здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,
работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),
рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1980—81;
Бел.пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.
Літ.:
Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ТНАЯ ГЛЕ́БА,
штучнае пажыўнае асяроддзе для вырошчвання раслін; сумесь іанітаў (аніяніту і катыяніту), насычаных біягеннымі элементамі ў выглядзе іонаў. Створана ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі У.С.Салдатавым і Н.Р.Пёрышкінай (1966).
Распрацаваны розныя віды І.г. («Біёна»), якія адрозніваюцца іонаабменнікамі, іх іонным саставам і відам раўнаважнага пажыўнага раствору. Атрымана грануляваная, валакністая і ў выглядзе пенаматэрыялаў. Мае 4—8% (па масе) неабходных для раслін элементаў. 1 кг сухой І.г. (без унясення ўгнаенняў) дае 1—3 кг сырой (0,1—0,3 кг сухой) расліннай біямасы. Выкарыстоўваюць для вырошчвання раслін у ненатуральных умовах (на ледаколах, у касм. аранжарэях, хатнім раслінаводстве), у біялогіі для адаптацыі аслабленых раслін, чаранкавання (напр., бульбы, вінаграду і інш.), як высокаэфектыўнае ўгнаенне.
Літ.:
Солдатов В.С., Перышкина Н.Г. Искусственные почвы для растений. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс.га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС АБ ШЛЮ́БЕ І СЯМ’І́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КаШС),
адзіны сістэматызаваны заканад. акт Рэспублікі Беларусь, які змяшчае нормы, што рэгулююць шлюбныя і сямейныя адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 13.6.1969 і дзейнічае з 1.11.1969 з наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Складаецца з прэамбулы і 5 раздзелаў: агульныя палажэнні; шлюб; сям’я; акты цывільнага стану; прымяненне нац. заканадаўства аб шлюбе і сям’і да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама прымяненне законаў аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і міжнар. дагавораў і пагадненняў. Нормы КаШС устанаўліваюць парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, падставы яго спынення і прызнання несапраўдным, рэгулююць асабістыя і маёмасныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. родзічамі, рэгламентуюць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з усынаўленнем, апекай, папячыцельствам, запісам актаў цывільнага стану.
англійскі пісьменнік; заснавальнік т.зв. сенсацыйнага рамана. Па адукацыі юрыст. У літаратуры дэбютаваў жыццеапісаннем свайго бацькі-мастака (т. 1—2, 1848). Першы раман «Антаніна, ці Падзенне Рыма» (1850). Для раманаў «Базіль» (1852), «Жанчына ў белым» (1860), «Без імя» (1862), «Армадэль» (1866), «Месяцавы камень» (1868), «Муж і жонка» (1870) і інш. характэрна спалучэнне займальнасці, напружанай інтрыгі з меладраматызмам і пачуццёвасцю, выкарыстанне элементаў экзотыкі і псіхал. анамаліі, вядзенне апавядання ад імя некалькіх герояў. У сааўтарстве з Ч.Дзікенсам напісаў аповесці «Лянівае падарожжа двух вольных чаляднікаў» (1857), «У тупіку» (1867) і інш. Аўтар п’ес «Маяк» (1861; з Дзікенсам), «Чорнае і белае» (1869), «Змёрзлы вір» (1874) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М.,1992—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял. стану, пульсу, т-ры цела і інш).
Літ.:
Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.