазеландскі ун-т (1894). З 1895 у Вялікабрытаніі, з 1898 у Канадзе. З 1907 праф. Манчэстэрскага ун-та, з 1919 — Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ат. і ядз. фізіцы. Адкрыў альфа- і бэта-прамяні (1899) і ўстанавіў іх прыроду. Стварыў разам з Ф.Содзі тэорыю радыеактыўнасці (1903). Устанавіў закон рассеяння альфа-часціц атамамі розных хім. элементаў (1911; гл.Рэзерфарда формула), на аснове чаго прапанаваў планетарную мадэль атама (мадэль атама Р.). Здзейсніў першую штучную ядз. рэакцыю па ператварэнні азоту ў кісларод (1919), прадказаў існаванне нейтрона і дэйтрона (1920). Пацвердзіў справядлівасць закону ўзаемасувязі масы і энергіі ў ядз. рэакцыях (1933). Правёў рэакцыю сінтэзу дэйтронаў з утварэннем трытыю (1934). Яго імем названы хім. элемент рэзерфордый. Нобелеўская прэмія 1908.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. науч. тр. [Т. 1—2]. М., 1971—72.
Літ.:
Кедров Ф.Б. Эрнест Резерфорд. М., 1965;
Данин Д.С. Резерфорд. 2 изд. М., 1967;
Старосельская-Никитина О.А. Эрнест Резерфорд. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ БЕЛАРУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны 1.1.1990 у г. Слонім Гродзенскай вобл. на базе Слонімскага нар. тэатра. Заснавальнік і першы кіраўнік М.Варвашэвіч. У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру, пастаўленыя ў традыцыях бел.нар. тэатра: «Прымакі» Я.Купалы, «Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець» Л.Родзевіча, «Лекі ад кахання» і «Каханне з падманам» У.Галубка. Ставяцца п’есы сучасных бел. драматургаў: «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча, «Жаніх па перапісцы» А.Федарэнкі, «Чужыя грошы» У.Бутрамеева, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча, «Чарнакніжнік» С.Кавалёва паводле твораў Я.Баршчэўскага. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рус. і замежнай драматургіі: «Жаніцьба Бальзамінава» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Сямейны партрэт з чужым» С.Лабазёрава, «Пакуль яна памірала» Н.Птушкінай, «Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.Данілава, «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні, «Непаразуменне» А.Камю, «Жарты Парыжа» К.Манье. Сярод пастановак для дзяцей: «Чарадзейныя суніцы», «Хітрыкі бабы Ягі», «Апошні дыназаўрык», «Добры змей», «Маўглі» А.Якімовіча, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Прынцэса і салдат» У.Ягоўдзіка, «Дзед Мароз і Лясун» Л.Рублеўскай, «Зайка-зазнайка» С Міхалкова, «Папялушка» Т.Габэ, «Кот у ботах» С.Пракоф’ева і Г.Сапгіра.
С.М.Чыгрын.
Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Непаразуменне» А.Камю.Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Пакуль яна памірала» Н.Птушкінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Мікалай Мікалаевіч (15.6.1896, г. Саратаў, Расія — 25.9.1986),
савецкі фізік і фізікахімік; адзін з заснавальнікаў хім. фізікі, заснавальнікнавук. школы. Акад.АНСССР (1932, чл.-кар. 1929). Двойчы Герой Сац. Працы (1966, 1976). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). У 1920—31 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це. З 1931 дырэктар Ін-та хім. фізікі АНСССР. Адначасова праф. Ленінградскага політэхн. ін-та (з 1928) і Маскоўскага ун-та (з 1944). У 1957—71 акад.-сакратар Аддз.хім. навук, у 1963—71 віцэ-прэзідэнт АНСССР. З 1981 гал. рэдактар журнала «Химическая физика». Навук. працы па хім. фізіцы, хім. кінетыцы, тэорыі гарэння і выбуху, каталізе. Распрацаваў тэорыю цеплавога выбуху газавых сумесей. Адкрыў разгалінаваныя ланцуговыя рэакцыі (1926—28) і з’яву ланцуговага ўзгарання. Стварыў агульную колькасную тэорыю ланцуговых рэакцый (1930—34), паказаў іх распаўсюджанасць у хіміі (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Устанавіў механізм многіх складаных ланцуговых рэакцый, даследаваў уласцівасці свабодных атамаў і радыкалаў, што ўдзельнічаюць у элементарных стадыях ланцуговых працэсаў. Развіў ланцуговую тэорыю гетэрагеннага каталізу (разам з У.У.Ваяводскім, Ф.Ф.Валькенштэйнам). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з С.Н.Хіншэлвудам). Ленінская прэмія 1976. Яго імем названы Ін-тхім. фізікі Рас.АН.
Тв.:
Наука и общество: Статьи и речи. 2 изд. М., 1981;
Цепные реакции. 2 изд. М., 1986.
Літ.:
Н.Н.Семенов, 1896—1986. 3 изд. М., 1990;
Воспоминания об академике Н.Н.Семенове. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСАН (Thomson) Джозеф Джон (18.12.1856, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 30.8.1940),
англійскі фізік; адзін са стваральнікаў электроннай тэорыі металаў, заснавальнікміжнар.навук. школы фізікаў-эксперыментатараў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1884; у 1915—20 прэзідэнт). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1975). Бацька Дж. П.Томсана. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1880). У 1884—1919 праф. Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. З 1918 узначальваў Трыніты-каледж у Кембрыджы. Навук. працы па электрычнасці і магнетызме, вывучэнні эл. току ў газах, катодных і рэнтгенаўскіх прамянёў, атамнай фізіцы. Адкрыў электрон (1897) і вызначыў адносіны яго зараду да масы (1898). Прапанаваў адну з першых мадэлей атама (1903—04). Сканструяваў незалежна ад ням. фізіка К.Браўна электронна-прамянёвую трубку (1897). Прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра (1907) і метад парабал (1911) для вызначэння мас часціц у іонных пучках, што прывяло да стварэння мас-спектраметрыі. Атрымаў першыя эксперым. звесткі аб існаванні ізатопаў, адкрыў 2 ізатопы неону (1912). Нобелеўская прэмія 1906. Медалі імя Б.Франкліна (1923), імя М.Фарадэя.
Тв.:
Рус.пер. — Электричество и материя. М.; Л., 1928;
По ту сторону электрона. М, 1930.
Літ.:
Тимирязев А.К. Жизнь и труды Дж.Дж.Томсона // Успехи химии. 1941. Т. 10, вып. 1;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 292—298, 372—378;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ (Diderot) Дэні (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),
старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнікканфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л.найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.
Літ.:
Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;
Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЭ́ (Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),
французскі жывапісец; заснавальнікрэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.А.Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.
Літ.:
Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1970;
Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр.М., 1977;
Калитина Н. Г.Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя І.Мележа.
Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар.т-рагар. Дома культуры; да 1994 наз.Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.
У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар.тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).
В.А.Грыбайла.
Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ (Mussolini) Беніта Амількар Андрэа (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.