ШАРАШО́ВА,

гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Левая Лясная (бас. р. Зах. Буг). За 20 км на З ад г. Пружаны, 32 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Брэст—Баранавічы, 97 км ад Брэста. 2,2 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: званіца (1799), Шарашоўская Петрапаўлаўская царква, Свята-Мікалаеўская царква (1872), касцёл Прасвятой Тройцы (1830—40-я г.).

У пісьмовых крыніцах вядома з 1380 як вёска. У пач. 16 ст. ўладанне берасцейскага старосты Ю.​Іллініча. У 1536 Ш. купіла каралева Бона і дала яму гар. правы (пазбаўлена ў 1776). Было ў складзе Камянецкага, з 1566 Берасцейскага пав. Цэнтр нягродавага староства. У 16 ст. тут створана Шарашоўскае евангелле. З 1795 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пружанскага пав. Гродзенскай губ. У 1824 пабудавана Петрапаўлаўская царква. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны Пружанскага пав. Палескага ваяв. З вер. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Шарашоўскага раёна Брэсцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з 23.6.1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 1992 чал. З 17.12.1956 у Пружанскім р-не.

т. 17, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)