комплекс дысцыплін, якія вывучаюць гісторыю, культуру і мову народаў, што адносяцца да хета-лувійскай моўнай групы індаеўрапейскай сям’і. Пачатак Х. пакладзены асірыёлагамі — англічанінам А.Сейсам, нарвежцам А.Кнудсанам і інш., якія выявілі факт існавання хецкай цывілізацыі (гл.Хеты, Хецкае царства). Практычнае яе даследаванне пачалося з раскопак у 1906 ням. археолагам Г.Вінклерам рэшткаў хецкай сталіцы г. Хатусас (гл.Багазкёй) і знаходкі ім каля 10 тыс. хецкіх тэкстаў. У 1915—17 чэш. вучоны Б.Грозны прачытаў хецкія клінапісныя тэксты і даказаў, што хецкая мова адносіцца да індаеўрап. моў. Прынцыпы філал. аналізу хецкіх тэкстаў закладзены ў 1920—24 ням. вучонымі Ф.Зомерам і Х.Эелольфам, развіты ў 1920—60-я г.ням. хетолагамі А.Гётцэ і І.Фрыдрыхам. Ням. археолагі на чале з К.Бітэлем у супрацоўніцтве з тур. вучонымі ў 1930-я г. вялі раскопкі ў Багазкёй. Хецкія тэксты вывучалі Х.Г.Гютэрбак (ЗША), Х.Отэн, А.Каменхубер (Германія), Э.Ларош (Францыя), П.Мерыджы (Італія), К.Балкан і Э.Акургал (Турцыя); з сав. вучоных — І.М.Дзьяканаў, Г.Г.Гіяргадзе, Э.А.Менабдзе, В.Ардзінба, І.М.Дунаеўская і інш.; на Беларусі — Г.І.Даўгяла.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Замаровский В. Тайны хеттов: Пер. со словац. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́Р АКАДЭМІ́ЧНЫ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Заслужаны акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1931 пры Бел. радыёцэнтры з б. удзельнікаў Беларускай дзяржаўнай капэлы, Бел.нар. хору і выпускнікоў Бел.муз. тэхнікума. У 1940 аб’яднаны з Харавой капэлай Беларускай філармоніі. З 1990 акадэмічны. З 2001 заслужаны. У даваен. час прапагандаваў бел.нар. песенную творчасць, творы бел. кампазітараў, садзейнічаў стварэнню нац.хар. рэпертуару. У розны час хорам кіравалі М.Маслаў (1940—41), Л.Бен (з 1944), Р.Пукст (з 1949), І.Кліёнскі (хормайстар, 1949—79), А.Зелянкова (1950—63), з 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор В.Роўда. Выканальніцкая манера калектыву адметная спалучэннем народнасці і акадэмізму, уменнем дасягаць яркай вобразнасці, захоўваць стыль і эпоху муз. твора. У рэпертуары творы сусв.хар. музыкі, у т. л. беларускай. Ажыццявіў фондавы запіс многіх (больш за 2000) сцэн., кантатна-аратарыяльных і хар. твораў бел. кампазітараў, апрацовак бел.нар. песень, у т. л. змешчаных у анталогіі «Беларускія народныя песні (для хору)» Р.Шырмы (т. 1—2, 1971—73) і інш. Сярод салістаў: Л.Каспорская, В.Прышчапёнак, Л.Кудзеля, Я.Кідуль, А.Лапіцкая, Р.Шытава, Н.Ясева і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Літ.:
Романовская Л.А. Хор Белорусского телевидения и радио. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІВУ́Н,
1) службовая асоба дваровай адміністрацыі ў Кіеўскай Русі, якая кіравала гасп. справамі і ажыццяўляла суд па цывільных справах. З «Рускай праўды» вядомы Ц. вогнішчавы, канюшы, сельскі, ратайны.
2) У ВКЛ кіраўнік феад. двара-маёнтка. У 15 ст. Ц. прызначаў вял. князь для кіраўніцтва велікакняжацкімі дварамі з валасцямі, якія не былі судова-адм. адзінкамі. У іх кампетэнцыю ўваходзіла вядзенне дваровай гаспадаркі, збор даніны і інш. павіннасцей з валаснога насельніцтва, а таксама суд над ім (мясц. шляхта не падлягала юрысдыкцыі Ц.). З пач. 16 ст. такія Ц. пачалі звацца дзяржаўцамі. Старая назва захавалася толькі за Ц. віленскім, троцкім і жамойцкім.
