РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).

Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)