ШАРАМЕ́ЦЕВЫ,

баярскі, з 1706 графскі род у Расіі 15 — пач. 20 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя ваен. і дзярж. пасады, былі вядомымі мецэнатамі і дабрачынцамі. З малодшай лініі роду маскоўскага баярына 14 ст. Андрэя Кабылы (выхадзец з ВКЛ, продак Раманавых і інш. баярскіх фамілій). Заснавальнік роду Андрэй Канстанцінавіч Шарамет, пяцёра ўнукаў якога ў сярэдзіне 16 ст. атрымалі баярства. Найбуйнейшыя землеўладальнікі (у 1861 мелі 800 тыс. дзесяцін зямлі, 300 тыс. прыгонных сялян). З іх найб. вядомы: Іван Васілевіч Вялікі (?—1577), баярын (з 1550), ваявода, чл. Выбранай рады, у гады апрычніны ўплывовы чл. Земскай баярскай думы. Фёдар Іванавіч Ш. (?—1650), баярын, ваявода, фактычны кіраўнік рас. ўрада ў 1642—45. Васіль Пятровіч Ш. (?—?), баярын, ваявода, у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў рас. арміяй на тэр. Беларусі, якая ў 1654 заняла Полацк, Віцебск, Дзісну, Друю. Барыс Пятровіч Ш. (1652—1719), гл. Шарамецеў Б.П. Пётр Барысавіч Ш.(1713—88), сын Барыса Пятровіча, граф, ген.-аншэф (1760), обер-камергер (1761). Уладальнік сядзіб Кускова і Астанкіна. Стварыў балетную і жывапісную школы, прыгонны тэатр, сабраў найкаштоўнейшыя калекцыі прадметаў мастацтва.

Мікалай Пятровіч Ш. (1751—1809), сын Пятра Барысавіча, граф, обер-камергер (1798). Пасля смерці жонкі, б. прыгоннай П.І.Жамчуговай засн. у Маскве багадзельню.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)