3) У ВКЛ Ц. (гуменнікі) — катэгорыя сялян-слуг (гл.Слугі), якія загадвалі вядзеннем панскай дваровай гаспадаркі. Яны адказвалі за зберажэнне і расход збожжа, гадоўлю пры двары жывёлы і інш. Як прадстаўнік уласнага маёнтка Ц. прысутнічаў на судзе трымальніка ўладання, судзіў простых людзей, сачыў за працай сялян у маёнтку і інш. Ц. з сялян, чэлядзі дваровай, часам са шляхты прызначаў уласнік маёнтка (ці яго прадстаўнік). За выкананне абавязкаў Ц. даваўся вольны ад павіннасцей надзел зямлі або яго надзел вызваляўся ад інш. павіннасцей. Акрамя гэтага, у 17—18 ст. Ц. атрымліваў грашовае і натуральнае ўтрыманне або толькі натуральнае ўтрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНА́ЎЧЫЦЫ,
вёска ў Брэсцкім р-не на аўтадарозе Брэст—Камянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад Брэста. 2380 ж., 884 двары (2003). З-д жалезабетонных вырабаў, ПМК-55, вучэбны цэнтр Брэсцкага аблсельгасхарча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Свята-Параскева-Пятніцкая (Пакроўская) царква (1733).
Вядомы з пач. 15 ст. У 1421 у Ч. заснаваны касцёл. У 1487 баярын Іван Іллініч абмяняў свае вотчыны на дзярж. маёнтак Ч., які заставаўся ў родзе Іллінічаў да 2-й пал. 16 ст. Пасля смерці ў 1569 Юрыя Іллініча Ч. перайшлі да Радзівілаў, да пач. 19 ст. Чарнаўчыцкае графства — цэнтр радзівілаўскага маёнтка. У 16—18 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав.ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—574 ж., 71 двор, школа, 2 правасл. царквы, яўр. малітоўны дом, сінагога. З 1921 у Польшчы, вёска ў Турненскай гміне Брэсцкага пав. Палескага ваяв., 149 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска ў Брэсцкім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШО́Ў Уладзімір Фёдаравіч (н. 15.12.1939, с. Чардым Лапацінскага р-на Пензенскай вобл., Расія),
бел. мастак тэатра і кіно. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1995—2001 гал. мастак Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага. З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры, з 1997 у Бел.АМ. Мастак-пастаноўшчык тэлевізійных маст. фільмаў «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў», «Бераг прынцэсы Люські» (абодва 1969), «Спяшайся будаваць дом» (1970), «Побач з камісарам» (1978), «Купалава ноч», «Зацюканы апостал» (абодва 1982), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984), «Халады ў пачатку вясны» (1985), «Выклік» (1986), «Пушча» (1988), «Свечка» (1990), «Інтэрпол» (1991); маст. кінафільмаў «Вялікі трамплін» (1974), «Сямейныя абставіны» (1977), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Белавусавым), «Запіскі юнага ўрача» (1991) і інш. Аформіў спектаклі ў т-ры імя М.Горкага: «У прыцемках» А.Дударава (1996), «Браты Моар» Ф.Шылера, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «На залатым возеры» Э.Томпсана (усе 1997), «Перпетуум мобіле, альбо Вечар яўрэйскага анекдота» Б.Луцэнкі (1998), «Калігула» А.Камю (2002). Сярод жывапісных работ «Двор. Вільня» (1966), «На цімкавіцкай мяжы» (1981), «Святы дуб» (1988). Аўтар партрэтаў, графічнай серыі «Па святых месцах» (1991) і інш. Творы вылучаюцца эмацыянальнасцю, рытмічнасцю кампазіцыйнай пабудовы, колеравай насычанасцю, глыбінёй прасторавага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАМЕ́ЦЕВЫ,
баярскі, з 1706 графскі род у Расіі 15 — пач. 20 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя ваен. і дзярж. пасады, былі вядомымі мецэнатамі і дабрачынцамі. З малодшай лініі роду маскоўскага баярына 14 ст. Андрэя Кабылы (выхадзец з ВКЛ, продак Раманавых і інш. баярскіх фамілій). Заснавальнік роду Андрэй Канстанцінавіч Шарамет, пяцёра ўнукаў якога ў сярэдзіне 16 ст. атрымалі баярства. Найбуйнейшыя землеўладальнікі (у 1861 мелі 800 тыс. дзесяцін зямлі, 300 тыс. прыгонных сялян). З іх найб. вядомы: Іван Васілевіч Вялікі (?—1577), баярын (з 1550), ваявода, чл.Выбранай рады, у гады апрычніны ўплывовы чл. Земскай баярскай думы. Фёдар Іванавіч Ш. (?—1650), баярын, ваявода, фактычны кіраўнік рас. ўрада ў 1642—45. Васіль Пятровіч Ш. (?—?), баярын, ваявода, у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў рас. арміяй на тэр. Беларусі, якая ў 1654 заняла Полацк, Віцебск, Дзісну, Друю. Барыс Пятровіч Ш. (1652—1719), гл.Шарамецеў Б.П. Пётр Барысавіч Ш.(1713—88), сын Барыса Пятровіча, граф, ген.-аншэф (1760), обер-камергер (1761). Уладальнік сядзіб Кускова і Астанкіна. Стварыў балетную і жывапісную школы, прыгонны тэатр, сабраў найкаштоўнейшыя калекцыі прадметаў мастацтва.
Мікалай Пятровіч Ш. (1751—1809), сын Пятра Барысавіча, граф, обер-камергер (1798). Пасля смерці жонкі, б. прыгоннай П.І.Жамчуговайзасн. у Маскве багадзельню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАШО́ВА,
гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Левая Лясная (бас.р.Зах. Буг). За 20 км на З ад г. Пружаны, 32 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Брэст—Баранавічы, 97 км ад Брэста. 2,2 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: званіца (1799), Шарашоўская Петрапаўлаўская царква, Свята-Мікалаеўская царква (1872), касцёл Прасвятой Тройцы (1830—40-я г.).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1380 як вёска. У пач. 16 ст. ўладанне берасцейскага старосты Ю.Іллініча. У 1536 Ш. купіла каралева Бона і дала яму гар. правы (пазбаўлена ў 1776). Было ў складзе Камянецкага, з 1566 Берасцейскага пав. Цэнтр нягродавага староства. У 16 ст. тут створана Шарашоўскае евангелле. З 1795 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пружанскага пав. Гродзенскай губ. У 1824 пабудавана Петрапаўлаўская царква. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны Пружанскага пав. Палескага ваяв. З вер. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Шарашоўскага раёна Брэсцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 1992 чал. З 17.12.1956 у Пружанскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ЛЬЦЭ-БО́ЙЗЕНА—ХА́РНАКА АРГАНІЗА́ЦЫЯ,
падпольная антыфаш. арг-цыя ў Германіі ў 1938—42. Створана ў 1938—39 у выніку аб’яднання падп. груп пад кіраўніцтвам беспарт. антыфашыстаў обер-лейт. Х.Шульцэ-Бойзена (служыў у мін-ве авіяцыі) і ўрадавага саветніка эканаміста А.Харнака. Уваходзілі камуністы, сацыял-дэмакраты, беспартыйныя (усяго больш за 200 чал.). Дзейнічала ў Берліне, дзе мела сувязі з антыфашыстамі на ваен. прадпрыемствах і ў кіруючых органах вермахта, падтрымлівала кантакты з падп. групамі ў Эсэне, Лейпцыгу, Гамбургу і інш. гарадах. Падпольшчыкі здзяйснялі сабатаж на ваен. прадпрыемствах, вялі антыфаш. прапаганду, дапамагалі збеглым вязням канцлагераў. У 1941 яны звязаліся з сав. разведкай і да восені 1942 перадавалі па радыё ў Маскву каштоўныя звесткі, у т. л. аб планах гітлераўскага камандавання. Апіраючыся на гэтую і інш. антыфаш. арг-цыі, сав. разведка стварыла ў Германіі і акупіраваных ёй краінах Еўропы сетку сваіх рэзідэнтур, якая пазней атрымала назву «Чырвоная капэла». У жн.—вер. 1942 Ш.-Б.—Х.а. разгромлена гестапа: 49 чал., у т. л. кіраўнікі, пакараны смерцю, некалькі скончылі самагубствам. Пасля вайны многія падпольшчыкі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі СССР.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1975. Т. 4. С. 226;
Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Советская разведка против абвера и гестапо. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),
бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук.т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел.нац. аб’яднання (гл.Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час.«Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.Драздовіча, Ш.Руставелі, Т.Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.Гарэцкага, А.Гурыновіча, М.Забэйду-Суміцкага, Я.Карскага, А.Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр.навук.б-цы Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСХАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. eschatos апошні, канцавы + ...логія),
у рэлігійных светапоглядных сістэмах вучэнне аб канчатковым лёсе свету, чалавецтва і чалавека. Адрозніваюць індывідуальную Э. — вучэнне аб пасмяротным лёсе адзінкавай чалавечай душы і універсальную, сусветную Э. — вучэнне аб мэце і прызначэнні касм. і чалавечай гісторыі, аб канцы і аб тым, што пасля гэтага будзе. Асаблівая роля ў распрацоўцы традыцыі індывід. Э. належыць стараж. Егіпту (трактоўка замагільнага жыцця як станоўчага быцця), а ў станаўленні сусв. Э. — стараж. Ізраілю, потым іудаізму (асэнсаванне ўсяленскай гісторыі як разумнага працэсу, які накіроўваецца воляй асабістага Бога). Э. фарміруецца толькі там, дзе адбываецца абгрунтаванне магчымасці пазітыўнага рашэння асабістых і ўсяленскіх лёсаў у нейкай абсалютнай перспектыве, дзе рух з мінулага ў будучыню разглядаецца як набліжэнне да канчатковай мэты светабудовы, да сканчэння часу і зліцця яго з вечнасцю. Вучэнні, якія зыходзілі з цыклічнай канцэпцыі сусв. працэсаў (напр., брахманісцкія і піфагарэйска-стаічныя дактрыны вечнага вяртання і сусв. года), не маглі стварыць Э. ў сапраўдным яе значэнні. Сама ідэя кругавароту выключае нешта канечнае: бо ў светабудовы няма ні мэты, ні абсалютнага канца. Эсхаталагічныя матывы можна выявіць у шэрагу свецкіх ідэалагічных праектыўных пабудоў новага і найноўшага часу: амер.пурытанізму, утапічнага і марксісцкага камунізму, нацысцкай міфалагемы «тысячагадовага рэйха» і да т.п.